Урачысты сход, прысвечаны Дню Незалежнасці

  • 7

Дарагія сябры!

Заўтра мы адзначаем галоўнае свята краіны - Дзень Незалежнасці, свята, якое стала сапраўдным сімвалам нашай маладой дзяржаўнасці.

Гісторыя нашай зямлі - гэта цяжкі і доўгі, амаль тысячагадовы, шлях да свабоды і незалежнасці.

Свабода і Незалежнасць заўсёды каштуюць дорага. За іх трэба плаціць высокую цану.

Дзясяткі нацый свету здабылі сваю незалежнасць са зброяй у руках, прайшоўшы праз доўгія гады нацыянальна-вызваленчай вайны.

На шчасце, наша дзяржава - Рэспубліка Беларусь - утварылася мірна, без крыві, войнаў і рэвалюцый.

Можа, у гэтым ёсць гістарычная справядлівасць. Таму што сваю цану - страшную цану, змераную ў чалавечых жыццях, - мы заплацілі на паўстагоддзя раней, у гады Вялікай Айчыннай вайны.

Тады мы здабылі свабоду не толькі для сябе, ды і не толькі для ўсёй Еўропы. Перамога ў той вайне радыкальна змяніла ўвесь свет, надала яму новую якасць. Заходні падзел народаў на дзікія, варварскія і цывілізаваныя адышоў у гісторыю. Сённяшнія Кітай, Індыя, арабскі свет сталі незалежнымі дзякуючы менавіта той, нашай Перамозе. У многіх народаў з'явілася магчымасць выбіраць уласны шлях развіцця.

І таму свята нашай Незалежнасці мы адзначаем 3 ліпеня - у дзень, калі наша сталіца - горды Мінск стаў свабодны, а драпежная нацысцкая свастыка на Доме ўрада была знішчана дашчэнту.

З таго часу Перамога ў Вялікай Айчыннай і незалежнасць нашай Радзімы навекі звязаны адзін з адным.

У той вайне беларусы неслі асаблівую місію.

Бо гэта было не проста ваеннае сутыкненне розных народаў і краін. Сэнс сусветнай бітвы з нацызмам значна глыбейшы, мацнейшы.

Упершыню ў чалавечай гісторыі зло не хавала свайго аблічча. Самыя цёмныя першабытныя інстынкты былі аб’яўлены доблесцю.

Сляпое пакланенне перад сілай, безадгаворачнае падпарадкаванне, нянавісць да культуры і інтэлекту - вось што павінна было стаць мараллю новага арыйскага парадку.

Чалавецтву паказалі дарогу да рабства. Зло рвалася да сусветнага панавання, не саромеючыся і не хаваючы сябе.

Еўропа пала да ног пераможцы.

Гэта быў пераломны момант не толькі сусветнай, але і нашай нацыянальнай гісторыі.

Тут размова ішла ўжо не аб дзяржаўнасці. Пытанне было страшэннае ў сваёй прастаце: ці выжывуць беларусы фізічна? Або навекі згінуць без следу ў незлічоных хатынскіх "вогненных вёсках"?

Пакінутая рэгулярнай арміяй Беларусь не скарылася ворагу. Рэспубліка-партызанка адкрыла другі фронт задоўга да высадкі саюзнікаў у Нармандыі.

Фронт гэты палаў у тыле ворага. Перадавой сталі беларускія гарады і вёскі. За зброю ўзяліся не толькі мужыкі, але і жанчыны, і малыя дзеці.

І мы выжылі. Мы выстаялі, і мы перамаглі.

І сёння, напярэдадні нашага галоўнага дзяржаўнага свята, я хачу перш за ўсё нізка пакланіцца героям - нашым ветэранам, тым людзям, дзякуючы якім жывём мы, жыве беларуская нацыя і жыве Беларусь. Асаблівы паклон тым, хто загінуў і не вярнуўся з той бязлітаснай бойні.

Дзякуючы вам перамаглі сілы дабра і святла. І няхай ідуць гады, але мы, нашы дзеці, унукі і праўнукі запомнім навекі: менавіта ў той вялікай Перамозе вытокі нашай Свабоды і Незалежнасці.

