Сустрэча з бежанцамі ў транспартна-лагістычным цэнтры на беларуска-польскай граніцы

  • 35
  • 3

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 26 лістапада наведаў транспартна-лагістычны цэнтр каля пункта пропускаў "Брузгі", дзе размешчаны бежанцы.

У ТЛЦ Кіраўнік дзяржавы прыбыў разам з губернатарам Гродзенскай вобласці Уладзімірам Каранікам і Старшынёй Дзяржпагранкамітэта Анатолем Лапо. Прэзідэнта тут сустрэлі яго памочнік - інспектар па Гродзенскай вобласці Юрый Караеў, старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Савета Рэспублікі Віктар Лісковіч, генеральны сакратар Беларускага Чырвонага Крыжа Дзмітрый Шаўцоў.

Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся з умовамі размяшчэння бежанцаў, агледзеў пункт раздачы прадуктаў харчавання ў цэнтры, пацікавіўся, ці на ўсіх хапае прадуктаў. Кіраўнік дзяржавы таксама сустрэўся з прадстаўнікамі Чырвонага Крыжа і паразмаўляў з бежанцамі, якія не расстаюцца з надзеяй трапіць у краіны Еўрапейскага саюза. Мігранты сустрэлі Кіраўніка дзяржавы апладысментамі.

Беларускі лідар пацікавіўся ў іх, ці хапае ў цэнтры месца для размяшчэння мігрантаў, ці ўсё задавальняе ў плане арганізацыі быту. "У цэлым усё нармальна", - адказалі бежанцы Прэзідэнту.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што сітуацыя на граніцы пастаянна маніторыцца. Ён таксама расказаў аб арганізаваных рэйсах для мігрантаў, каб яны маглі вярнуцца на радзіму. "Паглядзім тры-чатыры дні. Потым, калі патрэбна будзе дабавіць месцаў для размяшчэння, мы дабавім", - сказаў беларускі лідар.

У цэнтры ўвагі Кіраўніка дзяржавы былі ў тым ліку і пытанні пажарнай бяспекі. Раней Аляксандр Лукашэнка даваў даручэнні наконт гэтага кіраўніку МНС Вадзіму Сіняўскаму і губернатару Гродзенскай вобласці Уладзіміру Караніку. Чыноўнікі, якія суправаджалі Прэзідэнта, праінфармавалі аб умовах размяшчэння бежанцаў, арганізацыі харчавання і прынятых мерах проціпажарнай бяспекі.

Размаўляючы з бежанцамі, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ўпэўнены ў вырашэнні міграцыйнага крызісу на граніцы.

"Усе мы людзі. Бываюць складанасці, бываюць цяжкасці, але я ўпэўнены, што мы разам пераадолеем гэтыя праблемы", - сказаў Прэзідэнт.

"Я ведаю, што да вас прыязджаюць многія міжнародныя арганізацыі, іх прадстаўнікі. Нехта прыязджае дапамагчы з чыстым сэрцам, а нехта прыязджае, каб паказацца на вашым фоне, што яны вырашаюць тут нейкія праблемы", - звярнуў увагу беларускі лідар.

"Хачу сказаць, што мая задача і ўсіх тых, хто тут па маім даручэнні працуе, - дапамагчы вам, людзям, якія трапілі ў бяду", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Ён адзначыў, што ў многіх бежанцаў ёсць мабільныя тэлефоны, і людзі адтуль атрымліваюць інфармацыю. "Сёння чуецца шмат галасоў. І ў вашых тэлефонах шмат розных сігналаў. Палова - сігналы справядлівыя, сумленныя, шчырыя. А палова - фэйкі, няпраўда. І вам трэба, знаходзячыся тут, навучыцца адрозніваць праўду ад няпраўды, - сказаў беларускі лідар. - Яшчэ раз падкрэсліваю: вельмі важна вызначаць, дзе праўда, а дзе няпраўда".

