Зацвярджэнне рашэння на ахову дзяржаўнай граніцы
- 1
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 14 студзеня правёў нараду з выпадку зацвярджэння рашэння на ахову дзяржаўнай граніцы органамі пагранічнай службы ў 2016 годзе.
У час нарады асноўны акцэнт быў зроблены на эканамічным складніку пытання. Так, Кіраўніку Адміністрацыі Прэзідэнта Аляксандру Косінцу было даручана стварыць групу незалежных спецыялістаў, якія вывучаць, як выкананы даручэнні Кіраўніка дзяржавы па ахове эканамічных інтарэсаў на граніцы, у тым ліку ў частцы абароны ўнутранага рынку.
У сувязі з гэтым Прэзідэнт у прыватнасці закрануў сітуацыю з індывідуальнымі прадпрымальнікамі. Сітуацыя вакол таго, што з 1 студзеня 2016 года ІП павінны мець суправаджальныя дакументы на тавар, штучна нагнятаецца. "Ім трэба разумець, што сертыфікацыя прадукцыі, на якую мы пайшлі, - гэта першы крок. Ёсць тавар - усе суправаджальныя дакументы павінны быць. Мы павінны празрыста гандляваць, і хопіць вакол гэтага нейкія падкопы рабіць", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт выказаў занепакоенасць наконт таго, што спажывецкі рынак наводнены імпартнымі таварамі. Для вырашэння гэтай праблемы неабходна актывізаваць уласную прамысловасць і малы бізнес. Кіраўнік дзяржавы ўпэўнены, што ім пад сілу вырабляць прадукцыю, якая будзе не горшай за імпартную і таннейшай за яе.
Аляксандр Лукашэнка назваў аспекты знешняй абстаноўкі, якія патрабуюць асаблівай увагі. У іх ліку - змяненне правіл гандлю паміж Украінай, ЕС і Расіяй. Кіраўнік дзяржавы абазначыў пазіцыю Беларусі па гэтым пытанні. Наша краіна, з аднаго боку, выканае свае абавязацельствы ў рамках Еўразійскага эканамічнага саюза перад Расійскай Федэрацыяй і забяспечыць празрыстасць транзіту ўкраінскіх тавараў у трэція краіны. З іншага - Беларусь не мае намеру абмяжоўваць свой гандаль з Украінай.
![]()
Прэзідэнт акцэнтаваў увагу таксама на трывожнай і небяспечнай сусветнай тэндэнцыі росту патокаў незаконнай міграцыі, кантрабанды, тавараў, зброі і наркотыкаў.
Гаворачы ў прыватнасці аб міграцыйным крызісе ў Еўропе, беларускі лідар канстатаваў, што яна захліпнулася ад патоку мігрантаў. Аляксандр Лукашэнка выказаў упэўненасць, што ў Беларусі такая сітуацыя немагчыма. Аднак для гэтага трэба працаваць, захоўваючы дзеючую палітыку адносна мігрантаў. Як адзначыў Прэзідэнт, у Беларусі кожнага чалавека, які прэтэндуе на тое, каб жыць у краіне, будуць разглядаць, вобразна кажучы, пад павелічальным шклом.
Закранаючы пытанне спрашчэння перасячэння дзяржаўнай граніцы, Прэзідэнт падкрэсліў, што ў пунктах пропуску, безумоўна, трэба пазбаўляцца ад чэргаў, трэба таксама аблягчаць пагранічныя працэдуры. "Але ўсе рашэнні па спрошчаным парадку дзеянняў павінны рэалізоўвацца выключна на аснове захавання нацыянальных інтарэсаў", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Па выніках нарады Прэзідэнт зацвердзіў рашэнне на ахову дзяржаўнай граніцы. Акрамя таго, Кіраўніком дзяржавы быў дадзены шэраг даручэнняў, у тым ліку па арганізацыі вучэнняў органаў пагранічнай службы, уладкаванні граніцы інжынернымі збудаваннямі.
![]()