Пасля вайны Беларусь стала краінай - заснавальніцай Арганізацыі Аб'яднаных Нацый.

І нельга забываць, што перадумовы асновы нашай дзяржаўнасці з'явіліся ўжо ў савецкі час. Тады была створана база нашай прамысловасці, з'явілася нацыянальная навука, развівалася нацыянальная культура і адукацыя. А менавіта гэта - фундамент незалежнасці і суверэнітэту любой дзяржавы.

Распад СССР быў сустрэты беларусамі з трывогай і без усялякай радасці.

У гэтым яскрава праявіўся наш нацыянальны характар. Беларус па сваёй прыродзе - стваральнік: ён любіць будаваць, ён не любіць разбураць.

У 90-я гады 20-га стагоддзя слова "незалежнасць" вымаўлялі на ўсе лады. Усім яно падабалася, але, як паказала жыццё, мала хто разумеў яго сэнс.

Новая дзяржаўнасць першыя гады мела папяровы, дэкларатыўны характар - яе трэба было напоўніць зместам.

Якой будзе беларуская незалежнасць? Адказу не ведаў ніхто.

Зрэшты, у пражэкцёрах няхваткі не было. Найбольш шумна паводзілі сябе нашы так званыя нацыянальныя дзеячы. Яны прапаноўвалі, а дакладней, навязвалі грамадству сваё ўяўленне аб незалежнасці.

Уяўленні гэтыя былі прымітыўныя, але на той час многім іх праект здаваўся ледзь не адзіна магчымым.

Вузканацыянальная дзяржава, запёртая ў сваіх межах, з дамінаваннем так званай карэннай, тытульнай нацыі. Дзяржава, якая ўзводзіць бар'еры і свядома вядзе сама сябе да ўзроўню правінцыяльнай глушы. Вось, уласна кажучы, і ўсё, што прапаноўвалася.

Думка аб тым, што можа быць і іншая канцэпцыя незалежнасці, адхілялася з парога.

Людзям навязваўся выбар: або "незалежнасць" па лякалах нашых нацыяналістаў, або "растварэнне" ва ўсходняй імперыі і страта суверэнітэту. Трэцяга не дадзена.

"Нацыянальныя дзеячы" шумна абвяшчалі сябе новай сілай і будучыняй Беларусі.

Але, як аказалася, увесь іх праект "будучыні" быў поўнасцю ўзяты з мінулага. Ідэолагі беларускага нацыяналізму не разумелі, што ў канцы 20-га стагоддзя канцэпцыя вузкай нацыянальнай дзяржавы безнадзейна ўстарэла.

Асабліва дзіўна гэтыя архаічныя думкі выглядалі на фоне нібыта прыхільнасці нацыяналістаў пан'еўрапейскай ідэі. Да гэтага часу Еўропа даўно адправіла ў гістарычны архіў мадэль вузканацыянальнай дзяржавы, зрабіўшы стаўку на адкрытасць і інтэграцыю.

Усё гэта паказвала інтэлектуальную слабасць гэтых "нацыянальных ідэолагаў", вузкасць іх культурна-гістарычнага кругагляду.

Яны спрабавалі прапанаваць нашай нацыі ідэі, даўно пройдзеныя ў сусветнай гісторыі. Яны не разумелі, што недарэчна ў пачатку трэцяга тысячагоддзя будаваць дзяржаву па лякалах 19-га стагоддзя.

Упарты ў сваіх памылковых поглядах так званы нацыянальны рух фактычна цягнуў маладую краіну назад.

І перад намі, каму ў 90-я гады, гэта значыць вам, народ даверыў свой лёс, стаяла задача незвычайнай складанасці: знайсці тую канцэпцыю незалежнасці, якая адпавядала б патрабаванням новага, 21-га стагоддзя.

Магчыма, большасцю нашых людзей усе гэтыя рэчы і не асэнсоўваліся на тонкім тэарэтычным узроўні. Але прыродная мудрасць беларусаў дакладна падказвала ім: у свеце, які становіцца ўсё больш глабальным і цесным, немагчыма жыць за глухой нацыянальнай агароджай, а агульны дом лепш пачынаць будаваць з тымі, з кім ты ўжо знаёмы не адно стагоддзе.