"Нехта з вас, паверыўшы заходняй прапагандзе, шукае там лепшага жыцця. Напэўна, там жыццё лепшае, чым на той зямлі, адкуль вы прыехалі. Але самае страшнае, як я разумею (я бачу, тут вельмі шмат дзетак, каля 300-400, і столькі ж жанчын), вы, дарослыя людзі, не бачыце перспектывы для сваіх дзяцей у сябе на радзіме. Кожны з вас, маючы дзяцей, хацеў бы, каб яны атрымалі дастойную адукацыю і дастойную працу", - сказаў беларускі лідар.

"Словам, тут людзі розныя. Але праблема ў вас адна, вялікая, агульная: вы проста трапілі ў бяду. Я ўпэўнены, што гэта часова", - дадаў Кіраўнік дзяржавы. Ён звярнуў увагу, што на яго сустрэчы з бежанцамі прысутнічаюць прадстаўнікі заходняй супольнасці, журналісты. "Няхай яны ведаюць, што мы, беларусы, і я ў тым ліку як Прэзідэнт Беларусі, будзем рабіць усё так, як вы пажадаеце, нават калі гэта будзе дрэнна для палякаў, латышоў і яшчэ некага. Мы будзем рабіць так, як вы захочаце", - сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка, гаворачы аб тым, што можа ў гэтай сітуацыі Беларусь зрабіць для бежанцаў, растлумачыў, што па-за кампетэнцыяй нашай краіны дапамагчы бежанцам трапіць у Германію. "Вы разумееце, што мы не можам учыніць вайну, каб прабіць вам калідор цераз Польшчу да Германіі. Вы бачыце, як яны рэагавалі, калі вы падышлі бліжэй да іх. Яны вас залілі ядахімікатамі, святлошумавымі гранатамі, слёзатачывым газам і гэтак далей. Не дай бог, пайшлі б далей да граніцы, пачалі б страляць. Людзі з таго боку звар'яцелі", - канстатаваў Кіраўнік дзяржавы.

Ён нагадаў аб сваёй размове з Ангелай Меркель, якая паабяцала, што пастараецца разам з Еўрасаюзам вырашыць праблему людзей, якія жывуць у лагеры на беларускай тэрыторыі паблізу граніцы. "Мы паабяцалі еўрапейцам, што будзем рабіць усё для таго, каб жадаючыя маглі вярнуцца да сябе на радзіму, калі вы пажадаеце", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт падкрэсліў, што Беларусь не будзе іграць і рабіць палітыку на лёсах бежанцаў. "Мы добра ведаем і разумеем вас. Вы імкнецеся трапіць у Еўропу. Вас туды запрасілі, і вы хочаце туды трапіць. У некаторых з вас там частка вашай сям'і: у кагосьці жонкі, у кагосьці мужы, у кагосьці бацькі. Вы хочаце ўз'яднаць свае сем'і, і такіх людзей нямала".

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што з Беларусі было эвакуіравана на радзіму каля тысячы мігрантаў. "Але я хачу, каб вы ведалі: мы ні ў якім разе не будзем вас затрымліваць, звязваць рукі або нейкім іншым чынам грузіць у самалёты і адпраўляць на радзіму, калі вы гэтага не хочаце", - падкрэсліў Прэзідэнт.

"Калі вы захочаце ісці ў заходнім напрамку, мы не будзем вас душыць, хапаць і збіваць. Гэта ваша воля. Пройдзеце - ідзіце. Вось і ўся філасофія. Я ведаю, што сказанае мной не ўсім спадабаецца, асабліва за мяжой, але гэта праўда, яны павінны ведаць праўду", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

"Паводле даных палякаў і іншых сумежных улад, на тэрыторыю Польшчы, Літвы, Латвіі штосутачна цяпер  праходзяць да 200 чалавек. Ганяюцца за імі ўнутры Польшчы, некаторых яны вылоўліваюць і выкідваюць зноў на граніцу. Вельмі шмат хворых і знясіленых людзей: кожныя суткі мы прыкладна па 10 чалавек забіраем з граніцы і адвозім у бальніцу. Астатнія на працягу сутак зноў ідуць на тэрыторыю Польшчы і імкнуцца прайсці ў Германію", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. Паводле яго слоў, у гэтым выпадку размова ідзе пераважна аб дарослых людзях без дзяцей. А з дзецьмі - да дзясятка чалавек усяго.

