Завяршыўся афіцыйны візіт Прэзідэнта Азербайджана Ільхама Аліева

    Беларусь і Азербайджан дамовіліся прапрацаваць магчымасць сумеснага экспарту тавараў на рынкі трэціх краін. Гэту тэму 29 жніўня абмеркавалі Кіраўнік беларускай дзяржавы Аляксандр Лукашэнка і азербайджанскі лідар Ільхам Аліеў.

    Прэзідэнт Беларусі асабіста праводзіў высокага азербайджанскага госця ў Нацыянальным аэрапорце Мінск, дзе і адбылася іх размова, якая падвяла вынік афіцыйнага двухдзённага візіту Ільхама Аліева.

    Беларусь зацікаўлена ў пашырэнні наменклатуры ўзаемных таварных паставак з Азербайджанам, заявіў Аляксандр Лукашэнка. Кіраўнік беларускай дзяржавы падкрэсліў, што напярэдадні адбыліся інтэнсіўныя і плённыя перагаворы на вышэйшым узроўні, у ходзе якіх з'явіліся новыя прапановы па пашырэнню беларуска-азербайджанскага ўзаемадзеяння па многіх напрамках. Бакі дамовіліся аб прыездзе ў Баку восенню беларускай дэлегацыі і дэталёвым абмеркаванні тых ініцыятыў, аб якіх ішла размова ў ходзе візіту ў Мінск азербайджанскага лідара. "Трэба будзе "аслупаваць", якім шляхам, у якім напрамку рухацца далей", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Гэта датычыцца новых вытворчасцей, сфер будаўніцтва, сельскай гаспадаркі, фармацэўтыкі.

    "Шчыра кажучы, вядома, мы хацелі б, каб беларускія тавары, узровень якасці якіх адпавядае сусветнаму, прысутнічалі на азербайджанскім рынку. Мы ў сваю чаргу аддадзім перавагу ў Беларусі азербайджанскім таварам пры ўсіх роўных умовах", - прадоўжыў Прэзідэнт Беларусі. Ён удакладніў: "Лічу, у гэтым ёсць вялікі сэнс, калі ў нас няма ніякіх перашкод ва ўзаемным гандлі".

    У сувязі з гэтым Ільхам Аліеў заўважыў, што ў Азербайджане высока цэняць якасць беларускіх тавараў і маюць намер актыўна пашыраць іх імпарт.

    Азербайджанскі лідар падзякаваў Аляксандру Лукашэнку за гасціннасць і высока ацаніў вынікі праведзенага афіцыйнага візіту ў Мінск. "Мы з вамі абмеркавалі шмат пытанняў, перш за ўсё двухбаковага фармату адносін, і бачым вялікі патэнцыял далейшага развіцця супрацоўніцтва", - сказаў Ільхам Аліеў.

    Ён лічыць, што ўжо шмат зроблена ў двухбаковых сувязях за даволі кароткі перыяд: у нарошчванні ўзаемнага тавараабароту, ва ўзаемадзеянні ў прамысловай вытворчасці, энергетыцы. "Мы пратэсціравалі розныя шляхі дастаўкі энергарэсурсаў, якія яшчэ нядаўна былі фантастычныя, і ўсё гэта ўжо стала рэальнасцю", - сказаў азербайджанскі Прэзідэнт.

    На яго думку, адзін з галоўных вынікаў візіту - вызначэнне новых шляхоў супрацоўніцтва ў бізнесе і ўзаемным гандлі. Дарэчы, акрамя раней запланаваных мерапрыемстваў, члены азербайджанскай дэлегацыі наведалі размешчаны побач з Мінскам малочнатаварны комплекс, азнаёміліся з беларускім вопытам развіцця жывёлагадоўлі, які, магчыма, будзе выкарыстаны ў Азербайджане.

    Ільхам Аліеў рэзюмаваў, што ёсць шмат сфер, якія пакуль яшчэ не задзейнічаны ў двухбаковых адносінах і дзе ёсць вялікія перспектывы.

    Прэзідэнт Азербайджана таксама падкрэсліў: "Вопыт рэалізацыі праектаў з Беларуссю - унікальны. Тэрміны ад прыняцця рашэнняў да іх ажыццяўлення - вельмі сціслыя. Механізмы прыняцця рашэнняў і кантролю ў абедзвюх краінах - ідэнтычныя".

    На думку Ільхама Аліева, самае галоўнае, што ёсць, - вялікае ўзаемнае жаданне і ў далейшым развіваць адносіны па ўсіх напрамках. Ён выказаў упэўненасць, што ў будучым у Азербайджана і Беларусі з'явіцца шмат новых сумесных праектаў.

    У сувязі з гэтым ён заўважыў: "У Азербайджане ўжо ведаюць беларускую якасць, і мы пры роўных умовах будзем аддаваць перавагу беларускім вытворцам, што і прадугледжваюць нашы дружалюбныя адносіны".

    Аляксандр Лукашэнка і Ільхам Аліеў дамовіліся арыентавацца на сумесны экспарт тавараў на рынкі трэціх краін.

    Прэзідэнт Беларусі прапанаваў: "Мы хочам у Закаўказзе праз Азербайджан, аўтарытэт якога ў рэгіёне вельмі высокі, сумесна выйсці на рынкі іншых, у тым ліку суседніх, краін. Размова, напрыклад, ідзе пра Іран і Турцыю". Кіраўнік беларускай дзяржавы ўдакладніў: "Мы хочам разам з Азербайджанам не толькі з беларускімі, але і з азербайджанскімі, і з сумесна вырабленымі таварамі выйсці на рынкі іншых краін у рэгіёне. Гэта быў бы значны прарыў і вялікая выгада".

    Ільхам Аліеў падтрымаў гэту прапанову. "Мы зацікаўлены ў гэтым, бо праз пэўны час наш унутраны рынак будзе забяспечаны ўнутранай вытворчасцю. Такую задачу мы паставілі, і пытанне выхаду на знешнія рынкі, тэма экспартнага патэнцыялу будзе стаяць вельмі востра, калі мы хочам развівацца далей. А мы, зразумела, хочам", - сказаў Прэзідэнт Азербайджана.

    "Я вітаю ваша рашэнне па прыярытэтнаму супрацоўніцтву Беларусі з Азербайджанам, і для гэтага ёсць усе перадумовы. Разам мы можам зрабіць шмат", - лічыць азербайджанскі лідар.

    Ён падкрэсліў, што тэма арыентаванасці на рынкі трэціх краін будзе абмяркоўвацца на наступным пасяджэнні сумеснай беларуска-азербайджанскай гандлёва-эканамічнай камісіі, якое ў будучым годзе, як плануецца, пройдзе ў Баку. "Там будуць разглядацца дасягнутыя ў Мінску на вышэйшым узроўні дамоўленасці і будзе прааналізавана магчымасць сумеснага выхаду на рынкі трэціх краін", - адзначыў Ільхам Аліеў.

    Азербайджанскі лідар сказаў, што з вялікім аптымізмам і вялікімі планамі вяртаецца з Мінска і ўжо ў Баку дасць неабходныя ўказанні ўраду, каб усе рашэнні былі ажыццёўлены ў тэрмін.

    Аляксандр Лукашэнка запэўніў, што беларускі бок у сваю чаргу будзе дакладна і своечасова выконваць усе дамоўленасці з Азербайджанам.