Зацверджана рашэнне савета спецыяльнага фонду Прэзідэнта Беларусі па падтрымцы таленавітай моладзі

    Кіраўнік дзяржавы падпісаў распараджэнне "Аб зацвярджэнні рашэння савета спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі і аб выдзяленні сродкаў на фінансаванне расходаў гэтага фонду ў 2013 годзе".

    Гэтыя сродкі будуць накіраваны на заахвочванне лепшых прадстаўнікоў таленавітай моладзі, правядзенне мерапрыемстваў па выяўленню і прапагандзе творчасці маладых талентаў, арганізацыю іх навучання і стажыровак за мяжой, а таксама на набыццё музычных інструментаў, касцюмаў, матэрыялаў і абсталявання для творчых заняткаў.

    Распараджэннем таксама зацверджана рашэнне савета фонду аб выдзяленні звыш Br1,53 млрд. на мэты, звязаныя з заахвочваннем і падтрымкай таленавітай моладзі.

    У адпаведнасці з гэтым рашэннем маладым лаўрэатам міжнародных і рэспубліканскіх фестываляў, конкурсаў, iншых творчых спаборніцтваў прысуджаны 11 гранд-прэмій і 54 прэміі, а таксама назначаны 8 стыпендый фонду. 8 актыўным удзельнікам мастацка-творчых мерапрыемстваў аказана матэрыяльная дапамога.

    Саветам фонду таксама выдзелены сродкі на правядзенне справаздачнага канцэрта і Рэспубліканскай мастацкай выстаўкі лаўрэатаў, стыпендыятаў і дыпламантаў фонду, X Міжнароднага конкурсу камерных ансамбляў імя М.К.Агінскага і III Міжнароднага конкурсу выканаўцаў на струнных смычковых інструментах імя М.Ельскага, на арганізацыю навучання і стажыроўкі студэнтаў і выкладчыкаў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі за мяжой, на набыццё касцюмаў для творчых калектываў гэтай ВНУ і Беларускай дзяржаўнай харэаграфічнай гімназіі-каледжа, абсталявання для Нацыянальнага цэнтра музычнага мастацтва імя У.Г.Мулявіна.

    Падпісанне гэтага дакумента з'яўляецца яшчэ адным сведчаннем пастаяннай увагі дзяржавы да маладых талентаў і адраснай, мэтанакіраванай падтрымкі іх творчасці.