Зварот да беларусаў і расіян з нагоды Дня яднання народаў Беларусі і Расіі

    Дарагія беларусы і расіяне!

    Дзень яднання народаў Беларусі і Расіі сімвалізуе цвёрдую прыхільнасць нашых краін да шматвяковай дружбы і агульных духоўных каштоўнасцей. Непадзельная спадчына мінулага, у якой былі Вялікая Перамога і стваральная праца некалькіх пакаленняў, абумовіла лёсавызначальнае рашэнне разам будаваць сваю будучыню.

    У гэтым годзе спаўняецца дваццаць гадоў з дня падпісання Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы. Гэты адносна невялікі гістарычны перыяд адзначаны важкімі дасягненнямі ў многіх галінах супрацоўніцтва, напоўнены бясцэнным вопытам эфектыўнага вырашэння жыццёва важных задач.

    Закладзеныя ў аснову нашага яднання прынцыпы ўзаемнага даверу і раўнапраўя даюць магчымасць праводзіць узгодненую знешнюю палітыку, паспяхова змагацца з сучаснымі выклікамі і пагрозамі. Саюзнае будаўніцтва забяспечвае захаванне агульнай гуманітарнай прасторы, паглыбленне ўсебаковых культурных сувязей, падтрыманне цёплых чалавечых адносін.

    Рэальныя перавагі Саюза сёння адчуваюць мільёны беларусаў і расіян. Паміж нашымі краінамі няма адчужанасці, ёсць свабода перамяшчэння і працаўладкавання, сацыяльныя гарантыі, роўны доступ да медыцынскіх паслуг і адукацыі.

    Неабходна і далей пашыраць беларуска-расійскае супрацоўніцтва. Сур'ёзнаму росту глабальнай канкурэнцыі, узмацненню пратэкцыянізму і ізаляцыянізму мы павінны проціпаставіць сапраўдную інтэграцыю, рашучае ўстараненне штучных бар'ераў і абмежаванняў у эканоміцы, рэалізацыю маштабных праектаў.

    Перакананы, што разам нам гэта па сілах.

    Дарагія сябры!

    Прыміце сардэчныя віншаванні з Днём яднання Беларусі і Расіі і найлепшыя пажаданні добрага здароўя, шчасця і дабрабыту.

    Няхай у нашым брацкім Саюзе заўсёды пануюць мір, згода і ўзаемны давер!

    Аляксандр Лукашэнка