Візіт у Рэспубліку Куба

  • 4
  • 2:51

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка зрабіў візіт у Рэспубліку Куба.

Кіраўнік дзяржавы заявіў, што саміт Руху недалучэння ў Гаване меў для нашай краіны вялікае значэнне.

У прыватнасці, двухдзённы форум даў магчымасць сустрэцца, пазнаёміцца і дасягнуць розных дамоўленасцей з лідарамі многіх дзяржаў, падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка ў інтэрв'ю кубінскаму тэлебачанню. "Гэта магчыма толькі на саміце, у адваротным выпадку павінны былі б адбыцца тысячакіламетровыя візіты ў кожную з гэтых дзяржаў", - сказаў Прэзідэнт.

"На гэтым першапачатковым этапе мы дасягнулі розных дамоўленасцей тут, у Гаване. У нас чакаюцца ў гэтым і наступным годзе візіты ў Малайзію, В'етнам, ПАР, Венесуэлу, Балівію, Егіпет, Алжыр, Іран. Але там ужо размова будзе ісці аб канкрэтных тэмах і праграмах. А фундамент для гэтага закладзены ў Гаване. Па-другое, з многімі дзяржавамі мы тут падпісалі пагадненні. У прыватнасці, з Венесуэлай - аб канкрэтных напрамках супрацоўніцтва, з Кубай дамовіліся аб пашырэнні гандлёва-эканамічнага ўзаемадзеяння. Словам, зрабілі шмат для таго, каб людзі адчулі карысць", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Пазітыўным фактарам Кіраўнік дзяржавы назваў і тое, што члены Руху недалучэння ў Гаване змаглі лепш даведацца пра пазіцыю Беларусі.

"Гэты саміт РН у Гаване вельмі важны як для Беларусі, так і для будучай палітыкі ў рамках ААН, Руху недалучэння ў плане выпрацоўкі кансалідаванай пазіцыі, прытрымлівання адзіных правіл. Усё гэта фарміруецца тут", - дадаў беларускі лідар.

Беларусь і Венесуэла падпісалі ў Гаване Мемарандум аб узаемаразуменні паміж дзвюма краінамі аб стварэнні сумеснай Камісіі высокага ўзроўню. З беларускага боку свой подпіс пад дакументам паставіў Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка, з венесуэльскага - Прэзідэнт краіны Уга Чавес.

Як было адзначана, падпісанне мемарандума нацэлена на развіццё супрацоўніцтва паміж дзвюма дзяржавамі ва ўсіх сферах. З беларускага боку сустаршынёй у камісіі з'яўляецца Дзяржаўны сакратар Савета Бяспекі Віктар Шэйман.

Пасля завяршэння цырымоніі падпісання адбылася кароткая размова прэзідэнтаў Беларусі і Венесуэлы.