Зацверджаны параметры прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця і напрамкі грашова-крэдытнай палітыкі Рэспублікі Беларусь

    Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка зацвердзіў важнейшыя параметры прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2015 год і Асноўныя напрамкі грашова-крэдытнай палітыкі на 2015 год. Адпаведныя ўказы Прэзідэнт падпісаў 1 снежня.

    Так, прагназуецца, што тэмп росту валавога ўнутранага прадукту складзе 100,2-100,7 працэнта. Гэта будзе дасягнута за кошт росту дабаўленай вартасці ў прамысловасці (100,4-100,8 працэнта), сельскай і лясной гаспадарцы (101,2-101,4 працэнта), сферы паслуг (101,6-102 працэнты).

    За кошт прадаўжэння тэхналагічнай і эканамічнай мадэрнізацыі вытворчасці рост прадукцыйнасці працы па валавым унутраным прадукце складзе 101,5-102 працэнты.

    Зыходзячы з прагнозу зніжэння сукупнага попыту ў Расіі, дынамікі сусветных цэн паказчык экспарту тавараў і паслуг да ўзроўню 2014 года складзе 96-96,4 працэнта. Без уліку нафты і нафтапрадуктаў рост экспарту тавараў і паслуг прагназуецца ў памеры 100,3 працэнта.

    Плануецца, што суадносіны сальда знешняга гандлю таварамі і паслугамі і валавога ўнутранага прадукту складуць мінус 3,5 працэнта - мінус 3,3 працэнта.

    Энергаёмістасць валавога ўнутранага прадукту ў параўнанні з 2014 годам павінна знізіцца не менш як на 0,5 працэнта. Рэнтабельнасць продажаў у прамысловасці складзе 7-7,5 працэнта. Прырост спажывецкіх цэн плануецца знізіць да 12 працэнтаў.

    Увод жылля з дзяржаўнай падтрымкай чакаецца ў аб'ёме не меншым за 2,5 млн кв.м.

    Рэальныя наяўныя грашовыя даходы насельніцтва ў 2015 годзе вырастуць на 1,1-1,5 працэнта да ўзроўню бягучага года.

    Асноўнымі напрамкамі грашова-крэдытнай палітыкі на 2015 год сярэднегадавая стаўка рэфінансавання запланавана на ўзроўні 15-16 працэнтаў гадавых. Прагназуецца, што патрабаванні банкаў і ААТ "Банк развіцця Рэспублікі Беларусь" да эканомікі павялічацца на 12-14 працэнтаў, міжнародныя рэзервовыя актывы (у вызначэнні МВФ) захаваюцца на ўзроўні 1 студзеня 2015 года.