Завяршыўся афіцыйны візіт у Беларусь Прэзідэнта Туркменістана

    Прэзідэнты Беларусі і Туркменістана 28 красавіка прадоўжылі сустрэчу ў нефармальнай абстаноўцы. Кіраўнік беларускай дзяржавы прыехаў у Нацыянальны аэрапорт Мінск праводзіць Гурбангулы Бердымухамедава.

    Аляксандр Лукашэнка і Гурбангулы Бердымухамедаў у ходзе сённяшняй сустрэчы абмеркавалі вынікі праведзеных перагавораў і абмяняліся думкамі па шэрагу пытанняў двухбаковага супрацоўніцтва і ўзаемадзеяння ў міжнародных арганізацыях.

    Кіраўнікі дзяржаў таксама паразмаўлялі ў аэрапорце з туркменістанскімі студэнтамі. Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз пацвердзіў гатоўнасць прымаць на вучобу ў беларускія навучальныя ўстановы туркменістанскую моладзь.

    Прэзідэнты Беларусі і Туркменістана заявілі таксама аб цвёрдым намеры прадоўжыць існуючую практыку рэгулярных двухбаковых сустрэч на вышэйшым узроўні.

    Прэзідэнт Туркменістана знаходзіўся ў Мінску з афіцыйным візітам 27-28 красавіка. Па выніках перагавораў на вышэйшым узроўні быў падпісаны шэраг дакументаў, сярод якіх сумеснае камюніке, дзе, у прыватнасці, гаворыцца аб зацікаўленасці Беларусі і Туркменістана ў доўгатэрміновым узаемавыгадным супрацоўніцтве.