З рэзервовага фонду Прэзідэнта выдзеляць Br1,7 млн на падтрымку адораных навучэнцаў і студэнтаў

    Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў Распараджэнне аб заахвочванні адоранай моладзі.

    Згодна з распараджэннем, у 2022 годзе спецыяльнаму фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў з рэспубліканскага бюджэту за кошт сродкаў рэзервовага фонду Кіраўніка дзяржавы выдзелена амаль Br1,7 млн.

    Распараджэннем зацверджаны два рашэнні савета спецыяльнага фонду, згодна з якімі больш за Br450 тыс. накіраваны на заахвочванне 740 адораных навучэнцаў і студэнтаў, якія з'яўляюцца пераможцамі міжнародных і рэспубліканскіх алімпіяд, конкурсаў і іншых мерапрыемстваў.

    Фінансавую падтрымку атрымаюць 5 інтэлектуальных і творчых аб'яднанняў навучэнцаў і студэнтаў.

    Заахвочвальнымі прэміямі таксама адзначаны 99 педагагічных і навуковых работнікаў за асаблівыя дасягненні ў навучанні і выхаванні моладзі.

    Прыняцце рашэння сведчыць аб прыярытэтнай увазе дзяржавы пытанням выяўлення і развіцця адораных навучэнцаў і студэнтаў.