Прэзідэнт агучыў даныя аб тым, што за апошнія суткі праз граніцу Беларусі на тэрыторыю Польшчы і менш - на тэрыторыю Літвы пайшлі прыкладна 200 чалавек. "Гэта людзі, якія знаходзіліся ў Мінску, Гродне, жылі на прыватных кватэрах. З вашага лагера, можа, 10 чалавек", - растлумачыў беларускі лідар.

"За апошнія суткі была спроба проста па-зверску выкінуць на граніцу з боку Польшчы каля 400 чалавек. Яны пайшлі назад. Засталіся на граніцы ў нас 150 чалавек, якія ходзяць па лініі граніцы", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Паводле падлікаў беларускага боку, на тэрыторыі нашай дзяржавы акрамя 2-тысячнага лагера ў Гродзенскім раёне знаходзяцца яшчэ каля 2-3 тыс. бежанцаў з краін Блізкага Усходу. "Але гэта вельмі прыблізныя лічбы", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт адзначыў, што бежанцы з Афганістана будуць спрабаваць цераз Украіну трапіць у ЕС. Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, гэта пытанне цяпер хвалюе беларускі бок. Каб процістаяць мігрантам, украінцы нарошчваюць на граніцы пазіцыі сілавікоў.

"Яшчэ адна тэма нас хвалюе. Разбамбілі Афганістан, знішчылі фактычна краіну. І ўжо не самалётамі, а сухапутным шляхам у заходнім напрамку пачалі рухацца афганцы. Яны імкнуцца прайсці не толькі цераз Беларусь, але і цераз Украіну, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Ведаючы гэта, Украіна пачала выводзіць войскі на сваю граніцу, каб перашкаджаць бежанцам". 

Беларусь жа, паводле слоў Прэзідэнта, не будзе чыніць перашкод бежанцам на іх шляху ў Еўрасаюз. "Таму, хто хоча паехаць дадому, мы дапаможам гэта зрабіць, але прымушаць не будзем. Гэта ваша права. Той, хто хоча рухацца ў заходнім напрамку, гэта таксама ваша права. Мы не будзем вас лавіць, збіваць і ўтрымліваць за калючым дротам", - падкрэсліў беларускі лідар. 

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што краіны Захаду непакояцца з прычыны таго, што паблізу граніцы з ЕС сканцэнтраваны каля 2 тыс. бежанцаў. "Яны гэтага баяцца, таму што ва ўсіх стужках навін вашы твары. Яны хацелі б, каб мы вас раскідалі або ў Беларусі, або ва Украіне, або ж назад вярнулі дадому - толькі б разгрупавалі гэты лагер. Яшчэ раз паўтараю: мы нічога не будзем рабіць насільна. Захочаце пайсці адсюль - дапаможам. Не захочаце - што ж, будзем рабіць усё для таго, каб зберагчы вашы жыцці, асабліва вашых дзяцей і жонак", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка заклікаў бежанцаў вырашыць для сябе, як ім лепш: або вярнуцца дамоў, або цярпець беды і нягоды, каб паспрабаваць трапіць у ЕС.

"Падумайце. Адзінае, што скажу: лепш, на жаль, пакуль не будзе. Мы нічога не будзем рабіць насільна. Я вам абяцаю: усё, што я і органы дзяржаўнай улады Беларусі можам зрабіць, мы зробім. Мы настойліва будзем прасіць заходнія дзяржавы вам дапамагчы. Гэта не толькі чалавечая праблема, я гляджу далей: калі мы цяпер не вырашым у Беларусі праблему бежанцаў, яна будзе яшчэ большай не толькі вясной, але і зімой. Мы разумеем, што сюды хлыне велізарнай колькасць бежанцаў і стрымаць іх на граніцы будзе немагчыма", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт звярнуў увагу на тое, што вырашаць гэту праблему трэба цяпер, пакуль яна не разраслася.

Беларускі лідар заклікаў польскі бок прапусціць бежанцаў у Германію.

