Сустрэча з Прэзідэнтам Ірана Махамадам Хатамі
- 4
Рэспубліка Беларусь і Ісламская Рэспубліка Іран пацвердзілі ўзаемную зацікаўленасць у актывізацыі двухбаковых кантактаў. Аб далейшым пашырэнні беларуска-іранскага супрацоўніцтва ішла размова ў час сустрэчы 10 верасня Кіраўніка беларускай дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі і Прэзідэнта Ісламскай Рэспублікі Іран Махамада Хатамі, які прыбыў у нашу краіну з афіцыйным візітам.
Раніцай адбылася афіцыйная цырымонія сустрэчы высокага іранскага госця каля рабочай рэзідэнцыі беларускага Прэзідэнта. Затым прайшлі перагаворы Аляксандра Лукашэнкі і Махамада Хатамі ў фармаце сам-насам, якія прадоўжыліся ў пашыраным складзе.
На сустрэчы беларускі лідар адзначыў, што ў апошнія гады беларуска-іранскае супрацоўніцтва развіваецца вельмі эфектыўна ў гандлёва-эканамічнай сферы, у галіне дыпламатыі і палітыкі.
"Мы вельмі цэнім наша супрацоўніцтва, вельмі даражым нашымі адносінамі з Іранам і ўсяляк будзем паглыбляць і развіваць двухбаковыя сувязі", - падкрэсліў Прэзідэнт. Аляксандр Лукашэнка перакананы, што ў бліжэйшы час, на працягу двух-трох гадоў, мы зможам падвоіць нашы кантакты і дабіцца больш значных поспехаў на карысць народаў дзвюх краін. На думку беларускага Прэзідэнта, візіт у Беларусь іранскай дэлегацыі такога высокага ўзроўню будзе садзейнічаць паглыбленню двухбаковага ўзаемадзеяння па ўсіх напрамках і ліквідацыі недахопаў у асобных сферах супрацоўніцтва.
Лідары дзвюх дзяржаў абмеркавалі на перагаворах перспектывы зборкі на тэрыторыі Ірана велікагрузных аўтамабіляў "МАЗ" і трактароў, магчымасць стварэння ў Беларусі сумеснага беларуска-іранскага прадпрыемства па выпуску паперы і пастаўкі гатовай прадукцыі ў Іран, а таксама шэраг іншых перспектыўных праектаў.
Кіраўнік дзяржавы выказаў упэўненасць у тым, што тавараабарот паміж дзвюма краінамі можа ў дзесяткі разоў перавысіць цяперашні ўзровень. На думку Аляксандра Лукашэнкі, нават 100 мільёнаў долараў узаемнага тавараабароту - гэта мінімальны пункт адліку ў нашых эканамічных адносінах. "У нас з Іранам вялікі патэнцыял, які нельга страціць. Неабходна яго выкарыстоўваць у поўнай меры, каб узняць тавараабарот на больш высокую планку, і мы поўныя рашучасці дабівацца гэтага", - падкрэсліў Кіраўнік беларускай дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка заявіў аб гатоўнасці Беларусі супрацоўнічаць з Іранам у сферах навукі, адукацыі, культуры, аховы здароўя, спорту. "Словам, у нас няма такіх напрамкаў, па якіх мы не маглі б узаемадзейнічаць. Мы абсалютна адкрыты для супрацоўніцтва з гэтай дружалюбнай дзяржавай", - заявіў Прэзідэнт нашай краіны.
Кіраўнік дзяржавы запэўніў што ўсе дасягнутыя дамоўленасці беларускі бок будзе дакладна выконваць, нягледзячы ні на якія перашкоды: "мы знаходзімся ў рамках нармальных прававых міжнародных адносін, нікому не шкодзім, не супрацоўнічаем супраць каго-небудзь. Мы супрацоўнічаем у імя таго, каб і беларускі, і іранскі народы жылі багацей і адчувалі сябе больш упэўнена".
На сустрэчы былі закрануты пытанні міжнароднага парадку дня. У цэнтры ўвагі - барацьба з міжнародным тэрарызмам. Беларусь і Іран выступаюць не толькі супраць тэрору, але і супраць любых праяў насілля.
