Зацверджаны параметры прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця і Асноўныя напрамкі грашова-крэдытнай палітыкі Беларусі на 2014 год
Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка зацвердзіў важнейшыя параметры прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця і Асноўныя напрамкі грашова-крэдытнай палітыкі Беларусі на 2014 год. Адпаведныя ўказы Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь падпісаў 31 снежня.
У прыватнасці, запланаваны рост валавога ўнутранага прадукту на 3,3%, прадукцыйнасці працы (па валавому ўнутранаму прадукту) - на 6,9%, экспарту тавараў і паслуг - на 8,6%.
Сальда знешняга гандлю таварамі і паслугамі чакаецца дадатным на ўзроўні 0,1% да валавога ўнутранага прадукту.
Інвестыцыйная палітыка ў 2014 годзе будзе накіравана на паляпшэнне інвестыцыйнага клімату, пры гэтым прыцягненне прамых замежных інвестыцый на чыстай аснове прагназуецца ў аб'ёме $4,5 млрд.
У 2014 годзе прадоўжыцца рэалізацыя мерапрыемстваў па эканоміі рэсурсаў, скарачэнню затрат на вытворчасць і рэалізацыю прадукцыі, у выніку якіх энергаёмістасць валавога ўнутранага прадукту будзе зніжана не менш як на 3%.
Адначасова прадугледжаны ўвод у эксплуатацыю 2,5 млн.кв.м жылля з дзяржаўнай падтрымкай.
Дасягненне гэтых параметраў дасць магчымасць забяспечыць якасны ўзровень жыцця насельніцтва. Прадугледжваецца, што рэальныя наяўныя грашовыя даходы насельніцтва ў 2014 годзе павінны скласці 103% да ўзроўню бягучага года.
Прагназуецца, што ў 2014 годзе сярэднегадавая стаўка рэфінансавання складзе 14-16% гадавых, патрабаванні банкаў да эканомікі ўзрастуць на 16-19%, міжнародныя рэзервовыя актывы (у вызначэнні МВФ) павялічацца на $0,2-0,5 млрд.