"Я таксама хачу звярнуцца да народа Польшчы. Да дружалюбнага працавітага народа, з якім мы заўсёды жылі па суседстве. Я звяртаюся да народа Польшчы не таму, што там няма кіраўніцтва. Проста кіраўніцтва ў Польшчы звар'яцела, страціла рэальнасць. Паважаныя палякі, абразумце сваіх палітыкаў! Вы ж разумееце, што за кошт гэтых абяздоленых людзей яны хочуць вырашыць свае ўнутраныя і знешнія праблемы", - адзначыў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на тое, што кіраўніцтва Польшчы разлічвае вытаргаваць мільярды еўра ў Еўрапейскага саюза, які заблакіраваў гэту дапамогу з-за рознагалоссяў з краінай. Акрамя таго, Польшча сітуацыяй на граніцы стараецца адцягнуць увагу сваіх грамадзян ад унутраных праблем.

"Палякі незадаволены палітыкай кіруючай кааліцыі, і яны ўсё больш прад'яўляюць патрабаванняў свайму Ураду. І каб адцягнуць увагу ад гэтых праблем, яны (улады Польшчы. - Заўвага) учынілі гэту бойню на граніцы, - сказаў Прэзідэнт. - Таму яшчэ раз прашу палякаў, настойліва прашу: нам не патрэбны ніякія сутыкненні, тым больш войны, прапусціце гэтых людзей у Германію. Яны ж не да нас, у Беларусь, не ў Польшчу ідуць. Яны ідуць у Германію, прапусціце іх, і будзе вырашана праблема!"

Ён таксама заклікаў народ Германіі даць прытулак бежанцам з беларуска-польскай граніцы. "Я хачу звярнуцца да народа Германіі: тут большасць людзей, якія хочуць уз'яднаць свае сем'і, знайсці сваіх родных і блізкіх, якія знаходзяцца ў Германіі, - забярыце, калі ласка, гэтых людзей да сябе. Гэта невялікая нагрузка, яны хочуць жыць у Германіі. Дзве тысячы чалавек - гэта не вялікая праблема для Германіі. І канцлер Меркель з гэтым пагадзілася", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

У той жа час Прэзідэнт адзначыў, што польскі бок блакіруе вырашэнне гэтага пытання.

У лагеры бежанцаў круглымі суткамі працуюць прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, валанцёры гуманітарных місій, а таксама беларускія чыноўнікі і сілавікі. Аляксандр Лукашэнка заклікаў бежанцаў пры неабходнасці звяртацца да іх па дапамогу і не баяцца беларускіх сілавікоў, якім даручана забяспечыць бяспеку ў лагеры.

"Гэта вашы сябры, мае пагранічнікі. Іх баяцца не трэба. Вы да іх можаце звярнуцца з любой просьбай, - заявіў Кіраўнік дзяржавы. - Тут прысутнічаюць кіраўнікі органаў улады Гродна і Мінска. Вы можаце да іх звярнуцца па любым пытанні. Калі гэта пытанне датычыцца мяне або ўрада, мне даложаць на працягу сутак. Калі гэта бытавыя пытанні, вы ім скажыце - мы будзем іх вырашаць".

"Мы будзем старацца забяспечыць вас прадуктамі харчавання, апрануць вас. Мы будзем рабіць усё для таго, каб вы атрымалі пітную ваду, каб вы маглі адвесці ў лазню дзетак, каб жонкі вашы маглі схадзіць у лазню і вы. Мы будзем рабіць усё, каб зрабіць ваш часовы быт крыху лягчэйшым", - запэўніў Прэзідэнт мігрантаў.

"Я ведаю, што ў вас ужо ўтварылася нейкая кіруючая эліта ў лагеры. Гэта нядрэнна. Давайце праз іх падтрымліваць кантакт з усімі вамі, - заклікаў Аляксандр Лукашэнка. - Яшчэ раз паўтараю: мы зробім усё, што вы пажадаеце. Мы не будзем вас сілай прымушаць рабіць тое, што вы не хочаце".

У час размовы з Кіраўніком дзяржавы бежанцы выказалі ўдзячнасць беларускаму народу і кіраўніцтву краіны за аказаную падтрымку і прадастаўленую дапамогу, асабліва за клопат аб іх дзецях.

