Выбары дэпутатаў у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу
- 14
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 11 верасня прыняў удзел у выбарах дэпутатаў у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу.
Кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з работай выбарчага ўчастка, паразмаўляў з наглядальнікамі. Па традыцыі Прэзідэнт таксама адказаў на пытанні журналістаў. Спектр узнятых тэм аказаўся вельмі шырокі - ад функцыянальных абавязкаў будучых дэпутатаў, пытанняў палітычнага жыцця краіны, да беларуска-расійскіх перагавораў па газавай праблематыцы, адносін з Захадам і шэрага рэзанансных грамадска-палітычных тэм.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што дэпутаты павінны настройвацца на складаную і цяжкую заканатворчую работу. "Функцыя прыняцця законаў - выключна функцыя парламента. Таму галоўнае гэта, усё астатняе потым, - сказаў Прэзідэнт. - Імкненне ва ўладу - гэта нармальныя амбіцыі нармальных людзей. Але каб яно не засталося банальным, трэба разумець, што, трапіўшы ў гэту ўладу ў якасці, дапусцім, дэпутата, табе ўсё роўна давядзецца выконваць вельмі цяжкія рэчы: займацца заканатворчасцю і выконваць абяцанае, рабіць карыснае для дзяржавы і народа".
Кіраўнік дзяржавы зрабіў шэраг заяў, якія датычацца знешняй палітыкі. Ён у прыватнасці адзначыў, што Беларусь імкнецца развіваць дыялог з Захадам не на шкоду адносінам з Усходам. "Ніякай шкоды тут няма і быць не можа. Наш лёс такі - мы мост паміж Усходам і Захадам, і гэта наша роля", - падкрэсліў беларускі лідар.
"У нас шматвектарная знешняя палітыка. Не думаю, што знойдзецца беларус, які будзе крытыкаваць уладу за гэту шматвектарнасць", - дадаў ён.
Паводле слоў Прэзідэнта, у хуткім часе ўзаемнае дыпламатычнае прадстаўніцтва Беларусі і ЗША можа аднавіцца на ўзроўні паслоў. "Мы аб гэтым у прынцыпе дамовіліся. Калі - вы спытайце ў амерыканскага боку. Думаю, пасля выбараў прэзідэнта ЗША мы вырашым і гэту праблему. Я згодны, што гэта не нармальна (дарэчы, не мы былі ініцыятарамі ад'езду паслоў). Але мы дамовіліся, што ў бліжэйшы час вырашым гэту праблему", - заявіў Прэзідэнт Беларусі.
Аляксандр Лукашэнка падзяліўся сваім меркаваннем і аб ходзе выбарчай кампаніі ў ЗША, яе магчымых выніках.
Што датычыцца выбараў у Беларусі, Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што прыкладаюцца ўсе намаганні да таго, каб па выніках выбарчай кампаніі з боку Захаду не было ніякіх прэтэнзій. Любы палітык і асабліва кіраўнік дзяржавы, лічыць Аляксандр Лукашэнка, зацікаўлены ў тым, каб адносна яго краіны не ўводзіліся якія-небудзь абмежаванні і санкцыі. "Так, нам непрыемна, што гэтыя санкцыі былі. Тое, што іх адмянілі, - гэта сведчанне таго, што мы мелі рацыю. Мы не заслугоўвалі гэтых санкцый, таксама як і расіяне", - заявіў Прэзідэнт.
Разам з тым Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што калі Беларусі ставяць пэўныя ўмовы, ён перш за ўсё глядзіць на тое, ці адпавядае гэта інтарэсам краіны, ці ёсць магчымасць пайсці на той ці іншы крок. "Калі гэта магчыма, мы на гэта ідзём. Навошта залішне напружваць абстаноўку? Таму мы рабілі ўсё, каб да нас было менш прэтэнзій", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
У адказе на адно з пытанняў прагучала заява і аб хуткім вырашэнні газавага пытання ў беларуска-расійскіх адносінах."Учора скончыліся чарговыя перагаворы на ўзроўні віцэ-прэм'ераў па гэтых пытаннях, - сказаў Прэзідэнт. - Практычна дамовіліся, стварылі нейкі дакумент. Мы яго за ноч прывялі ў той выгляд, як мы яго бачым. Расійскі бок, мабыць, прапануе нейкія свае варыянты. І сёння гэтыя два дакументы знаходзяцца ва ўрадзе Расійскай Федэрацыі. Яны разгледзяць іх і ўнясуць прапановы. Думаю, у бліжэйшы час мы вырашым гэта пытанне".
