Выступленне Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Р.Лукашэнкі на пленарным пасяджэнні ХV Сусветнага кангрэса рускай прэсы
Не буду скрываць, мне прыемна сёння сустрэцца з вамі, і гэта не дзяжурныя словы, і я іх, шчыра кажучы, не люблю. Мне прыемна сустрэцца з вамі таму, што я як ужо стары палітык часам інтуітыўна адчуваю аўдыторыю і тут, у гэтай зале, сёння лунае нават не дэмакратыя, не свабода, а нейкая атмасфера вальнадумства, калі можна так сказаць. А яна заўсёды, гэта атмасфера, садзейнічала развіццю любога грамадства. Таму, зусім крыху пабыўшы ў гэтай зале, я адчуваю, што тут сабраліся менавіта такія людзі, у асноўным журналісты, пісьменнікі, грамадскія дзеячы, а ім гэта ўсё ўласціва.
Дарагія сябры!
Такі прадстаўнічы міжнародны форум праходзіць у Беларусі ўпершыню, і мы шчыра рады вітаць вас на беларускай зямлі. На жаль, упершыню праходзіць, трэба было б ужо даўно правесці такі форум тут, на беларускай зямлі.
Дарэчы, у гэтай зале я бачу вельмі шмат знаёмых твараў, я думаю, што гэта і мае старыя сябры. Упэўнены, што пасля кангрэса я змагу гэтак жа сказаць аб кожным з вас.
Вы прадстаўляеце самыя розныя, раскіданыя па ўсім свеце краіны. Вашы выданні выказваюць самыя розныя пункты гледжання на падзеі. Але ўсіх вас аб'ядноўвае адно - вас аб'ядноўвае вялікая, багатая і мудрая руская мова. Менавіта яна стварае ўнікальную духоўную прастору, якая ўмяшчае ў сябе мільёны людзей ва ўсіх кутках нашай планеты.
У Беларусі асаблівае стаўленне да рускай мовы. У нашай краіне руская мова - дзяржаўная. Гэта прынцыповае рашэнне, прынятае намі, усім нашым народам на рэферэндуме яшчэ ў 1995 годзе.
Сёння ў гэта складана паверыць, але быў час, калі нашы крайнія нацыяналісты хацелі выгнаць з Беларусі не толькі рускую мову, але і ўсіх рускіх людзей. На шчасце, мы перамаглі гэту небяспеку. Нам удалося пабудаваць мірную, спакойную, добрую краіну, у якой нікому нават у галаву не можа прыйсці думка прыціскаць чалавека з-за таго, што ён гаворыць на нейкай "не той" мове.
Мірнае, спакойнае, бяспечнае жыццё, грамадзянская згода - гэта фундаментальныя каштоўнасці, якія берагуць беларусы і якія, як усе мы бачым, становяцца рэдкасцю ў сучасным свеце.
Прымаючы ў свой час рашэнне аб наданні рускай мове дзяржаўнага статусу, мы зыходзілі з дакладнага разумення, што вялікая руская мова, якая з'яўляецца фундаментам адной з найвялікшых у свеце культур, - гэта агульны здабытак усіх народаў, якія калісьці стваралі нашу адзіную Айчыну і не толькі яе.
Як можна падзяліць паміж Расіяй і Украінай вялікага рускага пісьменніка Мікалая Васільевіча Гогаля? А як мы з Расіяй можам падзяліць генія рускай літаратуры Фёдара Міхайлавіча Дастаеўскага, род якога паходзіць з гэтай святой беларускай зямлі?
Гэта непадзельна, як непадзельная вялікая руская мова, у станаўленне і развіццё якой унеслі сваю лепту і беларусы, і ўкраінцы, і масквічы, і сібіракі, і яўрэі, і татары - усе, хто насяляў нашу вялікую і калісьці адзіную краіну.
Добра помню, як на мяне абрушыўся град абвінавачанняў нашых мясцовых радыкалаў-нацыяналістаў за мае словы аб тым, што для беларуса руская мова не чужая, а родная, гэта агульны здабытак і рускіх, і ўкраінцаў, і беларусаў...
Я і сёння цвёрда прытрымліваюся такой жа пазіцыі. Руская мова стварыла вялікую рускую культуру, якая таксама з'яўляецца здабыткам многіх народаў і да якой, калі браць паняцце рускай культуры і рускай цывілізацыі ў самым шырокім сэнсе гэтага слова, адносімся ўсе мы.
Руская цывілізацыя, рускі свет далі чалавецтву не толькі найвялікшыя культурныя дасягненні, але і асаблівыя духоўныя каштоўнасці.
Менавіта гэтыя каштоўнасці пакладзены намі ў аснову нашай дзяржаўнасці і таго, што прынята называць беларускай мадэллю развіцця.