Прэзідэнт нагадаў, што ў 1940-я гады дружалюбныя мусульманскія краіны аказалі падтрымку Савецкаму Саюзу: яны прынялі ў сябе савецкіх грамадзян, якія беглі ад вайны. "Вы іх прытулілі, накармілі, і асабліва палякаў. Сёння настаў час за гэта разлічыцца. І мы будзем рабіць усё для таго, каб вы не былі пакрыўджаны на нас. Усё, што мы можам, мы робім. Як у нас кажуць, што вінен, аддаць павінен", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

"Для нас гэта вельмі важна, - сказала адна з дзяўчат. - Калі б усе прэзідэнты ў Еўропе былі падобныя да Вас, у нас не было б праблем, нас усюды прымалі б сардэчна".

"Для нас вельмі важна трапіць у Еўропу і пачаць новае жыццё проста таму, што мы не можам вярнуцца назад у Ірак, для нас гэта небяспечна, нам трэба ісці наперад, - растлумачыла яна. - Для нас важна атрымаць адукацыю, хадзіць у школу. Хочам папрасіць усіх лідараў Еўропы, каб яны былі хоць крыху падобныя да Вас. Мы вельмі спадзяёмся, што і Еўропа зробіць што-небудзь добрае для нас, як гэта зрабіў спадар Лукашэнка".

"Мы не проста будзем спадзявацца, мы будзем разам з вамі працаваць над вашай марай", - сказаў у адказ Кіраўнік дзяржавы.

Бежанцы на беларуска-польскай граніцы прадаўжаюць знаходзіцца на часовым пункце размяшчэння ў транспартна-лагістычным цэнтры. Для іх створаны неабходныя бытавыя ўмовы, каб яны маглі абагрэцца, нармальна пераначаваць, харчавацца. Разгорнута палявая лазня. Аказваецца медыцынская дапамога. Бежанцам рэгулярна дастаўляюць гуманітарную дапамогу.

У час размовы з журналістамі пасля наведвання ТЛЦ Прэзідэнт заявіў, што Еўрасаюз не імкнецца вырашаць праблему бежанцаў, якая склалася на граніцах Беларусі і ЕС. 

Аляксандр Лукашэнка расказаў, што ў першай размове з в.а. канцлера Германіі Ангелай Меркель ён папрасіў забраць больш за 2 тыс. чалавек, якія знаходзяцца на граніцы з Польшчай. "Па размове з Меркель я зразумеў, што яна добра разумее гэта і яна не супраць. Вядома, адыходзячы чалавек, яе паўнамоцтвы практычна скончыліся. І другое - еўрапейская салідарнасць. Яна мяне папрасіла, адпаведна, адправіць на радзіму тых, хто ў нас ёсць. Я сказаў, што мы будзем над гэтым працаваць. І двойчы ёй паўтарыў: мы пастараемся да новага года гэту праблему вырашыць. Мы не будзем іх рэпатрыіраваць. Мы папросім, каб маглі выехаць (тыя, хто хоча. - Заўвага)", - расказаў Кіраўнік дзяржавы.

"Як бачыце, я выконваю свае абавязацельствы: ужо больш за 1 тыс. чалавек выехалі, 400 яшчэ хочуць выехаць, знаходзяцца сёння ў аэрапорце. Няхай плацяць грошы, як яны абяцалі, самалёты фрахтуюць, яны прылятаюць, забіраюць людзей", - падкрэсліў беларускі лідар.

Паводле яго слоў, у ходзе другой размовы з Ангелай Меркель яна сказала, што праблема бежанцаў на граніцы будзе вырашацца на ўзроўні ЕС, дамовіліся вызначыць кантактных асоб для гэтай работы. "Яна гаворыць: "Вось гэтыя людзі ўжо на ўзроўні ЕС вырашаць названую праблему". Я даручыў Міністру (замежных спраў. - Заўвага), ён на заўтра пазваніў. Адказ: "Ды нам цяпер не да гэтага, у нас камандзіроўкі". Відаць, не хочуць вырашаць гэту праблему. Сутнасць у чым: не хочаце вырашаць - скажыце, мы без вас будзем вырашаць гэту праблему!" - расказаў Кіраўнік дзяржавы.

У цэлым па выніку ён канстатаваў, што з боку ЕС у вырашэнні праблемы бежанцаў воз і цяпер там.

