Сустрэча з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Ірана ў Беларусі Саідам Яры

  • 9
  • 2:58

Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка 21 лютага правёў сустрэчу з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Ірана ў Беларусі Саідам Яры, які завяршае сваю дыпламатычную місію ў Беларусі.

Гаворачы аб супрацоўніцтве з Іранам, Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што вынікі маглі б быць значна большыя, але ўсё тое, што ўжо зроблена за перыяд дзейнасці пасла ў Беларусі, з'явіцца асновай, фундаментам будучых двухбаковых адносін. "Вядома ж, як я ўжо сказаў, больш маглі зрабіць, але сітуацыя, якая складваецца ў свеце і вакол Ірана і Беларусі, на шчасце, вымушае нас быць бліжэй і шукаць тыя формы супрацоўніцтва, якія сёння запатрабаваны", - адзначыў беларускі лідар.

Узровень тавараабароту паміж дзвюма краінамі Прэзідэнт ацаніў як нармальны, але разам з тым, паводле яго слоў, хацелася б бачыць яго "больш аб'ёмным". "Нам трэба пераходзіць ад простага гандлю да кааперацыі. Трэба ў Іране і ў Беларусі ствараць сумесныя вытворчасці", - упэўнены Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік беларускай дзяржавы таксама выказаў зацікаўленасць наконт сумеснага праекта Расіі, Азербайджана, Ірана па будаўніцтве чыгуначнага і аўтамабільнага пуці Поўнач-Поўдзень. Аб гэтым праекце, у прыватнасці, ішла размова на сустрэчы прэзідэнтаў Беларусі і Расіі. "Мы ў гэтым вельмі зацікаўлены", - падкрэсліў беларускі лідар.

"Вы бачыце, што задач перад нашымі дзяржавамі, перад кіраўніцтвам краін шмат. Я вельмі спадзяюся, што Ваша далейшая работа, у тым ліку і ў Тэгеране, будзе садзейнічаць паглыбленню нашых адносін. Думаю, што Вы асабіста ў гэтым будзеце зацікаўлены", - звярнуўся Прэзідэнт да пасла Ірана.

"Вы ведаеце, што ў бліжэйшы час, у сярэдзіне сакавіка, я планую па запрашэнні Прэзідэнта Ірана пабываць з візітам у Іране. І там мы абмяркуем істотныя пытанні нашых адносін, - сказаў беларускі лідар. - Я абсалютна ўпэўнены, што гэта будзе значная наша сустрэча і перагаворы ў Іране, якія выведуць нас на больш высокі ўзровень супрацоўніцтва. Але галоўнае - мы не павінны страціць гэты момант і гэты час, каб наладзіць нашы адносіны на больш высокім узроўні".