У выніку свой гістарычны выбар мы зрабілі на карысць незалежнасці новага тыпу, якая імкнецца не да ізаляцыі, а да інтэграцыі, адкрытасці.

Мы разарвалі заганнае кола і адкінулі альтэрнатыву - "або замкнуцца ў нацыянальных межах, або стаць Паўночна-Заходнім краем". Для нас гэта было непрымальна.

Мы, магчыма, інтуітыўна адчулі, што ёсць нейкі іншы шлях, і ён поўнасцю рэальны. Рэальны перш за ўсё таму, што змяніўся свет вакол нас.

Таму што самі паняцці незалежнасці і суверэнітэту карэнным чынам змяніліся ў выніку глабалізацыі.

Таму што ўзаемазалежнасць краін узрасла неймаверна. Нават самыя вялікія дзяржавы ў сучасным свеце вельмі скаваныя ў сваіх дзеяннях і вымушаны лічыцца з партнёрамі.

Таму што ізаляцыя - гэта тупік, інтэграцыя - прагрэс.

Сёння ўсё гэта відавочна. Але тады, у 90-я, вельмі нямногія разумелі, што інтэграцыя і незалежнасць не з'яўляюцца супярэчнасцю, а, наадварот, дапаўняюць і ўмацоўваюць адзін аднаго.

Многія былыя савецкія рэспублікі рвалі сувязі з Расіяй, адзін з адным, стукаліся хто ў еўрапейскія, хто ў амерыканскія дзверы, разлічваючы на цёплы і шчодры прыём.

Прайшло шмат гадоў, перш чым яны зразумелі: далей за пярэдні пакой усё роўна не пусцяць.

Можна сказаць, Бог нас наставіў на розум, і мы пайшлі, так, пайшлі сваім шляхам. Мы ўпершыню ў нашай гісторыі пачалі будаваць сваю незалежную дзяржаву і адначасова аднаўляць парушаныя сувязі з Расіяй, іншымі савецкімі рэспублікамі.

І да гэтага часу нямала тых, хто лічыць, што гэтыя напрамкі нашай палітыкі ўзаемавыключаюць адзін аднаго.

Цікава назіраць, як у апазіцыйнай прэсе пастаянна суседнічаюць дзве тэмы: Лукашэнка здае суверэнітэт Расіі і Лукашэнка не хоча нічога аддаваць Расіі ў Беларусі.

І пра першае, і пра другое часта пішуць адны і тыя ж выданні, а часам адны і тыя ж аўтары.

Чарговы раз дыскусія ажывілася ў сувязі з грандыёзным праектам стварэння агульнай еўра-азіяцкай прасторы. Зноў загаварылі аб здачы суверэнітэту, страце незалежнасці і іншых падобных рэчах.

І я думаю, што сёння, напярэдадні Дня Незалежнасці, неабходна расставіць усе кропкі над "і" ў гэтай вельмі важнай для грамадства тэме.

Незалежнасць дзяржавы ніколі не бывае абсалютная. Гэта ж аксіёма. Такога не было нават у старажытныя часы. І тым больш гэта немагчыма сёння, калі залежнасць паміж краінамі ўзрасла на парадак.

Нават саперніцтва паміж дзяржавамі перажывае каласальныя змяненні: гэта ўжо не вайна на знішчэнне, а асцярожная канкурэнцыя, заснаваная на дзясятках і сотнях кампрамісаў.

Паглядзіце на дзве буйнейшыя эканомікі свету, дзве імперыі – Злучаныя Штаты Амерыкі і Кітайскую Народную Рэспубліку. Па логіцы ўчарашняга дня Злучаным Штатам трэба было б перакрыць доступ кітайскіх тавараў на свой рынак і абваліць кітайскі экспарт, а Кітаю, у сваю чаргу, выкінуць мільярды, трыльёны долараў, якія ў іх ёсць, і абваліць амерыканскую валюту.