"Больш таго, я назіраю, адзін з дзеячаў, якога яна прозвішча назвала, паводзіць сябе проста агідна. Ён робіць заявы, абражаючы не толькі краіну, але і мяне асабіста. Паўстае пытанне: як мне зрабіць у гэтай сітуацыі? Выкінуць яго адсюль, калі ён прыедзе? (Хоць ён і не ехаў сюды.) Проста яны нагнятаюць абстаноўку і робяць усё, каб сарваць той працэс, які пачаўся ў выніку маёй размовы з Меркель. Я бачу: палякі таксама ідуць на абвастрэнне, таму што ў Польшчы сама сітуацыя няпростая. Мільярды трэба атрымаць і адцягнуць увагу людзей ад тых праблем, якія існуюць у Польшчы, - ад абортаў да фермераў", - сказаў Прэзідэнт.

Ён таксама падкрэсліў: "Мы не будзем даймаць гэтых людзей (бежанцаў. - Заўвага). Яны не хочуць вырашаць гэту праблему нават па тых напрамках, дзе яе можна вырашыць. Ну што такое Чырвонаму Крыжу дапамагчы нейкімі грашыма або Міністэрству аховы здароўя дапамагчы пралячыць гэтых людзей... Тут жа хворых людзей шмат. А пачнецца зіма, а не дай бог пандэмія і іншае, іншае! Что, яны гэтага не разумеюць? Прыехалі, пакрасаваліся тут, паехалі - цішыня".

Аляксандр Лукашэнка растлумачыў мізэрнасць фінансавых паступленняў з Захаду на патрэбы бежанцаў тым, што ў некаторых дзялкоў ёсць жаданне ўкрасці частку гэтых сродкаў.

"Пасля маёй учарашняй заявы няшчасных $260 тыс. адшкадавалі. Мы на тры дні раней палічылі: мы затрацілі на ўсе гэтыя мерапрыемствы (размова пра дапамогу бежанцам. - Заўвага) $12,6 млн. Яны Чырвонаму Крыжу нашаму пералічылі $260 тыс., - заўважыў беларускі лідар. - Разумееце, такія нягодныя. А чаму грошы не ідуць: нашы збеглыя там цяпер сядзяць - гэта тыя, хто ступеньчата атрымліваў фінансаванне. Нават на жывёл, ахову прыроды, яшчэ нешта. А ішло цераз Літву, Польшчу. І там сядзелі фільтры, якія адмывалі гэтыя грошы. Цяпер іх няма. Трэба непасрэдна Шаўцову (генеральны сакратар Беларускага Чырвонага Крыжа Дзмітрый Шаўцоў. - Заўвага) аддаць. А Шаўцоў патрыёт, і гэтыя грошы пойдуць толькі людзям. І не прыліпнуць да рук - няма пасрэднікаў. Таму думаюць, праз каго пералічыць грошы, каб украсці палову", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

"Не хочуць - не трэба, мы разбяромся з гэтымі людзьмі. Але іх абараняць (Захад і Еўропу ў прыватнасці. - Заўвага) мы не будзем. Яны першыя парушылі нашы дагаворы аб рэадмісіі", - адзначыў беларускі лідар.

"Еўропе вайнушка чарговая і канфлікты не патрэбны. Яны не могуць Украіну праглынуць. Каму гэта трэба - тым, хто пачаў падаць - амерыканцам. Няма монапалярнага свету. Іх Кітай, Расія, Індыя і іншыя… Яны ўжо знаходзяцца пад абломкамі гэтага монапалярнага свету. Падымаюцца іншыя краіны, саюзы вельмі магутныя ўтвараюцца. А хочацца манаполію захаваць, гэта ж багацце. Вось ім трэба развязаць тут вайну. Ваяваць яны таксама не хочуць. Яны ўмеюць ваяваць чужымі рукамі. Але як яны ўмеюць сваімі рукамі, мы ўбачылі нядаўна ў Афганістане. Раней - у Іраку, у Сірыі ўчынілі вайну, Лівію перавярнулі", - сказаў Прэзідэнт.

