Выступленне на адкрыцці XXII Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску"
Дарагія сябры!
Вось ужо каторы раз - не адзін дзясятак - сустракаючыся тут, на гэтай благаславеннай зямлі, мы гаворым аб адкрыцці нашага фестывалю.
Народжаны на віцебскай зямлі, у сэрцы славянскага свету, наш фестываль выступае захавальнікам духоўнага адзінства шматмільённай сям'і славянскіх народаў, якія з'яўляюцца носьбітамі адной з самых старажытных і багатых культур.
Усім нам, братам-славянам, трэба адраджаць і распаўсюджваць па свеце нашы асноўныя маральныя каштоўнасці: дабро, міласэрнасць, цярпімасць да людзей розных нацыянальнасцей і веры, павагу чалавечай годнасці, непахісныя маральныя прынцыпы і традыцыі.
Наш фестываль уносіць сваю дастойную лепту ў рэалізацыю гуманітарнай місіі сучаснага славянства. Нездарма яго дэвізам з'яўляюцца словы: "Праз мастацтва - да міру і ўзаемаразумення". У гады свайго зараджэння ён стаў часткай той сілы, якая ў пераломны гістарычны перыяд не дала разбурыць векавое братэрства Беларусі, Расіі і Украіны.
Сёння "Славянскі базар" выступае адным з духоўных каталізатараў інтэграцыйных працэсаў на ўсёй постсавецкай прасторы. І шырэй - еўразійскай прасторы.
У сузор'і міжнародных творчых форумаў ён займае асаблівае месца і з поўным правам мае тытул "фестывалю фестываляў", прадстаўляючы шырокую панараму дасягненняў сусветнай культуры.
Тут, на сцэне знакамітага Летняга амфітэатра, які ў гэтым годзе адзначае свой чвэрцьвекавы юбілей, сустракаюцца лаўрэаты "Еўрабачання", "Новай хвалі", Сан-Рэма і іншых фестываляў, пацвярджаючы старажытную як свет ісціну аб тым, што мова песні - гэта мова дружбы. Яна зразумелая без перакладу. А для братэрства людзей, улюбёных у мастацтва, не існуе ні межаў, ні палітычных перашкод.
Дрэва трымаецца каранямі, а чалавек сябрамі. Прытрымліваючыся гэтай народнай мудрасці, "Славянскі базар" з году ў год прырастае дзясяткамі і сотнямі новых сяброў. У гэтым годзе геаграфія фестывалю атрымала планетарны размах, ахапіўшы зямны шар ад Аўстраліі да Кубы і Венесуэлы.
Адной з цэнтральных падзей фестывалю стане канцэрт Дружбы, які аб'ядноўвае творчыя сілы розных краін і народаў. А музычныя конкурсы не толькі прадэманструюць захапляючае спаборніцтва лепшых маладых галасоў планеты, але і ўнясуць свой уклад у выхаванне новага пакалення жыхароў Зямлі ў духу ўзаемнай павагі і даверу.
Ды і ўвесь "Славянскі базар" сваім маштабам, творчай разнастайнасцю, яркім перапляценнем моў і традыцый дапаможа нам унесці дастойны ўклад у прымнажэнне духоўных багаццяў нашых краін, захаванне самабытных нацыянальных культур.
Дарагія сябры!
Па добрай традыцыі ў дзень адкрыцця "Славянскага базару" мы ўручаем спецыяльную ўзнагароду "Праз мастацтва - да міру і ўзаемаразумення". Яе лаўрэатамі становяцца вялікія артысты, якія ўнеслі важкі ўклад ва ўмацаванне культурнага супрацоўніцтва паміж народамі.
У бягучым годзе гэтай узнагароды ўдастоена выдатная спявачка Эдзіта П'еха. Я ад усёй душы віншую Эдзіту Станіславаўну і жадаю ёй заўсёды заставацца такой жа, якой яна ўсім нам вядома: абаяльнай, цудоўнай, радаваць нас сваім талентам.
А ўсім вам, дарагія ўдзельнікі і госці фестывалю, хачу пажадаць, каб гэты "Славянскі базар" перасягнуў усе вашы чаканні і стаў незабыўным святам мастацтва і дружбы.
Няхай цудоўныя фестывальныя дні падораць канкурсантам удачу, артыстам - мора кветак, апладысментаў, а гледачам - радасць сустрэч з мастацтвам.
Здароўя і шчасця вам, дарагія сябры!
Дваццаць другі Міжнародны фестываль мастацтваў "Славянскі базар" аб'яўляю адкрытым!