Але ні ў кога нават не ўзнікае такіх думак.

Свет усё больш нагадвае шкляны дом, у якім адзін неасцярожны рэзкі рух можа абваліць і сцены, і дах адначасова.

Але любы кампраміс паміж краінамі - гэта заўсёды ўступка нечага свайго ў абмен на нешта важнае для тваёй дзяржавы.

Гэтыя кампрамісы існавалі заўсёды, на працягу ўсёй чалавечай гісторыі. Але сёння яны пранізалі сабой літаральна ўсё – ад пагадненняў у рамках Сусветнай гандлёвай арганізацыі (СГА), дзе нават буйнейшыя дзяржавы свету падпарадкоўваюць сябе агульным правілам, да Еўрасаюза, у рамках якога краіны проста ахвяруюць вельмі значнай часткай свайго як эканамічнага, так і палітычнага суверэнітэту.

З іншага боку, незалежнасць дзяржавы - гэта не самамэта, якая існуе дзеля сябе самой, гэта адзін з магутных сродкаў для дасягнення галоўнага - шчаслівага і бяспечнага жыцця людзей той або іншай дзяржавы.

Звярніце ўвагу, як еўрапейцы, нягледзячы на ўсе цяжкасці, трымаюцца за ідэю інтэграцыі.

Нядаўнія выбары ў Грэцыі паказалі: нягледзячы на ўсе расчараванні і адчай, большасць грэкаў не жадаюць адгароджвацца ад свету і Еўропы.

Яны гатовы ісці на ахвяры, разумеючы, што інтэграцыя ўсё роўна акупіць гэтыя ахвяры.

Гэта ўрок і для нас: паасобку заўсёды горш, разам - лепш.

Я прадбачу вельмі глыбокі крызіс Еўрапейскага саюза. Але абсалютна ўпэўнены, што ў Еўропе зробяць усё для выратавання ідэі інтэграцыі. І яны пачалі ўжо гэта рабіць.

Таму што інтэграцыя - гэта прамая дарога сучаснай цывілізацыі, і іншага шляху ў нас, ды і ў іншых народаў, проста няма.

Аднак, уступаючы ў тыя ці іншыя саюзы або інтэграцыйныя аб'яднанні, мы павінны глядзець не толькі на тое, колькі ў нас застанецца правоў, паўнамоцтваў, суверэнітэту або яшчэ чагосьці, а на тое, што гэта прынясе нашым людзям, нашаму народу, кожнаму чалавеку. І калі для гэтага патрэбны нейкі кампраміс, нейкі саюз, то мы, безумоўна, павінны ісці на яго.

Усё павінна рабіцца для чалавека і ў імя чалавека.

Але пры гэтым мы павінны помніць бясспрэчную ісціну: любая цана мае сваю мяжу. І ёсць базавыя, фундаментальныя рэчы, якімі ахвяраваць ні ў якім выпадку нельга, і ні адна дзяржава, якая хоча быць суверэннай і незалежнай, на гэтыя ахвяры не пойдзе!

Мы ніколі не адмовімся ад сваёй дзяржаўнасці. Зробім усё, каб зберагчы з такой цяжкасцю здабытую незалежнасць.

Не прэтэндуючы на чужое, не аддадзім ні пядзі сваёй зямлі.

Нішто не прымусіць нас прынесці ў ахвяру выпакутаваную пакаленнямі свабоду нашага народа.

І яшчэ. Толькі мы самі, народ Беларусі, будзем вызначаць свой лёс і свой шлях развіцця! Нідзе - ні на Усходзе, ні на Захадзе, ні на Поўначы, ні на Поўдні - няма тых сіл, якія прымусяць нас падпарадкавацца і стаць на калені. (Апладысменты)

Менавіта гэтыя прынцыпы дзяржаўнай палітыкі я як Прэзідэнт падзяляю і распаўсюджваю абсалютна на ўсе сферы.

Як мне здаецца, у нас ва ўсіх павінна быць правільнае разуменне не толькі сутнасці нашай беларускай незалежнасці, але і, скажам так, філасофіі новай еўразійскай прасторы.