Аляксандр Лукашэнка расказаў, што, калі ўзнікла гэта пытанне, ён адправіў па спецсувязі тэлеграму Прэзідэнту Расіі Уладзіміру Пуціну, у якой выказаў сваё меркаванне ў некалькіх радках. "Ён адрэагаваў імгненна. І мы дамовіліся, што, калі ёсць праблема, яе трэба вырашаць", - адзначыў беларускі лідар. "Важна адно - дамовімся. Інакш быць не можа", - упэўнены Кіраўнік дзяржавы.
Без увагі не засталася і горача абмяркоўваемая ў СМІ падтрымка беларусамі расійскай зборнай, якая была адхілена ад удзелу ў Паралімпіядзе. "Чаму ў нашых інвалідаў адабралі два расійскія сцягі яшчэ на выхадзе на стадыён? Інвалідаў скруцілі, сцягі забралі. Добра, што мужыкі прадугледзелі пад "цяльняшкай" запасны расійскі сцяг, - сказаў Прэзідэнт. - Гэта салідарнасць, пратэст супраць несправядлівасці, і тут мы з расіянамі ў адной лодцы і будзем заўсёды іх падтрымліваць".
Аляксандр Лукашэнка настойвае на неабходнасці дакладных доказаў фактаў ужывання допінгу і выступае супраць калектыўнай адказнасці. Прэзідэнт таксама падтрымаў неабходнасць нейкім чынам "узварухнуць" Міжнародны алімпійскі камітэт і асабліва Сусветнае антыдопінгавае агенцтва. У якасці прыкладу ён прывёў выпадак, калі допінг-пробы атлетаў з адных краін аказаліся нібыта выпадкова знішчаны, а прабіркі з пробамі беларусаў і расіян, наадварот, былі дасканала вывучаны. "А як пераправерыць ісціну? А ніяк - вось мы там вырашылі і бывайце здаровы. Гавораць - суд. А суддзі хто? Вось і ўся дэмакратыя", - заўважыў Кіраўнік дзяржавы.
Гаворачы аб пытаннях унутранага развіцця краіны, Аляксандр Лукашэнка расказаў аб падыходах да фарміравання цэн на паслугі ЖКГ. Канцэптуальная пазіцыя заключаецца ў тым, што той, хто можа плаціць, павінен гэта рабіць у неабходным аб'ёме. Ёсць таксама ўстаноўлены ліміт на павышэнне кошту гэтых паслуг у эквіваленце $5 у год. "У гэтым годзе ўсё вычарпана, ніякіх павышэнняў не будзе. У наступным годзе $5 будзе дакладна", - заявіў Прэзідэнт.
"Мы яшчэ паглядзім, як будзе развівацца эканоміка, і наколькі мы зможам падтрымаць людзей. Калі ў кішэнях нічога няма, то апошняе ніхто не мае права забраць. Таму што мы атрымаем праблему, як ва Украіне - паднялі, як МВФ патрабаваў, на 100 працэнтаў. Вялікія неплацяжы - спарадзілі другую праблему. Я гэтага не хачу", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка ў цэлым лічыць правільным падыход на паступовае павелічэнне працэнта пакрыцця насельніцтвам кошту паслуг ЖКГ, але пры ўмове выпрацоўкі сістэмы, якая дае магчымасць падтрымаць у гэтым пытанні пэўныя слаі насельніцтва. Адпаведнае даручэнне было дадзена Ураду, і важны крок у гэтым напрамку - укараненне ў Беларусі з 1 кастрычніка бягучага года безнаяўных жыллёвых субсідый.
Прэзідэнт у час размовы з журналістамі таксама адказаў на пытанні развіцця горадабудаўнічай палітыкі ў сталіцы, падтрымання здаровага ладу жыцця, больш шырокага выкарыстання ў стасунках беларускай мовы.
"Чаму мы імкнёмся ведаць англійскую, іспанскую, італьянскую мовы, а рускую - не, асабліва частка нашай апазіцыі, - адзначыў Прэзідэнт. - Яна нам не чужая. Гэта не толькі маё меркаванне, але і большасці нашага народа".
"Калі мы яшчэ тут, у моўнай праблеме, падзелімся - гэта будзе першы крок да дрэнных наступстваў не толькі паміж Беларуссю і Расіяй", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт адзначыў, што ў Беларусі так склалася гістарычна, што большасць насельніцтва размаўляе менавіта на рускай мове. Разам з тым гэта не перашкаджае развіваць і сваю нацыянальную мову, падтрымліваць "беларускасць". "Гэта і наша мова (руская). Гэта жывая з'ява, і мы ў яе ўнеслі вялікі ўклад", - рэзюмаваў Кіраўнік дзяржавы.