Сустрэча са Старшынёй Следчага камітэта Расіі Аляксандрам Бастрыкіным

  • 9
  • 4:27

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 10 верасня сустрэўся са Старшынёй Следчага камітэта Расіі Аляксандрам Бастрыкіным.

Сустрэча Прэзідэнта з Аляксандрам Бастрыкіным прайшла напярэдадні прафесійнага свята беларускіх следчых: 12 верасня адзначаецца Дзень супрацоўніка органаў папярэдняга следства. Таму Кіраўнік дзяржавы ў першую чаргу павіншаваў Старшыню Следчага камітэта Беларусі Дзмітрыя Гару, які прысутнічаў на сустрэчы, і ў яго асобе ўсіх беларускіх следчых з надыходзячым святам. Тым больш у гэтым годзе спаўняецца 10 гадоў з дня ўтварэння гэтага ведамства.

"Скажам шчыра, гэта людзі, якія ў гэтай вялікай рабоце з'яўляюцца асноўным звяном, - заявіў Аляксандр Лукашэнка. - У нас у цэлым нядрэнны склад следчых органаў. Падрыхтаваныя, адказныя, сумленныя людзі".

Прэзідэнт нагадаў, што напярэдадні сённяшняй сустрэчы ў Маскве адбыліся яго перагаворы з расійскім калегам. "Добрыя былі ўчора мерапрыемствы на ўзроўні прэзідэнтаў Беларусі і Расіі. Мы пра многае дамовіліся, гэта вельмі сур'ёзныя дамоўленасці. Такіх крокаў мы яшчэ не рабілі, як за гэтыя тры гады падрыхтоўкі і выдачы гэтых саюзных праграм", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Зацвердзіць распрацаваныя праграмы Саюзнай дзяржавы плануецца на пасяджэнні Вышэйшага Дзяржаўнага савета. Правядзенне пасяджэння намечана на 4 лістапада, расказаў Кіраўнік дзяржавы. У гэты дзень, дарэчы, у Расіі адзначаецца Дзень народнага адзінства.

Напярэдадні саюзныя праграмы былі ўзгоднены на перагаворах прэзідэнтамі, а да гэтай даты будуць дашліфаваны і прыняты ўрадамі абедзвюх краін.

"У гэтым напрамку пачата ўжо сур'ёзная работа. Трэба перавярнуць цэлы пласт унутранага заканадаўства, каб прыстасаваць да гэтых дамоўленасцей. І асабліва нашы міждзяржаўныя дагаворы - яны таксама павінны адпавядаць нашым дамоўленасцям", - адзначыў беларускі лідар.

Паводле яго слоў, вельмі важнае месца ў час перагавораў з Уладзімірам Пуціным занялі пытанні забеспячэння бяспекі. "Увесь час следчыя органы ў нас былі ў тэме. Мы дамовіліся з Прэзідэнтам Расіі, што мы ўсяляк будзем у гэты няпросты час падтрымліваць нашых следчых. І міжнародная абстаноўка да гэтага падштурхоўвае: паток бежанцаў, наркотыкі захлістваюць Расію і Беларусь. Таму роля органаў следства, папярэдняга дазнання вельмі ўзрастае. Будзем працаваць разам, на нас вы заўсёды можаце разлічваць", - запэўніў Аляксандр Лукашэнка.

Гаворачы аб узаемадзеянні следчых органаў Беларусі і Расіі, Кіраўнік дзяржавы адзначыў наладжаны абмен вопытам паміж бакамі. "Я ўдзячны, што на любым узроўні любая просьба выконваецца імгненна з боку Расіі: падзеляцца вопытам, ведамі, матэрыяльнай базай і дапамогуць, калі патрэбна недзе правесці якія-небудзь мерапрыемствы", - дадаў Прэзідэнт.