У сувязі з гэтым таксама ёсць шмат памылковых поглядаў.

Многія лічаць, што, ствараючы Еўразійскі саюз, палітыкі нашых краін арыентаваны на мінулае. Маўляў, для Казахстана ідэя еўразійства – гэта нешта накшталт рэінкарнацыі стэпавай імперыі Чынгісхана, для Масквы - адраджэнне імперыі рускіх цароў, а для Беларусі - вяртанне ў адноўлены СССР.

Тут побач знаходзяцца развагі аб тым, што новае Еўразійскае аб'яднанне нібыта імкнецца стаць нейкім агрэсіўным цэнтрам сілы, будзе некаму процівагай, заслонай або яшчэ нечым такім.

На самай справе ўсе прыхільнікі гэтага аб'яднання натхнёны зусім іншымі ідэямі.

Паглядзіце на вялікі кантынент Еўразіі. На Захадзе і Усходзе фарміруюцца два магутныя эканамічныя полюсы - Еўрасаюз і Усходнеазіяцкі рэгіён, які ўключае дзве каласальныя краіны - Кітай і Японію.

Нібыта сама геаграфія дыктуе нам, каб паміж палюсамі з'явіліся сувязныя звёны, а лепш звяно. І таму адзіная еўразійская прастора - гэта магутны, глабальны, але толькі першы крок.

Яна фарміруецца намі не для стварэння закрытага рынку, не для процістаяння з кім-небудзь, не для ізаляцыі, а для далейшай інтэграцыі з Еўрасаюзам на Захадзе і дынамічнымі азіяцкімі эканомікамі на Усходзе.

І менавіта гэта прынцыпова адрознівае новы еўразійскі праект ад вядомых гістарычных аналогій - Мангольскага ханства, Расійскай імперыі і Савецкага Саюза.

Гэтак жа, як і ў выпадку нашай незалежнасці, еўразійскі праект натхняецца не мінулым, а будучым.

Ён ствараецца не як новае выданне старых імперый, а як інтэграцыйнае аб'яднанне 21-га стагоддзя.

Гэта значыць, што ў ім не будзе прывычных нам па падручніках гісторыі метраполіі і калоній, у ім будзе роўнасць правоў і магчымасцей. І калі хто-небудзь паспрабуе надаць яму іншы характар, то Беларусь заўсёды будзе супраць.

Дарагія сябры!

Для нас, беларусаў, права самім распараджацца сваім лёсам заўсёды было, ёсць і будзе свяшчэннае.

На жаль, стагоддзямі мы былі пазбаўлены гэтага права. Ні ў польска-літоўскіх княствах і каралеўствах, ні ў раманаўскай імперыі беларусы не былі гаспадарамі свайго лёсу.

І таму для нас выключна важна сёння і ў далейшым самім будаваць сваё жыццё.

Сапраўдны сэнс нашай незалежнасці ў тым, што менавіта яна дала нам магчымасць пабудаваць тое, што сёння называецца беларускай мадэллю.

Неразумна было б сцвярджаць, што мы вынайшлі веласіпед і стварылі нейкую ўнікальную мадэль.

Ідэя моцнай, трывалай улады, гэтак жа, як і ідэя сацыяльнай дзяржавы, - не новыя: яны былі прыдуманы задоўга да нас.

Дзякуючы моцнай уладзе магутны эканамічны рывок зрабілі так званыя азіяцкія тыгры. А мадэль сацыяльнай дзяржавы паспяхова ажыццёўлена ў многіх еўрапейскіх краінах.

Гэтыя прыклады вядомы, і мы не з'яўляемся першапраходцамі.

Але адно бясспрэчна: Беларусь па-свойму, непадобным ні на каго чынам, вырашыла праблему, якая стаяла ў канцы мінулага стагоддзя перад дзясяткамі былых сацыялістычных краін, - праблему пераходу ад размеркавальнай эканомікі да рыначнай.

Формулы пераходу былі больш-менш вядомыя ўсім. Не зразумела было іншае: як зрабіць так, каб простыя людзі калі і пацерпяць, то мінімальным чынам.

