Віншаванні ў адрас Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі і беларускага народа з Днём Незалежнасці

    Прадаўжаюць паступаць віншаванні ў адрас Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі і беларускага народа з Днём Незалежнасці ад кіраўнікоў замежных дзяржаў, замежных дзеячаў палітыкі і культуры.

    На гэты час віншавальныя пасланні атрыманы ад многіх кіраўнікоў краін СНД, Еўрапейскага саюза і іншых замежных лідараў. У іх ліку Папа Рымскі Францыск, Каралева Злучанага Каралеўства Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі Лізавета II, Імператар Японіі Акіхіта, Кароль Швецыі Карл XVI Густаў, Кароль Нідэрландаў Вілем-Аляксандр, Кароль Іарданіі Абдала II, Султан Амана Кабус бен Саід, Кароль Бахрэйна Хамад бен Іса аль-Халіфа, Князь і Вялікі магістр Суверэннага ваеннага ордэна гаспітальераў Святога Іаана Іерусалімскага, Радоса і Мальты Фра Мэцью Фестынг.

    Кіраўніка беларускай дзяржавы таксама павіншавалі прэзідэнты Расіі, Украіны, Азербайджана, Казахстана, Арменіі, Турцыі, Туркменістана, Таджыкістана, Кыргызстана, Узбекістана, Малдовы, Германіі, Польшчы, Аўстрыі, Балгарыі, Венгрыі, Румыніі, Швейцарыі, Сербіі, Сінгапура, Эквадора, ААЭ, Егіпта, Індыі, В'етнама, Манголіі, ПАР, Алжыра, Палесціны, Старшыня Дзяржаўнага савета і Савета Міністраў Кубы, генерал-губернатары Канады і Аўстралійскага Саюза.

    Віншаванні паступаюць і ад кіраўніцтва міжнародных арганізацый. У іх ліку генеральны сакратар ААН, гендырэктар Харчовай і сельскагаспадарчай арганізацыі Аб'яднаных Нацый (ФАО), генеральны сакратар Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва.

    Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін у віншавальнай тэлеграме з задавальненнем адзначыў пазітыўную дынаміку двухбаковага супрацоўніцтва, высокі ўзровень узаемадзеяння дзвюх краін у фармаце Саюзнай дзяржавы, Еўразійскага эканамічнага саюза, АДКБ і СНД. "Вузы братэрскай дружбы і таварыскасці, загартаваныя ў суровыя ваенныя гады, і сёння з'яўляюцца залогам паспяховага развіцця расійска-беларускіх саюзніцкіх адносін", - падкрэсліў кіраўнік расійскай дзяржавы.

    Ён выказаў упэўненасць у далейшым актыўным нарошчванні ўсяго комплексу ўзаемавыгадных расійска-беларускіх сувязей на карысць народаў дзвюх краін.

    У віншаванні Старшыні КНР Сі Цзіньпіна адзначаецца, што пад кіраўніцтвам Аляксандра Лукашэнкі справа дзяржаўнага будаўніцтва ў Беларусі дасягнула прыкметных поспехаў, а таксама павысіўся яе ўплыў на міжнароднай арэне. "Кітайскі бок адчувае шчырую радасць у сувязі з гэтым, - гаворыцца ў віншавальным пасланні. - Надаю важнае значэнне развіццю кітайска-беларускіх адносін і хачу пацвердзіць сваю гатоўнасць разам арыентаваць абодва бакі на ўзмацненне супрацоўніцтва ў розных галінах з мэтай бесперапыннага напаўнення зместу двухбаковых адносін на карысць народаў дзвюх краін".

    Прэзідэнт Казахстана Нурсултан Назарбаеў канстатаваў, што Казахстан і Беларусь звязваюць трывалыя традыцыі дружбы і ўзаемаразумення. "Упэўнены ў нязменнасці сумесных намаганняў, нацэленых на ўмацаванне ўзаемавыгаднага двухбаковага супрацоўніцтва і паспяховае развіццё інтэграцыйных працэсаў на еўразійскай прасторы", - адзначыў ён.

    Прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка падкрэсліў, што развіццё добрасуседскіх украінска-беларускіх адносін, заснаваных на прынцыпах раўнапраўнага партнёрства і даверу, - важнейшы прыярытэт узаемадзеяння. Ён з задавальненнем адзначыў дынаміку шматаспектнага супрацоўніцтва паміж Украінай і Беларуссю, у тым ліку ў гандлёва-эканамічнай сферы.

    У пасланні Прэзідэнта Германіі Франка-Вальтэра Штайнмаера гаворыцца аб прыкметнай актывізацыі адносін паміж краінамі. "Рэспубліка Беларусь таксама заслугоўвае павагі за яе актыўны ўдзел у сумесных еўрапейскіх намаганнях па захаванні бяспекі і міру, які выяўляецца ў яе ролі арганізатара мінскіх перагавораў", - звярнуў увагу лідар ФРГ.

    Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда спадзяецца на далейшае паглыбленне добрасуседскіх адносін паміж народамі Польшчы і Беларусі ў духу дружбы і супрацоўніцтва дзеля стабільнасці і бяспекі ў Еўропе.

    "Упэўнены, што адноўлены дыялог паміж Мінскам і Еўрапейскім саюзам, які Італія заўсёды рашуча падтрымлівала, створыць дабратворны кантэкст для далейшых сумесных ініцыятыў", - гаворыцца ў віншаванні ад Прэзідэнта Італіі Серджыа Матарэлы.

    Прэзідэнт В'етнама Чан Дай Куанг з задавальненнем адзначыў, што шматбаковае супрацоўніцтва паміж В'етнамам і Беларуссю няўхільна ўмацоўваецца і развіваецца ў палітычнай, гандлёва-эканамічнай, навукова-тэхналагічнай, культурнай і турыстычнай сферах.

    "Хацелася б з задавальненнем адзначыць дасягнуты ўзровень супрацоўніцтва і дружалюбных адносін паміж нашымі краінамі. Дазвольце выказаць упэўненасць у тым, што наша супрацоўніцтва ў новых сферах, аснова якога была закладзена ў рамках майго візіту ў Вашу краіну 11 лістапада 2016 года, дасягне яшчэ больш высокага ўзроўню", - сказана ў віншаванні, якое паступіла ад Прэзідэнта Турцыі Рэджэпа Таіпа Эрдагана.

    Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл пажадаў Аляксандру Лукашэнку і жыхарам Беларусі моцнага здароўя, дабрабыту і дапамогі Божай ва ўсіх добрых пачынаннях.

    Пажаданні мноства боскіх благаславенняў кіраўніцтву краіны і ўсёй Беларусі таксама накіраваў Папа Рымскі Францыск.

    У віншаванні ад генеральнага сакратара ААН Антоніу Гутэрыша гаворыцца: "У той час, як вы адзначаеце гэты асаблівы дзень, я разлічваю на актыўны ўдзел і ўклад вашай краіны ў пабудову больш моцных Аб'яднаных Нацый і актывізацыю нашых сумесных намаганняў па забеспячэнні міру, развіцця і правоў чалавека для ўсіх".

    Ад імя амерыканскага народа ў заяве для прэсы віншаванні народу Беларусі перадаў і дзяржаўны сакратар ЗША Рэкс Тылерсан. Ён, у прыватнасці, адзначыў, што з дапамогай дыпламатычнага і міжасобаснага супрацоўніцтва ЗША і Беларусь будуць працаваць над пашырэннем агульных інтарэсаў дзвюх краін.