"Ім трэба тут заварыць кашу чужымі рукамі. Чыімі - Украіны і Польшчы. Беларусь - зноў гэты "балкон", як у былыя часы, яго трэба зрэзаць", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

Ён адзначыў, што гэта не атрымалася зрабіць пасля выбараў у мінулым годзе і цяпер выкарыстоўваюцца іншыя метады.

Гаворачы пра польскіх сілавікоў, ён падкрэсліў, што яны фактычна парушылі дзяржаўную граніцу. "Яны мяне правакавалі. Яны думалі, што мы адкажам сілай. Мы стрымаліся. Але яны парушылі ўсё, што толькі можна. Яны сцягнулі 20 тыс. ваенных (не пагранічнікаў) сюды (да граніцы. - Заўвага), зноў жа, парушыўшы дагавор", - сказаў Прэзідэнт.

Ён падкрэсліў, што польскі бок разбурыў усе адносіны, якія былі паміж Беларуссю і Польшчай, растаптаў усе міжнародныя дагаворы. "І тым не менш я ўжо народ, палякаў, прашу, каб яны ўзялі іх (улады Польшчы. - Заўвага) за каўнер і прыціснулі, прымусілі размаўляць. Таму што калі тут не дай бог пачнуць страляць, вы разумееце, хто пацерпіць перш за ўсё. Таму нам гэта вайнушка абсалютна не патрэбна", - заявіў беларускі лідар.

"Не слухайце вы гэтыя фэйкі, што гэта нам выгадна, што мы паклікалі іх, мы іх сюды прывозім, што "Белавія" возіць. Глупства поўнае", - падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў: Беларусь у тым ліку з'яўляецца пацярпелым бокам у гэтай сітуацыі і тут няма ніякай выгады. Бо замест таго, каб займацца іншымі надзённымі пытаннямі, і Кіраўнік дзяржавы, і чыноўнікі вымушаны займацца праблемамі вакол крызісу з бежанцамі.

Захад жа, паводле слоў Прэзідэнта, сапраўды спрабуе атрымаць сваю выгаду: "Яны выкарыстоўваюць, асабліва палякі, гэту сітуацыю. Не яны... Амерыканцы ім дыктуюць, што рабіць".

Адказваючы на адно з пытанняў, Кіраўнік дзяржавы абверг фэйк, што Беларусь нібыта збірае па свеце бежанцаў, у тым ліку ў Самалі, і прывозіць на граніцу з ЕС. "У мяне няма жадання і магчымасці, каб збіраць гэтых бежанцаў", - падкрэсліў ён.

Разам з тым у існуючых умовах Беларусь не мае намеру абараняць Захад ад міграцыйных патокаў. "Вы ўвялі супраць мяне санкцыі, вы накінулі мне на шыю пятлю, каб удушыць, і вы, нягоднікі, хочаце, каб я вас абараняў. Не будзе гэтага!" - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

"Нягоднікі (у Польшчы і ЕС. - Заўвага). Яны сем'і не хочуць уз'яднаць. Гэта ж мірныя, нармальныя людзі. Ну, атрымаюць праблему на парадак вышэйшую. Калі сюды хлынуць афганцы, і цераз Украіну ў тым ліку (а вы ведаеце, там за любую капейку прапусцяць хоць каго), - захлынецца Еўропа. Калі яны не хочуць і не чуюць нас, і не хочуць гэту праблему вырашыць цяпер", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандру Лукашэнку таксама было зададзена пытанне адносна новага Урада Германіі. "Мы ні на што не разлічваем, але мы робім усё, як нармальныя людзі, цывілізаваныя суседзі. Мы не хочам ніякай вайны, процістаяння тут, у цэнтры Еўропы. Калі яны прытрымліваюцца гэтай лініі, калі ласка, будзем заўтра сустракацца і дамаўляцца. Калі яны хочуць канфрантацыі, думаю, яны ад гэтага толькі страцяць", - сказаў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы запэўніў: Беларусь не супраць весці дыялог на любым узроўні, бо галоўнае - абараніць гэтых людзей, бежанцаў.

Ён таксама звярнуў увагу на непрыгожыя факты і хлусню міжнароднай супольнасці. Аляксандр Лукашэнка назваў факты, калі бежанцаў адлоўліваюць ужо на тэрыторыі ЕС і выкідваюць на граніцу з Беларуссю.

Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што польскія пагранічнікі ўжо выступаюць за тое, каб жыць і дружыць, як раней, разам ахоўваць граніцу. "Мы не супраць, давайце, але вы рабіце ў гэтым напрамку крокі. Што ж вы выкідваеце людзей? Гэта што, жывёла нейкая, што вы іх выкідваеце? - паставіў пытанне беларускі лідар. - Брыдкія, агідныя шкоднікі. Радуюцца і хайпуюць на гэтай праблеме. Ніякіх грошай не даюць. Але мы зробім усё, каб яны заплацілі. Не заплацяць - абыдземся".

Прэзідэнт упэўнены, што ў сітуацыі з бежанцамі фінансавая дапамога магчыма з розных бакоў, уключаючы дыяспары. У адказе на адно з пытанняў ад замежных СМІ Аляксандр Лукашэнка не выключыў, што пагодзіцца дапамагчы Прэзідэнт Турцыі Рэджэп Таіп Эрдаган: "У Турцыі папросім. Рэджэп стары мой сябар. Ён для гэтых няшчасных людзей, мусульман, знойдзе грошы".

Што датычыцца агучаных у Польшчы заяў аб перакрыцці паветраных шляхоў дастаўкі бежанцаў, Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што гэтыя патокі не спыніць і людзі будуць шукаць іншыя, у тым ліку пешыя маршруты. "Рана радуюцца. Трэба гэту праблему вырашыць. На сённяшні дзень яна не вырашана. Для Расіі, і для нас, і нават для Украіны будзе праблемай, калі яны пойдуць сухапутным шляхам. Гэта будзе бяда. І незразумела, хто ў гэтых натоўпах будзе ісці. Усё ж такі ў самалёце зброю і ўзрыўчатку не правязеш, гэта ўсё кантралюецца. А гэта ўсё будзе не пад кантролем. Гэтыя бяздумныя нягоднікі (на Захадзе. - Заўвага) не разумеюць, што яны робяць. Калі гэта адбудзецца ў Беларусі і Расіі, там мала не падасца, мы вымушаны будзем абараняцца, і будзем выкарыстоўваць усякія метады".

Прэзідэнт яшчэ раз падкрэсліў: палітыкі ў Польшчы імкнуцца выкарыстоўваць цяперашні крызіс з бежанцамі, каб утрымаць уладу, у чым, дарэчы, пастаянна папракаюць беларускага лідара. "Пра якую праўду яны гавораць, у чым яны нас папракаюць, калі Дудзе сфальсіфікавалі выбары і далі яму там паўпрацэнта, у некалькі тысяч галасоў перавагай ён перамог (там апазіцыя перамагла). І яму трэба ўтрымацца цяпер", - сказаў ён.

Журналісты пацікавіліся меркаваннем Кіраўніка дзяржавы наконт таго, чаму некаторыя прадстаўнікі Захаду, міжнародных арганізацый практычна не ідуць на кантакт з журналістамі.

"Яны прыязджаюць для таго, каб вам тры словы ляпнуць, і для таго, каб пахадзіць і прапіярыцца. Вы майце на ўвазе, што яны атрымліваюць месячную зарплату столькі, колькі мы ўсе з вамі, і я ў тым ліку, атрымліваем за месяц, - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. - Якія з імі могуць быць размовы і перагаворы? Гэта людзі пустыя. Тыя, хто плаціць ім зарплату, а ў асноўным там амерыканцы, еўрапейцы і іншыя, яны і музыку заказваюць".

"Учора мы перахапілі паведамленне: рэкамендацыя ўсім заходнім палітыкам не размаўляць з журналістамі, асабліва беларускімі і расійскімі. Таму што яны, калі сюды прыязджаюць, вы за імі бегаеце: "Скажыце гэта, скажыце тое…" Яны ў дзікую сітуацыю трапляюць, не ведаюць, што рабіць", - расказаў Аляксандр Лукашэнка.

Таму ім катэгарычна забаранілі размаўляць з журналістамі. "Вось чаму яны два дні бегаюць ад вас. Ім дадзена каманда: не падыходзіць да беларускіх журналістаў", - сказаў Прэзідэнт.