І вось тут кожная краіна ішла сваім шляхам.

Практычна ўсе - як ва Усходняй Еўропе, так і ў былых савецкіх рэспубліках - аддалі перавагу шляху шокавых рэформ.

У кагосьці яны былі менш радыкальныя, у кагосьці больш, але так ці інакш усе кінулі свае народы ў бездань рынку, не падтрымаўшы і не абараніўшы людзей.

Унікальнасць беларускай мадэлі і беларускага шляху была ў тым, што мы адмовіліся так сурова выпрабоўваць нашых людзей. Мы паспрабавалі перайсці да новай рыначнай эканомікі паступова, без шоку, без узрушэнняў і з мінімальнымі стратамі.

У сярэдзіне 90-х гадоў гэта задача здавалася невырашальнай. Але ўсе разам мы даказалі, што гэта магчыма.

Можна сказаць, што беларускі шлях аказаўся самым гуманным з усіх магчымых. І гэта дало пэўныя вынікі.

Калі браць перыяд з 1995 года, то па выніках мінулага, 2011-га, года нам удалося практычна патроіць валавы ўнутраны прадукт краіны. Патроіць!

Аб'ём знешняга гандлю за гэты ж час вырас больш як у 8 разоў.

За гады незалежнасці ў асноўны капітал мы інвесціравалі больш як $140 мільярдаў. Заўважу, што гэта 7-ы паказчык у свеце! А ў нас больш як 200 краін. Гэта тое, што мы ўклалі ў дарогі, у прадпрыемствы, у новыя тэхналогіі, гэта значыць гэта грошы, укладзеныя ў будучыню, у развіццё, а не праедзеныя або выведзеныя ў афшоры.

Беларусь лідзіруе сярод краін СНД па ўводу жылля. За гады незалежнасці пабудавана каля 85 мільёнаў квадратных метраў жылой плошчы. Такіх тэмпаў не было нават у савецкі перыяд.

Толькі за апошнія пяць гадоў мільён чалавек палепшылі свае жыллёвыя ўмовы.

Пры колькасці насельніцтва ў памеры 0,1% ад сусветнага на долю нашай краіны прыпадае трэць сусветнага рынку кар'ерных самазвалаў, больш як 15% - калійных угнаенняў, амаль 4% - сметанковага масла, больш як 3% - малака, больш як 2% - сусветнага рынку трактароў.

Адначасова за гады незалежнасці мы практычна ў паўтара раза павялічылі вытворчасць збожжа.

Па якасці адукацыі, аховы здароўя і сацыяльнага капіталу Беларусь займае пачэснае месца ў сусветных рэйтынгах - з 20-га па 30-е. Падкрэсліваю: сярод 200 краін свету.

І гэта даныя не нашы, гэта даныя міжнародных арганізацый.

Усе гэтыя факты сведчаць аб адным: выбіраючы свой шлях, беларускі шлях, мы адмовіліся ахвяраваць чалавекам - вось у чым глыбінная сутнасць нашага гістарычнага выбару ў 90-я гады.

І сёння менавіта незалежнасць дае нам магчымасць ісці тым курсам, які адпавядае інтарэсам простага, звычайнага беларуса.

Мы пераканаліся, што базавыя прынцыпы, якіх мы прытрымліваліся яшчэ з 90-х гадоў, дзейсныя і ў наш час.

Нам па-ранейшаму патрэбна моцная і сумленная ўлада.

Дзякуючы ёй мы стварылі дзяржаву, забяспечылі мір і бяспеку ў краіне, развілі нашу эканоміку.

Дзякуючы моцнай уладзе мы жывём па закону, а не па паняццях.

Дзякуючы моцнай уладзе ў нас можна спакойна жыць і працаваць, хадзіць па вуліцах.

Нам па-ранейшаму патрэбна сацыяльная дзяржава.

Дзякуючы ёй мы далі ўсім работу, пабудавалі тысячы дамоў, абаранілі бюджэтнікаў, моладзь, пенсіянераў і інвалідаў.

І, нягледзячы на любыя праблемы, наша дзяржава заўсёды абароніць простага чалавека.

