Завяршыўся рабочы візіт Аляксандра Лукашэнкі ў Расійскую Федэрацыю

    Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка, знаходзячыся з рабочым візітам у Расійскай Федэрацыі, 20 сакавіка сустрэўся з мэрам Масквы Сяргеем Сабяніным.

    Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь гатова да пашырэння гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва з Масквой. У час перагавораў бакі дамовіліся аб далейшых перспектывах супрацоўніцтва, а таксама аб стварэнні сумеснай групы на ўзроўні Урада для развіцця ўзаемадзеяння. "І ў рамках гэтай групы, я запрасіў яе прыехаць у Мінск, мы вырашым усе пытанні", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

    Гаворачы аб тавараабароце паміж Беларуссю і Масквой, які па выніках 2011 года павялічыўся больш як на 26% і перасягнуў $4,1 млрд., Прэзідэнт канстатаваў, што тым не менш бакі пакуль не дасягнулі гістарычнага ўзроўню. "Некалі ў нас быў тавараабарот большы за $5 млрд. Таму нам ёсць куды рухацца ў гэтым плане", - адзначыў беларускі лідар.

    "Для мяне галоўнае сёння было пачуць ад вас, што Беларусь не чужая для Масквы, і мы, як і раней, будзем супрацоўнічаць з вамі і знаходзіць больш ступеней развіцця ў гэтым супрацоўніцтве. Мы да гэтага гатовы, і, паверце, вы не пашкадуеце, што пайшлі на такое супрацоўніцтва, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Мы ўсё зробім для таго, каб масквічы з задавальненнем куплялі нашы тавары. У сваю чаргу і мы чакаем масквічоў з вялікімі інвестыцыямі. Мы з задавальненнем будзем рабіць усё для пашырэння гэтага супрацоўніцтва".

    "Я вам удзячны за тое, што вы прагматычна і стратэгічна падышлі да гэтых пытанняў, згадзіліся не разбураць напрацаванае, каб мы на ўзроўні Урада Беларусі супрацоўнічалі з Масквой", - сказаў Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да Сяргея Сабяніна.

    У сваю чаргу мэр Масквы адзначыў, што Беларусь і расійскую сталіцу звязваюць вельмі цесныя, выбудаваныя гадамі адносіны. Мэр Масквы выказаў упэўненасць, што бакі і ў далейшым будуць нарошчваць аб'ёмы гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва. У якасці прыкладу ён упамянуў кантракт, заключаны ў мінулым годзе на пастаўку ў Маскву беларускіх тралейбусаў. Таксама, паводле яго слоў, захаваліся цесныя сувязі ў галіне культуры і адукацыі.

    "Мы плануем у бліжэйшы час заключыць новы план узаемаадносін на сучасным этапе паміж Беларуссю і Масквой на 2013-2016 гады. Думаю, што будзе правільна, калі гэтыя адносіны, як і раней, будуць выбудаваны на высокім узроўні - на ўзроўні Урада Беларусі", - сказаў Сяргей Сабянін.

    Акрамя таго, мэр Масквы адзначыў, што ў бягучым годзе ў двухбаковым супрацоўніцтве чакаюцца знакавыя падзеі, якія падкрэсляць значнасць намераў да развіцця ўзаемавыгадных сувязей. Паводле яго слоў, у бягучым годзе Беларусь плануе адкрыць новы выставачны комплекс на ВДНГ, дзе можна будзе азнаёміцца з шырокім спектрам беларускіх тавараў. У кастрычніку ў Беларусі пройдуць Дні Масквы.

    Затым Аляксандр Лукашэнка прыняў удзел у нефармальным снеданні ад імя Прэзідэнта Расіі Дзмітрыя Мядзведзева. На мерапрыемстве прысутнічалі кіраўнікі дзяржаў - членаў Еўразійскага эканамічнага супольніцтва і лідары краін-наглядальніц (Украіна, Арменія, Малдова), а таксама Прэм'ер-міністр Расіі Уладзімір Пуцін.

    Кіраўнікі дзяржаў прадоўжылі абмеркаванне пытанняў інтэграцыі і супрацоўніцтва, якія былі на парадку дня праведзенага напярэдадні саміту ЕўрАзЭС.

    У той жа дзень Прэзідэнт Беларусі сустрэўся з жонкай першага Прэзідэнта Расіі Наінай Ельцынай.

    Кіраўнік беларускай дзяржавы яшчэ раз павіншаваў Наіну Ельцыну з юбілеем, які яна нядаўна адзначыла.

    Перад вылетам у Мінск Аляксандр Лукашэнка даў інтэрв'ю тэлекампаніі "Russia Today". У час размовы былі закрануты такія тэмы, як вынікі саміту ЕўрАзЭС у Маскве, погляды Беларусі на фарміраванне Адзінай эканамічнай прасторы Беларусі, Казахстана і Расіі, ацэнка эфектыўнасці Мытнага саюза, справядлівасць прыгавору тэрарыстам і месца правядзення чэмпіянату свету па хакеі ў 2014 годзе.

    "Гэта чыста палітызаваны працэс, ён нічога не мае агульнага са спортам. І калі такое здарыцца, гэта будзе ўдар па іміджы сусветнай федэрацыі хакея. Беларусь заслужыла гэты чэмпіянат", - сказаў Кіраўнік дзяржавы, адказваючы на пытанне аб магчымасці пераносу месца правядзення чэмпіянату свету па хакеі ў 2014 годзе.

    Што датычыцца сумненняў некаторых заходніх СМІ і асобных палітыкаў адносна справядлівасці вынесенага прыгавору тэрарыстам, то Прэзідэнт адзначыў: "Гэта быў абсалютна празрысты працэс ад пачатку да канца. У супрацоўнікаў ФСБ Расіі, ізраільскага МАССАДа і Інтэрпала, якія прымалі ўдзел на ўсіх этапах следства, ні на адным этапе не ўзнікла ніякіх пытанняў і сумненняў".

    У час інтэрв’ю размова ішла таксама аб праведзеным напярэдадні пасяджэнні Міждзяржсавета ЕўрАзЭС. Асноўнай тэмай парадку дня было абмеркаванне праекта Дагавора аб пераўтварэнні ЕўрАзЭС і фарміраванні на яго аснове новага інтэграцыйнага аб'яднання. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь падтрымала праект Дагавора і была гатова яго падпісаць. Аднак ён не быў падтрыманы іншымі ўдзельнікамі Супольніцтва.

    Тэлеканал "Russia Today" - першы англамоўны інфармацыйны канал у Расіі. Кожны дзень і кругласутачна ў яго эфіры трансліруюцца самыя важныя навіны палітыкі, эканомікі, грамадскага жыцця не толькі Расіі, але і Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі.

    Поўная версія інтэрв'ю будзе паказана ў чацвер, 22 сакавіка, на тэлеканале "Беларусь 1" пасля праграмы "Панарама".