Сустрэча са Старшынёй Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Уладзімірам Андрэйчанкам

  • 6
  • 3:38

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 7 ліпеня сустрэўся са Старшынёй Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Уладзімірам Андрэйчанкам.

Кіраўнік дзяржавы папрасіў коратка далажыць аб выніках праведзенай парламенцкай сесіі, адзначыўшы, што ў цэлым у курсе работы парламента. "Вельмі коратка аб праблемах, калі яны ёсць. Але хацеў бы звярнуць Вашу ўвагу на тое, што ролю парламента ў новай Канстытуцыі мы значна ўзнялі. Гэта, можа, і добра, але да гэтага павінны быць гатовы дэпутаты", - падкрэсліў беларускі лідар.

Уладзімір Андрэйчанка ўдакладніў, што чарговыя выбары ў Палату прадстаўнікоў павінны прайсці ў адзіны дзень галасавання 25 лютага 2024 года.

"Так, адзіны дзень галасавання. Яшчэ працаваць вельмі доўга. Два гады практычна. Я рады, што мы ўсё ж такі ўпор робім на работу цяперашняга парламента. Таму што дэпутаты ўжо вопытныя, уцягнуліся ў работу. І цяпер вялікі масіў нарматыўна-прававой работы. Нам трэба прыняць мноства законаў у развіццё палажэнняў новай Канстытуцыі, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - І самае галоўнае, пытанні ўлады. Усебеларускі народны сход. Гэта новыя законы. І па эканоміцы давядзецца недзе карэкціравацца, і пераразмеркаванне паўнамоцтваў і гэтак далей. Што мы, у прынцыпе, робім ужо даўно".

"Думаю, мы справімся з гэтымі пытаннямі. Таму што абстаноўка такая няпростая, але людзі шмат зразумелі. У тым ліку і асобныя нашы дэпутаты. Таму ў сувязі з новай Канстытуцыяй у нас наперадзе вельмі вялікая работа, і яна ляжа перш за ўсё на заканатворчы працэс, на дэпутатаў", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён асабліва адзначыў, што многае ў арганізацыі работы залежыць і асабіста ад Уладзіміра Андрэйчанкі, улічваючы яго вялікі вопыт.

У сваю чаргу Уладзімір Андрэйчанка падкрэсліў важнасць ацэнкі і ўвагі Кіраўніка дзяржавы, якую ён удзяляе рабоце дэпутацкага корпуса. "За мінулую сесію намі праведзена вялікая работа. Упершыню за апошнія гады за час сесіі мы прынялі 20 законапраектаў у першым і другім чытаннях. Гэтага патрабавалі абстаноўка, бяспека, стабільнасць нашай краіны, развіццё эканомікі. Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў за гэта скліканне самі напісалі 7 законаў, якія таксама былі прыняты", - расказаў Старшыня Палаты прадстаўнікоў.

"Цяпер мы вельмі актывізаваліся па рабоце на расійскім напрамку. Суверэнітэт, незалежнасць - гэта святое. Інтарэсы беларускага народа. Але трэба разумець, што ў Расіі глабальныя інтарэсы. У іх таксама адпаведныя погляды на развіццё Беларусі. І гэта правільна. Сёння ўжо ўсе зразумелі, што такое Беларусь для Расіі і Расія для Беларусі. У гэтым плане нам таксама давядзецца актывізавацца. Захоўваючы суверэнітэт, незалежнасць, мы павінны зрабіць максімум па кааперацыі ў эканоміцы, па нашым адзінстве, яднанні. Усё зрабіць для таго, каб ніхто не мог кінуць камень у нас, што мы не вырашылі нейкія пытанні ва ўзаемаадносінах з Расіяй", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што адпаведныя напрамкі па развіцці супрацоўніцтва з Расіяй абазначаны ў саюзных праграмах. "Усё гэта трэба ўвасабляць у законы. І, яшчэ раз падкрэсліваю, бачачы нашу дзяржаву ў перспектыве як суверэнную і незалежную, - сказаў ён. - Мы дастаткова разумныя, як я гаварыў, для таго, каб з расіянамі выбудаваць нармальныя адносіны".