Нам па-ранейшаму патрэбна справядлівасць.

Дзякуючы ёй мы не дапусцілі расколу грамадства, калі ў адных яхты на Маямі, а нехта бадзяецца па сметніках.

У Беларусі ўсё было, ёсць і будзе сумленна. Мы не далі расцягнуць народную ўласнасць і не дадзім гэтага зрабіць у далейшым. Я вымушаны зрабіць гэту заяву, таму што ўсё часцей і часцей чытаю і чую, што вось заўтра-заўтра-заўтра падзеляць усё, што ёсць у беларускага народа. Ужо спісы ёсць, што каму: каму БелАЗ, каму МАЗ, каму калійную кампанію, каму МТЗ, каму яшчэ нешта. Ужо ўсё-ўсё прапісана. Гэтаму не бываць ніколі. Запомніце: пакуль я Прэзідэнт, гэтага ніколі не будзе. (Апладысменты)

Дарагія мае сябры! Навучыцеся чытаць гэтых аўтараў. Крытэрый адзін, я менавіта з ім гляджу на гэтыя "чыстапісанні". Гэта яны, прыйшоўшы да ўлады, зробяць так, як яны пішуць. Помніце гэта! І мяне, можа, не будзе, але менавіта з гэтых пазіцый вы падыходзьце пры ацэнцы такіх дзеячаў нацыянальнага ўзроўню.

Дарагія сябры!

Я ўсё больш і больш, асабліва калі выязджаю на нейкі час з краіны, вяртаюся, са здзіўленнем чытаю або чую, што вось Лукашэнка - гэта назаўсёды, гэта навечна. І нават апалагет нашай вялікай дзяржавы, які некалі стаяў каля руля, бедны захваляваўся. Жыць жа засталося зусім нямнога, даруй Божа за гэта, я так падумаў, але ўсё роўна перажывае, што Лукашэнка, захапіўшы ўладу, нікуды не пойдзе, аддасць уладу ў спадчыну.

Колькі разоў кажу, не апраўдваючыся перад вамі: мае дзеці прэзідэнцтва наеліся пры сваім бацьку. Ніякай перадачы ўлады ў спадчыну быць не можа.

Зразумейце адну простую рэч: мы сёння гаворым пра суверэнітэт і незалежнасць.

Я чалавек, быццам бы, адносна сціплы і ніколі не кажу, што мне дзякуючы вам выпаў гонар быць у гэтай незалежнай дзяржаве першым Прэзідэнтам, вашым Прэзідэнтам - я ўсё помню. Мінула ўжо нямала гадоў, але я помню, як народ прывёў Лукашэнку да ўлады. Колькі было бойкі. Колькі было прагнозаў і колькі было магчымасцей увесці краіну ў хаос.

Я тады сам сабе паабяцаў. Я першы Прэзідэнт, пасля мяне будуць іншыя, і я павінен зрабіць так, каб нікому не захацелася зрабіць несумленна. Калі я буду сябе паводзіць несумленна, калі я сябе буду паводзіць, як многія алігархі вакол нашай краіны, - у кожнага Прэзідэнта пасля мяне будзе спакуса паўтарыць гэта.

Як першы Прэзідэнт, ваш Прэзідэнт, я сабе проста не магу гэтага дазволіць. І калі вы дзесьці чуеце аб тым, што ў Лукашэнкі мільярды, што ён накраў, што ён вывез, павёз, - лічыце, што яны так і будуць рабіць, калі прыйдуць да ўлады.

Запомніце, наша краіна - астравок сумленнасці і справядлівасці. Так не толькі я ацэньваю яе. Не толькі вы яе так ацэньваеце. Яе так ацэньваюць далёка за тысячы кіламетраў ад нашых граніц. І мы ні ў якім разе, я перш за ўсё, не павінны сапсаваць гэты імідж сумленнай і прыстойнай краіны.

Рана ці позна гэты галоўны капітал прынясе нам і тыя багацці, і працвітанне, пра якія мы сёння марым. Сумленнасць і справядлівасць перш за ўсё - гэта лозунг дзяржаўнай улады ў Рэспубліцы Беларусь. (Апладысменты)

Дарагія сябры!

