Сустрэча з першым віцэ-прэзідэнтам кітайскай карпарацыі Citic Construction Co., Ltd Ян Цзяньцянам

  • 10
  • 3:12

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 22 верасня правёў сустрэчу з першым віцэ-прэзідэнтам кітайскай карпарацыі Citic Construction Co., Ltd Ян Цзяньцянам.

Беларускі лідар адзначыў, што ў будучым плануе абмеркаваць шэраг пытанняў са Старшынёй КНР Сі Цзіньпінам, і да гэтага хацеў бы высветліць асобныя моманты па рабоце Citic Construction у Беларусі.

"Ёсць шэраг пытанняў, якія мы павінны з вамі абмеркаваць, таму што вы - буйнейшая кампанія, якая працуе ў Беларусі. Усё гэта звязана з тым, што мне трэба грунтоўна падрыхтавацца да размовы зусім хутка, як дамовіліся, са Старшынёй Сі Цзіньпінам, - растлумачыў Аляксандр Лукашэнка.- Мы правялі грунтоўную і змястоўную сустрэчу на зямлі Самарканда (у час саміту ШАС. - Заўвага) са Старшынёй (КНР Сі Цзіньпінам. - Заўвага), абмеркавалі ўсе эканамічныя пытанні нашага ўзаемадзеяння, у тым ліку і пытанні, якія ўваходзяць у сферу вашай кампетэнцыі і адказнасці, і дамовіліся, што пасля 20-га з'езда КПК мы больш грунтоўна ў рабочым рэжыме пагаворым і аб эканоміцы, і аб палітыцы, і аб ваенна-тэхнічным супрацоўніцтве".

"Я вельмі спадзяюся, што гэты ваш візіт не проста праясніць сітуацыю па некаторых праектах і мы зможам абгаварыць тэрміны завяршэння гэтых праектаў, але і ваш візіт дасць магчымасць зазірнуць у будучыню нашых адносін, асабліва ў будаўнічай галіне", - дадаў Кіраўнік дзяржавы. Паводле яго слоў, Citic Construction выказвае гатоўнасць працаваць у Беларусі і будаваць па самых сучасных тэхналогіях шэраг прадпрыемстваў. "Мы гэта вітаем", - падкрэсліў Прэзідэнт.

У час сустрэчы бакі абмеркавалі некаторыя сумесныя праекты на перспектыву. У прыватнасці, размова ішла аб будаўніцтве азотнага комплексу, цэха па вытворчасці паперы на Светлагорскім ЦКК, а таксама арганізацыі глыбокай перапрацоўкі прадукцыі аграпрамысловага комплексу. Што датычыцца апошняга, то з боку кітайскіх партнёраў ёсць сур'ёзная зацікаўленасць у стварэнні такой вытворчасці з мэтай далейшага экспарту прадукцыі на рынак Кітая. Кіраўнік дзяржавы гэту ініцыятыву падтрымаў і даў даручэнне адказным службовым асобам аказаць садзейнічанне ў яе рэалізацыі.

Кітайскі госць падзякаваў Кіраўніку беларускай дзяржавы за магчымасць сустрэчы. "У Вас у Кітаі шмат паклоннікаў", - падкрэсліў Ян Цзяньцян.

Ён адзначыў, што працуе ў Беларусі з 2007 года і за гэтыя 15 гадоў быў адказным за рэалізацыю шэрага буйных інвестыцыйных праектаў у нашай краіне.

"Сёння дзявяты раз, калі я з Вамі знаходжуся на такой блізкай адлегласці. Таму гэта для мяне вялікі гонар. Дзякую Вам за шматгадовую нязменную падтрымку нашай карпарацыі", - сказаў кітайскі прадстаўнік.

"Кіраўнікі нашай карпарацыі даручылі мне перадаць ад іх цёплае прывітанне і найлепшыя пажаданні, перш за ўсё пажаданні моцнага здароўя", - адзначыў Ян Цзяньцян.