Як падкрэсліў Махамад Хатамі, нельга асобным дзяржавам захопліваць чужыя тэрыторыі, навязваць сваю думку іншым краінам, аказваць націск на іх.
Лідары дзвюх краін выказалі адзінае меркаванне, што ўсё чалавецтва павінна змагацца супраць гэтага зла.
Пазіцыя Беларусі аб непрымальнасці любых форм насілля непахісная. Яшчэ тры гады таму, пасля падзей 1 верасня ў ЗША, Аляксандр Лукашэнка заявіў аб тым, што змагацца трэба не з тэрарызмам - гэта вынік, а з прычынамі, якія яго выклікаюць. Тады аб гэтым адкрыта ніхто не асмельваўся гаварыць. Сёння гэта пазіцыя агучваецца вядучымі сусветнымі палітыкамі.
На сустрэчы з іранскім лідарам Кіраўнік беларускай дзяржавы зноў падкрэсліў: "Каб не было тэрарызму, нельга спараджаць прычыны, якія вядуць да праяўлення тэрарызму, галоўныя з іх - націск моцных дзяржаў на слабыя, дыскрымінацыя адных народаў другімі. І калі не будзе гэтых прычын, мы не будзем сутыкацца з чумой новага стагоддзя - тэрарызмам, або, прынамсі, яго праяўленні будуць зведзены да мінімуму".
Прэзідэнт Ірана станоўча ацаніў узровень узаемадзеяння паміж нашымі краінамі, якое паступальна развіваецца. Махамад Хатамі падкрэсліў, што Іран надае вялікае значэнне супрацоўніцтву з Беларуссю, якое з'яўляецца адным з прыярытэтных напрамкаў палітыкі гэтай краіны, - гэта воля іранскага народа і Урада. Ён выказаў упэўненасць у будучым беларуска-іранскіх адносін, якія павінны развівацца на карысць двух народаў, ствараць спрыяльныя ўмовы для стабільнасці як у рэгіёне, так і ў свеце.
Махамад Хатамі адзначыў, што ў эканоміцы Беларусі назіраецца прагрэс ва ўсіх галінах, у тым ліку ў сельскай гаспадарцы.
Ён падкрэсліў важнасць таго, што Беларусь праводзіць незалежную палітыку. Іранскі лідар сказаў, што ў нашай краіны - вялікая гісторыя. У гады Другой сусветнай вайны Беларусь аказвала каласальнае супраціўленне фашызму на карысць усяго чалавецтва. Махамад Хатамі падкрэсліў, што народ, які змагаўся супраць фашызму, павінен і цяпер даваць адпор усялякаму дыктату збоку.
Высокі іранскі госць выказаў словы захаплення прыгожай беларускай прыродай, якая быццам бы падкрэслівае шчырасць душы беларускага народа. "Гэта свежасць, высакароднасць не толькі ў прыродзе - мы бачым, што такая ж свежасць ёсць і ў інтэлектуальных аспектах жыцця беларускага грамадства ў яго палітычнай, эканамічнай і іншых сферах жыцця", - падкрэсліў Махамад Хатамі.
Па выніках сустрэчы на вышэйшым узроўні падпісаны шэраг сумесных беларуска-іранскіх дакументаў, якія, на думку Аляксандра Лукашэнкі, стануць дастойным укладам у далейшае развіццё двухбаковых сувязей і ўмацаванне дагаворна-прававой базы. Аляксандр Лукашэнка і Махамад Хатамі паставілі свае подпісы пад Дагаворам аб асновах узаемаадносін і прынцыпах супрацоўніцтва паміж Рэспублікай Беларусь і Ісламскай Рэспублікай Іран.
Падпісаны таксама два Мемарандумы аб узаемаразуменні па пытаннях эканамічнага і навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва, а таксама папярэджання прыродных і тэхнагенных надзвычайных сітуацый і ліквідацыі іх вынікаў, тры Міжурадавыя пагадненні аб кантактах і ўзаемнай дапамозе ў мытных справах, аб супрацоўніцтве ў сферы бяспекі, аб сувязях у галіне культуры, адукацыі, сродкаў масавай інфармацыі, спорту і турызму.