Выступленне на парадзе войскаў Мінскага гарнізона ў азнаменаванне Дня Незалежнасці

  • 16
  • 3:27

Таварышы салдаты, сяржанты, прапаршчыкі і афіцэры!

Дарагія ветэраны!

Паважаныя суайчыннікі і госці Беларусі!

Сёння мы ўрачыста адзначаем галоўнае свята нашай краіны - Дзень Незалежнасці.

У жыцці кожнага народа ёсць лёсавызначальныя дні і падзеі, якія становяцца пунктам адліку новага этапу ў гісторыі дзяржавы і выклікаюць найвышэйшы духоўны ўздым і яднанне ўсіх грамадзян.

Для Беларусі такой вяхой з'яўляецца дзень вызвалення сталіцы нашай Радзімы - горада-героя Мінска ад фашысцкіх захопнікаў.

Менавіта гэта гістарычная дата па волі беларусаў стала Днём Незалежнасці, звязаўшы разам святыя словы - Свабода і Незалежнасць.

І гэта не выпадкова. Свабоду нельга набыць дзякуючы росчырку пяра. Наша незалежнасць заснавана на заслугах пакалення пераможцаў, тых, хто, ахвяруючы самым дарагім - сваім жыццём, прынёс на нашу зямлю доўгачаканую свабоду.

Беларусь першая сутыкнулася з вераломным ударам агрэсара. Гераічнае супраціўленне нашага народа пачалося з першых мінут вайны каля сцен Брэсцкай крэпасці і прадаўжалася да поўнага выгнання ворага з тэрыторыі нашай Радзімы.

За гэтыя гады Беларусь панесла самы вялікі ўрон сярод усіх рэспублік СССР і дзяржаў антыгітлераўскай кааліцыі. У выніку бесчалавечнага генацыду краіна страціла трэць свайго насельніцтва.

Сёння мы аддаём даніну павагі і памяці ўсім, хто ўнёс уклад у нашу агульную перамогу над фашызмам, у вызваленне нашай Радзімы і ўсяго свету ад прыгнятальнікаў.

Новае тысячагоддзе не прынесла чалавецтву міру і спакою. Мы па-ранейшаму назіраем дыктат шэрага краін і ваенных блокаў, умяшанне ва ўнутраныя справы суверэнных дзяржаў, праяўленне міжнароднага тэрарызму.

У якасці інструментаў аказання націску выкарыстоўваюцца не толькі сілавыя метады, але і эканамічны дыктат, і інфармацыйныя войны.

Спрабуюць на трываласць і нашу краіну. Аднак адзінства, мудрасць і сіла беларускага народа неаднаразова паказвалі: любыя спробы дэстабілізаваць сітуацыю ў нашай краіне не маюць ніводнага шанцу.

Упэўнены, што і ў далейшым мы дастойна вытрымаем любыя выпрабаванні.

Паважаныя таварышы!

Беларусь - мірная і адкрытая краіна. Мы жадаем усім дзяржавам, народам дабра і працвітання. Дружалюбнасць і сардэчнасць - адметныя рысы нашага нацыянальнага характару.

Мы шчыра адданыя сябрам і саюзнікам. Мы заўсёды рады тым, хто гатовы з намі працаваць, гандляваць, мець адносіны. Наша нацыя не мае маніі вялікасці - мы гатовы прыслухоўвацца да чужых меркаванняў і парад, калі яны ідуць ад чыстага сэрца.

Але мы не прымаем хлусні, крывадушнасці і дыктату.

Прынцыповая пазіцыя Беларусі празрыстая і цвёрдая - адносіны ў свеце павінны будавацца на прынцыпах адкрытасці, узаемнай павагі і вяршэнства міжнароднага права.

Але самы галоўны фундамент міжнародных адносін - гэта сумленнасць. Для нас, для Беларусі, яна была, ёсць і застаецца краевугольным каменем як унутранай, так і знешняй палітыкі.

А каб не было ў каго-небудзь жадання паспрабаваць нас на трываласць, боегатоўнасць беларускай арміі заўсёды павінна знаходзіцца на высокім узроўні - на такім, каб ні ў каго нават думкі не магло ўзнікнуць аб нападзенні на нашу краіну.

Наша граніца павінна быць адкрыта для ўсіх добрых гасцей і наглуха закрыта для любога зламысніка і парушальніка, кім бы ён ні быў.

Мір і парадак у Беларусі - гэта вельмі вялікая каштоўнасць і найвялікшая заваёва нашага народа. І ўсім нам трэба іх берагчы і абараняць.

Паважаныя ветэраны!

Нізкі паклон вам за вашу бяспрыкладную мужнасць, за ваш Вялікі Подзвіг. Вы здабылі для нас не толькі свабоду і незалежнасць. Вы падарылі нам і ўсім наступным пакаленням беларусаў галоўнае - вы падарылі нам Жыццё!

Дарагія суайчыннікі!

У гэты свяшчэнны для ўсяго беларускага народа дзень жадаю вам мірнага неба, светлай будучынi, шчасця, здароўя і дабрабыту.

Слава беларускаму народу, які адстаяў незалежнасць Айчыны, робіць усё ў імя працвітання нашай любімай Радзімы!

Са святам! З Днём Незалежнасці Рэспублікі Беларусь!

Ура!