Салідарнасць і справядлівасць - вось два ключавыя словы, якімі можна было б апісаць прынцыпы, якіх мы прытрымліваемся. Гэта тыя прынцыпы, якія завяшчала свету вялікая руская літаратура.
Мы ў Беларусі не змаглі і не захацелі ўзяць на ўзбраенне рацыяналістычныя запаведзі індывідуалізму, увасобленыя ў філасофіі свабоднага рынку, згодна з якой выжывае мацнейшы.
Дабрата, павага да чалавека, дапамога слабаму - вышэйшыя хрысціянскія ідэалы, якімі заўсёды натхнялася руская цывілізацыя. Менавіта яны складаюць аснову беларускай сацыяльна-эканамічнай мадэлі.
У свой час мы адмовіліся ад радыкальных рэформ, таму што яны катком прайшліся б па лёсах соцень тысяч людзей. І прынцып салідарнасці, узаемавыручкі, калі ўсё грамадства не толькі радуецца поспехам моцнага, але і падтрымлівае слабага, абараняе беднага, пакладзены намі ў аснову сацыяльнай палітыкі.
Гэтак жа для нас выключна важны прынцып справядлівасці. Мы ніколі не выступалі за роўнасць у беднасці. Але для нас толькі тое багацце апраўдана і толькі тая ўласнасць святая, якія набыты сумленнай працай, асабістым стараннем і талентам, а не сляпым збегам абставін або наогул процізаконным жульніцтвам і разбоем.
У Беларусі вы не знойдзеце вялікай прорвы паміж багатымі і беднымі. Гэтак жа, як не знойдзеце ўласнасці, украдзенай у народа. Мы для сябе дакладна вызначылі - эканамічная сістэма, заснаваная на першародным падмане, не можа быць устойлівай. Той, хто атрымаў багацці, не зарабіўшы іх, не зможа па-сапраўднаму імі распарадзіцца. Толькі тая ўласнасць эфектыўна, якая створана ўласнай працай і талентам.
Поўнае выгнанне маральных прынцыпаў з эканомікі паварочваецца супраць самой эканамічнай сістэмы, паступова ператвараючы яе ў паразітычную і неэфектыўную.
У гэтым заключаецца значнае адрозненне нашага беларускага шляху. Аднак менавіта ў гэтым - яго падабенства і блізкасць з сапраўднымі духоўнымі каштоўнасцямі рускага свету і рускай цывілізацыі (у шырокім сэнсе гэтага слова), да якіх усе мы з вамі належым.
Тое ж самае можна сказаць і аб палітычнай сферы. Як вы, магчыма, чулі, Беларусь часта папракаюць у адсутнасці свабоды слова. Наогул, сёння ў гэтым смешна кагосьці папракаць са з'яўленнем Інтэрнэту і іншых носьбітаў гэтага слова. Звычайна аб гэтым гавораць крывадушныя людзі. Самі яны добра разумеюць, што няма ў свеце абсалютнай свабоды. Той, хто не залежыць ад урада, залежыць ад уласніка выдання, ад рэкламадаўцаў, ад капрызаў публікі, у рэшце рэшт, ад памылак, эмоцый і памылковых думак уласных журналістаў.
Універсальнай формулы, якая забяспечвала б аб'ектыўнасць прэсы, не існуе. І нават у краінах, якія ганарацца шматвяковымі традыцыямі свабоды слова, перыядычна ўспыхваюць скандалы, якія паказваюць адваротны бок многіх сучасных масмедыя.
На свет божы пастаянна ўсплываюць факты падтасоўкі інфармацыі, незаконных праслухоўванняў, заказных публікацый, маніпуліравання грамадскай думкай з боку глабальных медыякарпарацый.
Новая электронная эра яшчэ больш абвастрыла ўсе гэтыя праблемы. Даўшы чалавецтву небывалыя дагэтуль магчымасці імгненнага абмену інфармацыяй, яна ж адначасова рэзка знізіла планку якасці журналістыкі, ды і адказнасці саміх журналістаў.
Самі спажыўцы інфармацыі, якія спачатку знаходзіліся ў захапленні ад свабоднага электроннага патоку, што абрушыўся на іх, сёння ўсё часцей знаходзяцца ў недаўменні. Калі раней газета адказвала за свае словы, правярала факты і падтрымлівала нейкую мінімальную планку добрасумленнасці, то сёння зусім не зразумела, каму верыць, як правесці мяжу паміж фактам і чуткамі і што рабіць з яркай і прыкметнай інфармацыяй, якая ўжо заўтра аказваецца звычайнай вуткай, пустой балбатнёй або правакацыяй. І нават не заўтра, а праз паўгадзіны.
Як ні дзіўна, у гэтай з'яве ёсць і станоўчы бок. Расчараванне ў нізкапробным інфармацыйным патоку будзе нарастаць. Адпаведна будзе павялічвацца попыт на якасную, разумную і дакладную журналістыку.
