Сустрэча з Прэм'ер-міністрам Казахстана Алжасам Бекценавым

  • 7
  • 3:20

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 1 кастрычніка правёў сустрэчу з Прэм'ер-міністрам Казахстана Алжасам Бекценавым.

"Беларусь вы добра ведаеце, нашы магчымасці. Яшчэ раз хачу падкрэсліць, я аб гэтым публічна ўжо гаварыў: Казахстан для нас вельмі цікавы партнёр і дружалюбная для нас краіна. І калі ваша вока зачэпіць нешта ў Беларусі ў плане машынабудавання (а гэта для Казахстана важна, як і для Беларусі), у галіне развіцця сельскай гаспадаркі, высокіх тэхналогій і іншых пытанняў - закрытых тэм няма, мы з задавальненнем будзем з вамі працаваць. Прытым адносіны паміж нашымі краінамі з даўніх часоў вельмі добрыя. Пры цяперашнім Прэзідэнце яны не пагоршыліся, а, наадварот, палепшыліся", - заявіў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што яго казахстанскі калега Касым-Жамарт Такаеў удзяляе вялікую ўвагу развіццю адносін з Беларуссю. "Я вельмі задаволены гэтым. І мы часта закранаем тэму паляпшэння нашых адносін у плане прывязкі нашых эканомік. Гэта вельмі важна ў сувязі з тым, што вы сёння ўзначальваеце эканамічны напрамак у Казахстане, - адзначыў Прэзідэнт. - У вас склаліся добрыя адносіны з нашым Прэм'ер-міністрам. Ён мне пастаянна расказвае аб вашых кантактах. Я вельмі рады, задаволены гэтым і гатовы далучыцца да любога пытання для таго, каб развіваць нашы адносіны".

Прэзідэнт таксама падкрэсліў, што народы Беларусі і Казахстана звязвае агульная гісторыя: "Вы павінны ведаць, што прыехалі не да чужых людзей. Беларусы - вашы блізкія людзі. Мы павязаны крывёю, калі можна так па-народнаму сказаць. Таму што вельмі многія казахстанцы абаранялі Беларусь у гады Вялікай Айчыннай вайны і тут праславіліся. Мы гэты цэнім, нікога не забылі".

Аляксандр Лукашэнка пажадаў Алжасу Бекценаву поспехаў у ходзе яго візіту ў Беларусь, і ў тым ліку на сумесных мерапрыемствах з замежнымі калегамі.

Прэм'ер-міністр Казахстана ў сваю чаргу падзякаваў Кіраўніку беларускай дзяржавы за магчымасць сустрэчы і перадаў самыя цёплыя прывітанні і пажаданні ад Прэзідэнта Казахстана Касым-Жамарта Такаева. "Ён надае вельмі вялікае значэнне развіццю казахстанска-беларускіх сувязей, адносін", - сказаў Алжас Бекценаў.

Ён падкрэсліў, што абедзве краіны звязаны шматвяковымі вузамі дружбы. "Беларусь для нас гістарычна заўсёды блізкі, даверны саюзнік і партнёр",- канстатаваў Алжас Бекценаў. Паводле яго слоў, урады дзвюх дзяржаў і прэм'ер-міністры працуюць над тым, каб як мага больш эфектыўна рэалізаваць тыя дамоўленасці, якія дасягнуты на вышэйшым узроўні паміж лідарамі Беларусі і Казахстана.