Сустрэча з Першым намеснікам Старшыні Урада Расіі Дзянісам Мантуравым

  • 10
  • 5:14

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 25 жніўня правёў сустрэчу з Першым намеснікам Старшыні Урада Расіі Дзянісам Мантуравым.

Перш за ўсё Аляксандр Лукашэнка ўручыў Дзянісу Мантураву ордэн Дружбы народаў. Гэтай узнагароды ён удастоены за значны асабісты ўклад у развіццё гандлёва-эканамічных адносін, прамысловага і ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва паміж дзвюма краінамі, умацаванне тэхналагічнага суверэнітэту Саюзнай дзяржавы.

"Ва ўзнагародзе заўсёды ёсць палітычны складнік і нейкі аванс", - сказаў Прэзідэнт Беларусі.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Дзяніс Мантураў цяпер "нікуды не дзенецца" і будзе рухаць саюзны парадак дня ў патрэбным напрамку.

"Я ўдзячны за тое, што Вы, паглядзеўшы некаторыя нашы прадпрыемствы, па двух напрамках спрацавалі ў плане падтрымкі Беларусі. Па аўтамабілях і асабліва за самалёт. Ёсць там нейкія непаразуменні. Але, я думаю, мы зараз абмяркуем іх для таго, каб усё ж такі "Асвей" быў. Ён патрэбны на нашым агульным рынку. Зразумела, для Расіі гэта добры будзе самалёт. Ну а для нас - набыццё новых кампетэнцый. Вы бачылі, што мы займаемся рамонтах многіх самалётаў. Сёе-тое ўжо ўмеем рабіць. Не на голым месцы. Таму з дапамогай расіян мы маглі б асвоіць новы напрамак у прамысловасці", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка таксама падзякаваў за падтрымку ўзаемадзеяння ў прамысловасці, што, яшчэ будучы паслом у Расіі, актыўна развіваў цяперашні Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Дзмітрый Крутой: "Каб беларусы, расіяне неяк разам працавалі. Ды і час сёння нас да гэтага падштурхоўвае і патрабуе ад нас, каб мы працавалі разам".

"Як бачыце, мы ў адрозненне ад усіх іншых краін (якія, вядома, сябры Расіі, але не хочуць публічна нешта там агучваць) не адхрышчваемся ні ад адных ёмкіх, няёмкіх пытанняў. Мы адкрыта гаворым, што лічым за гонар супрацоўнічаць з Расіяй, і будзем супрацоўнічаць. У гэтым можаце не сумнявацца. Справа не ў тым, што сітуацыя нас да гэтага падштурхоўвае. А справа ў тым, што мы гэты курс вызначылі даўно, некалькі дзясяткаў гадоў таму - і свята яго прытрымліваемся", - падкрэсліў беларускі лідар.

Прэзідэнт у сувязі з гэтым заклікаў не перажываць наконт падтрымкі з боку Расіі па шэрагу напрамкаў і адпаведнай эканамічнай палітыкі. Пры гэтым адзначыў, што размова не толькі пра сферу прамысловасці.

"Хоць прамысловасць - гэта аснова любой эканомікі. І ў вас, і ў нас. Мы - экспартна арыентаваная краіна. У вас і экспарт, і ўнутранае развіццё вялікае. Таму давайце ў гэтым напрамку рухацца. Мы да гэтага гатовы", - заклікаў Кіраўнік дзяржавы.

"З Прэм'ер-міністрам Расіі мы сустрэнемся ў бліжэйшы час. І з Прэзідэнтам Расіі таксама сустрэнемся і абмяркуем тыя пытанні, якія мы не зможам (з першым віцэ-прэм'ерам. - Заўвага) узгадніць", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.

У сваю чаргу Дзяніс Мантураў перадаў Аляксандру Лукашэнку вялікае прывітанне і найлепшыя пажаданні ад Прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна і Старшыні Урада РФ Міхаіла Мішусціна.

Першы віцэ-прэм'ер расійскага Урада адзначыў, што ў супрацоўніцтве Беларусі і Расіі ўзмацняецца роля не толькі ўзаемнага гандлю, але і цесных кааперацыйных сувязей. "Па выніках мінулага года 65% у двухбаковых пастаўках (беларуска-расійскім абароце. - Заўвага) склала менавіта прамысловая прадукцыя. Гэта сапраўды з'яўляецца асновай любой эканомікі. Самае важнае, што трэба адзначыць: не толькі гандаль з'яўляецца асновай сёння, але менавіта цесныя кааперацыйныя сувязі, якія мы правязалі на працягу апошніх гадоў, у тым ліку і нарматыўнай базай, - сказаў ён. - Не толькі ў рамках Саюзнай дзяржавы, але і еўразійскае эканамічнае аб'яднанне (ЕАЭС. - Заўвага) таксама дае пэўны стымул развіцця. У тым ліку за кошт сродкаў, якія паступаюць у выглядзе пошлін і накіроўваюцца потым на субсідзіраванне, кампенсацыю працэнтных ставак па крэдытах на сумесныя праекты".