Сустрэча з кіраўніком Рэспублікі Алтай Расійскай Федэрацыі Андрэем Турчаком

  • 11
  • 6:11

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 29 кастрычніка сустрэўся з кіраўніком Рэспублікі Алтай Расійскай Федэрацыі Андрэем Турчаком.

Гаворачы пра Рэспубліку Алтай, Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што гэта хоць і далёкі для Беларусі край, але вельмі цікавы: "Добра ведаю геаграфічна, гістарычна ваш край. Ні разу, праўда, не быў, хоць Прэзідэнт Расіі мяне некалькі разоў запрашаў. Кажа, давай з'ездзім пакажу табе прыгажосць. У Расіі прыгажосці такой велізарная колькасць. Паўднёвая частка Сібіры - вельмі цікавы край, турыстычны напрамак - цікавіць нашых людзей".

Прэзідэнт адзначыў, што расіяне ўсё часцей выбіраюць беларускі напрамак для турыстычных паездак.

"Мы на першым месцы ў гэтым велізарным Еўразійскім рэгіёне па паездках расіян. Мы вельмі рады гэтаму. Рады не толькі эканамічна, што там грошы - расіяне ж бедныя не прыязджаюць, яны - багатыя. Але мы рады, што расіяне ўбачылі нарэшце, што перашкод у Беларусі ніякіх няма. Мова адна, бар'ераў ніякіх няма. Прыязджаюць сюды як дадому. А беларусы, зразумела, сустракаюць расіян з вялікай павагай. Няважна, якой нацыянальнасці, расіянін - гэта свой чалавек", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

"Гэта наша палітыка. У гэтым вы можаце быць упэўнены. Нават у гэты складаны час, калі ідзе спецыяльная ваенная аперацыя (тут размовы розныя вакол), я сказаў адназначна, што мы не здраднікі, мы ніколі сваім братам не здрадзім. І як бы ні было складана і цяжка, мы заўсёды будзем побач. Калі нешта зможам зрабіць, мы зробім, у тым ліку і для вашага, здавалася б, геаграфічна далёкага края", - заявіў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка запэўніў Андрэя Турчака ў гатоўнасці беларускага боку развіваць супрацоўніцтва па тых напрамках, якія будуць цікавы Рэспубліцы Алтай: "Калі вы нешта цікавае ў Беларусі знойдзеце, вы скажыце. Мы заўсёды будзем гатовы вам дапамагчы. У сельскай гаспадарцы, у машынабудаўнічай сферы".

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на тое, што Андрэй Турчак, які раней на працягу шэрага гадоў узначальваў суседнюю з Беларуссю Пскоўскую вобласць, добра ведае магчымасці краіны, непасрэдна ўдзельнічаў у развіцці супрацоўніцтва з беларускімі рэгіёнамі.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што гэтымі днямі на сустрэчы з губернатарам Санкт-Пецярбурга Аляксандрам Бягловым якраз гаварыў аб неабходнасці адрадзіць савецкі вопыт, калі за Беларуссю была замацавана свая зона адказнасці па забеспячэнні шэрагу расійскіх рэгіёнаў і гарадоў. "Ленінград, Калінінградская вобласць, Маскоўскі рэгіён у савецкія часы, не кажучы пра Бранскую, Смаленскую і Пскоўскую вобласці, - гэта была наша зона адказнасці. Мы гатовы да гэтага вярнуцца і больш сур'ёзна ўзяць на сябе груз супрацоўніцтва, - сказаў Прэзідэнт. - Зразумела, Масква - велізарны мегаполіс, тут нам не надарвацца б, я баюся ўжо гаварыць. Але ў нас нядрэнныя адносіны з Масквой у тым ліку. А гэтыя рэгіёны (суседнія з Беларуссю. - Заўвага) - гэта нашы рэгіёны. Мы заўсёды былі адкрыты. Больш таго, суседзяў не выбіраюць".

Прэзідэнт падкрэсліў, што Беларусь заўсёды супрацоўнічала з суседнімі рэгіёнамі, дапамагалі адзін аднаму тэхнікай, палівам у перыяд уборачнай. "Добрыя адносіны. Таму вопыт у вас ёсць. Калі нешта можам зрабіць, мы заўсёды гатовы гэта зрабіць. Я ўдзячны за тое, што вы прыехалі ў Беларусь. Гэта вельмі важна для нас. Вы - чалавек вельмі вядомы, палітычна ў тым ліку. Для мяне вельмі прыемна з вамі сустрэцца", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Андрэй Турчак нагадаў, што ў чэрвені 2015 года, калі ён прыязджаў у Беларусь на пасадзе губернатара Пскоўскай вобласці, яны ўжо сустракаліся з Аляксандрам Лукашэнкам.

"Мы Вас добра ведаем, Вы Беларусь таксама добра ведаеце. Вы заўсёды для нас жаданы госць", - запэўніў Прэзідэнт.

Кіраўнік расійскага рэгіёна на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам падкрэсліў блізкасць паміж беларусамі і жыхарамі Рэспублікі Алтай, нягледзячы на геаграфічную аддаленасць.

"Вядома, мы абумоўлены ў добрым разуменні гэтага слова на ўзаемадзеянне, - сказаў Андрэй Турчак. - Нягледзячы на тысячы кіламетраў, якія нас цяпер раздзяляюць, на самай справе ўсё гэта вельмі блізка і на адлегласці выцягнутай рукі".

Ён падзякаваў Кіраўніку беларускай дзяржавы за магчымасць асабістай сустрэчы, што дазваляе прадметна абмеркаваць перспектывы супрацоўніцтва і будучыя сумесныя праекты.