Зацверджаны рашэнні савета спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў

    Аляксандр Лукашэнка зацвердзіў рашэнні савета спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў.

    Распараджэннем № 116рп Кіраўніка дзяржавы ад 2 ліпеня зацверджаны рашэнні савета аб заахвочванні 513 навучэнцаў і студэнтаў.

    У прыватнасці, назначаны стыпендыі Прэзідэнта Беларусі ў памеры Br876 тыс. штомесяц студэнтам і курсантам устаноў вышэйшай адукацыі (181 чалавек); заахвочвальныя стыпендыі фонду (Br720 тыс. у месяц) на адзін каляндарны год з уручэннем нагруднага знака лаўрэата фонду пераможцам міжнародных алімпіяд і канферэнцыі юных вучоных (4 чалавекі).

    Прысуджаны таксама грашовыя прэміі (ад Br7,2 млн да Br9,9 млн) з уручэннем нагруднага знака лаўрэата фонду 19 пераможцам міжнародных алімпіяд па матэматыцы, фізіцы, інфарматыцы, экалогіі, хіміі, конкурсаў навукова-тэхнічных праектаў маладых вынаходнікаў.

    Акрамя таго, заахвочаны грашовымі прэміямі 282 пераможцы шэрага рэспубліканскіх і 27 пераможцаў іншых алімпіяд і конкурсаў па розных прадметах.

    Прыняцце дакумента накіравана на забеспячэнне адраснай дзяржаўнай падтрымкі адораных навучэнцаў і студэнтаў, стварэнне спрыяльных умоў для іх развіцця.