Мы, вядома ж, пры гэтым не скаваны ніякімі догмамі і тэорыямі.

Сусветны эканамічны крызіс паказвае, што ўніверсальных рэцэптаў дабрабыту, на жаль, не існуе. Свет імкліва змяняецца, і нават самыя, здавалася б, развітыя краіны не заўсёды паспяваюць адаптавацца да гэтых змяненняў.

Не ўсё залежыць ад нас. Глабальныя правілы гульні дыктуюць буйнейшыя сусветныя ігракі. І такія краіны, як Беларусь, часта павінны расплачвацца за іх памылкі. Але іншага не дадзена. Трэба вучыцца гуляць па тых правілах, якія, на жаль, сёння ёсць.

І па-ранейшаму ва ўсіх нашых планах, справах і думках арыенцірам для нас будзе здаровы сэнс і сумленнасць у адносінах адзін да аднаго.

Бо менавіта гэта дало магчымасць нам пабудаваць маладую незалежную Беларусь - дзяржаву, якой мы заўсёды будзем ганарыцца.

Літаральна напярэдадні Дня Незалежнасці мы адкрылі Музей сучаснай беларускай дзяржаўнасці.

У ім сімвалічна прадстаўлены наш з вамі нядаўні гістарычны шлях. Здавалася б, прайшло няшмат гадоў, а ёсць жа што ўспомніць і паказаць іншым людзям.

Сёння нашы маладыя людзі могуць адчуваць глыбокую павагу не толькі да памяці продкаў, але і да спраў сваіх бацькоў і дзядоў - да таго, што стварылі мы з вамі за апошнія два дзесяцігоддзі.

Самае галоўнае - у нас ёсць свая краіна. Краіна, якую пабудавалі мы. Краіна, у якой ужо вырасла першае пакаленне, што нарадзілася ў незалежнай Беларусі.

Нам усім трэба помніць: незалежнасць мае не толькі эканамічнае, але і духоўнае вымярэнне.

Любоў да Радзімы, гатоўнасць дапамагчы ёй і абараніць яе - гэта не эканамічныя і не бухгалтарскія катэгорыі.

Пад шчырым пачуццём нельга падвесці баланс і перавесці ў паказчыкі. Гэта стан розуму і душы.

У сучаснай цывілізацыі паняцце патрыятызму жорстка выпрабоўваецца.

У старажытныя часы патрыятызм у пэўнай ступені быў натуральным паняццем. Чалавек быў прывязаны да сваёй зямлі ў самым прамым сэнсе гэтага слова.

Калі ён яе страчваў, то не мог сябе пракарміць. Калі ў яго край прыходзілі ворагі, то яго забівалі, а сям'ю прадавалі ў рабства.

У тых умовах абарона роднай зямлі была ўмовай выжывання.

Цяпер усё інакш.

Перад чалавекам адкрыты ўсе шляхі і магчымасці. Са сваёй краіны можна спакойна выехаць і ўладкавацца за тысячы вёрст ад радзімы.

Сродкі зносін і перамяшчэння робяць падарожжы ўсё больш лёгкімі і прыемнымі. Глабалізацыя эканомікі дае чалавеку вялікі выбар для прымянення сваіх сіл.

Усе гэтыя працэсы ў будучым толькі будуць узмацняцца.

І ў патрыятычнага пачуцця будзе ўсё менш матэрыяльных, прагматычных асноў. І тады ўсё цалкам і поўнасцю будзе залежаць ад свядомасці чалавека, ад яго выхавання, ад унутранай культуры, ад сілы духу.

Калі нашы новыя пакаленні захаваюць у сабе частку жывога, шчырага пачуцця да роднай зямлі - пачуцця, заснаванага не на прагматычных разліках, а якое ідзе ад душы, ад сэрца, ад глыбокай генетычнай памяці продкаў, - менавіта тады будзе працвітаць наша любімая і родная Беларусь!

З надыходзячым святам вас, дарагія сябры!

З Днём Незалежнасці! (Апладысменты).