Сёння часам разважаюць аб крызісе друкаваных выданняў у сувязі з каласальным ростам папулярнасці Інтэрнэту. Мне здаецца, тут няма вялікай праблемы. Наколькі я ведаю, вельмі многія з прысутных у гэтай зале выдатна асвоілі выпуск электронных версій і паспяхова канкурыруюць у інтэрнэт-прасторы. Гэта яшчэ раз пацвярджае просты факт: у аснове ўсяго застаецца жывое Слова. Так было заўсёды ў гісторыі чалавецтва і, напэўна, так будзе і ў далейшым. Слова і думка даносіліся рознымі тэхнічнымі спосабамі - ад старажытнага папірусу да сучаснай камп'ютарнай сеткі, - але галоўнымі ўсё роўна заставаліся сэнс і змест.
Таму і сёння дачасна гаварыць аб адміранні прафесіі журналіста, выдаўца і рэдактара. Дзякуючы Інтэрнэту тэхнічна кожны можа стаць "журналістам" і вяшчаць аб чым заўгодна. Але гэта зусім не значыць, што кожнаму гарантаваны ўвага чытачоў, поспех і прызнанне. Майстэрства, нягледзячы на любыя тэхнічныя новаўвядзенні, па-ранейшаму застаецца рэдкасцю. Па-ранейшаму сапраўдныя таленавітыя тэксты здабываюцца працай, вышэйшым напружаннем розуму і волі. Таму будучыня прэсы, будучыня СМІ ўсё роўна застанецца за такімі людзьмі, як вы, - таленавітымі, сумленнымі і адданымі сваёй справе.
І тут, вядома, вельмі важна ваша журналісцкая салідарнасць. Паколькі кангрэс Сусветнай асацыяцыі рускай прэсы - гэта не толькі лабараторыя па даследаванню працэсаў, якія адбываюцца ў рускамоўных СМІ - ад Ісландыі да Аўстраліі, ад Бразіліі да Японіі, але гэта яшчэ і неацэнны вопыт новых кантактаў.
Рады, што з гэтай справай вельмі дастойна спраўляюцца мае добрыя сябры Віталь Ігнаценка і Міхаіл Гусман, якія, як мне вядома, дабіваюцца ўражальных поспехаў у развіцці сусветнай сеткі рускамоўнай прэсы.
Калі ж вам спатрэбіцца дапамога з нашага, беларускага боку, то мы да гэтага гатовы.
Дарагія сябры!
Я хачу павіншаваць усіх удзельнікаў Сусветнага кангрэса рускай прэсы з пачаткам работы. Я ўпэўнены, што яна будзе вельмі паспяховай і плённай. У вас наперадзе шмат цікавых сустрэч. Думаю, тыя з вас, хто ўпершыню апынуўся ў Беларусі, шмат даведаюцца аб нашай краіне. Наогул сорамна не пабываць у Беларусі чалавеку, які размаўляе на рускай мове і які ўжо дасягнуў 25 гадоў. Я думаю, што кожны чалавек павінен быў хаця б праехацца па гэтай зямлі. Я вельмі спадзяюся, што вам спадабаецца гэты кавалачак зямлі, які, вядома ж, для вас не можа быць чужым, таму што мы ўсе - рускія людзі, таму што мы маем адну ўнікальную адзіную якасць - мы размаўляем на адной мове. Са свайго боку мы зробім усё для таго, каб у вас засталіся самыя добрыя, цёплыя і светлыя ўспаміны аб знаходжанні не беларускай зямлі.
Калі мне прапанавалі арганізаваць такі кангрэс, вядома ж, гэта вялікая адказнасць, я ўзважваў і станоўчыя, і адмоўныя бакі, але адной з важных практычных для мяне прычын было тое, што на гэтым кангрэсе могуць пабываць журналісты з нашых рэгіёнаў і паразмаўляць з вамі. Гэта ўнікальны вопыт, і, калі хочаце, гэта добрая вучоба для нашых журналістаў.
Яшчэ раз, паважаныя сябры, я вітаю вас на нашай беларускай зямлі ад імя ўсяго беларускага народа. Сёння ўсе людзі ў Беларусі даведаюцца аб тым, што вы ў нас у гасцях. Вы пабываеце там, дзе і павінен пабываць кожны рускі чалавек, на самай святой зямлі - у Брэсце, у Брэсцкай крэпасці. Вы ўбачыце тыя месцы, адкуль пачалася наша з вамі агульная перамога, якая выратавала Еўропу ад карычневай чумы. Дай бог, каб гэта ніколі больш не паўтарылася! І ў гэтым, напэўна, адна з асноўных мэт вашага кангрэса, які сёння адкрываецца.
Поспехаў вам!