Віншаванні ў адрас Прэзідэнта Беларусі і беларускага народа з Днём Незалежнасці

    Віншаванні з Днём Незалежнасці паступаюць у адрас Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі і беларускага народа ад кіраўнікоў замежных дзяржаў, замежных палітычных і грамадскіх дзеячаў.

    Віншавальныя пасланні атрыманы ад кіраўнікоў краін СНД, Еўрапейскага саюза і іншых дзяржаў у розных рэгіёнах свету.

    Свае віншаванні накіравалі Папа Рымскі Францыск, Каралева Злучанага Каралеўства Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі Лізавета II, Кароль Швецыі Карл XVI Густаў, Кароль Іарданіі Абдала II, імператар Японіі Акіхіта, Генеральны сакратар ААН Антоніу Гутэрыш.

    Кіраўніка дзяржавы і беларускі народ павіншавалі Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін, Cтаршыня КНР Сі Цзіньпін, прэзідэнты Казахстана, Арменіі, Азербайджана, Украіны, Туркменістана, Малдовы, Сербіі, Таджыкістана, Узбекістана, Кыргызстана, Балгарыі, Францыі, Швейцарыі, Італіі, Турцыі, ААЭ, Алжыра, Бангладэш, Індыі, Сірыі, Палесціны, Венесуэлы, Ірана, В'етнама, Латвіі, Чэхіі, Грузіі, Аўстрыі, Эстоніі, Польшчы, Германіі, Старшыня Дзяржаўнага савета і Савета Міністраў Кубы, генерал-губернатар Аўстралійскага саюза.

    Уладзімір Пуцін у віншавальнай тэлеграме падкрэсліў, што 3 ліпеня - знамянальная дата ў гісторыі Беларусі. "Вызваленне Мінска ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў стала адной з важнейшых перамог, якія атрымалі нашы бацькі і дзяды ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Завешчаныя імі братэрская дружба і ўзаемадапамога і сёння служаць надзейнай асновай развіцця расійска-беларускіх сувязей", - звярнуў увагу Кіраўнік расійскай дзяржавы.

    Прэзідэнт Расіі таксама выказаў удзячнасць за гасціннасць, аказаную нядаўна расійскай дэлегацыі ў беларускай сталіцы, і ўпэўненасць у тым, што рэалізацыя рашэнняў, прынятых на пасяджэнні Вышэйшага дзяржаўнага савета Саюзнай дзяржавы, будзе садзейнічаць далейшаму развіццю двухбаковых інтэграцыйных працэсаў.

    Віншавальнае пасланне ў адрас Аляксандра Лукашэнкі накіраваў і Прэм'ер-міністр Расіі Дзмітрый Мядзведзеў.

    Старшыня КНР Сі Цзіньпін ў віншаванні адзначыў усё ўзрастаючае міжнароднае становішча і ўплыў Беларусі, эканамічнае развіццё краіны. "Беларуская мара" пра паспяховае і шчаслівае жыццё народа, мірную і стабільную дзяржаву ўвасабляецца ў рэальнасць. Як добры сябар кітайскі бок адчувае сардэчную радасць. Я надаю вялікае значэнне развіццю кітайска-беларускіх адносін, цаню ўстаноўленыя з вамі добрыя рабочыя адносіны і асабістае моцнае сяброўства, - адзначыў кітайскі лідар. - Я гатовы разам з вамі прыкладаць намаганні на карысць дзвюх краін і народаў, няспынна дасягаць новых вынікаў у развіцці адносін давернага ўсебаковага стратэгічнага партнёрства і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва і ў сумесным будаўніцтве ініцыятывы "Адзін пояс, адзін шлях".

    Прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка адзначыў, што за мінулыя гады Беларусь заняла дастойнае месца сярод краін рэгіёна і дэманструе адданасць міру і рэгіянальнай стабільнасці, упэўненае ўмацаванне нацыянальнай эканомікі. "Развіццё добрасуседскіх адносін з Рэспублікай Беларусь заўсёды было сярод знешніх прыярытэтаў Украіны. Упэўнены, што ўкраінска-беларускія адносіны і далей будуць паглыбляцца ў духу партнёрства, канструктыўнага супрацоўніцтва і ўзаемнай павагі", - падкрэсліў ён.

    Прэзідэнт Казахстана Нурсултан Назарбаеў звярнуў увагу, што ў яго краіне надаюць вялікае значэнне далейшаму ўмацаванню дружалюбных і партнёрскіх адносін з Беларуссю ва ўсіх галінах супрацоўніцтва. "Упэўнены, што адносіны дружбы і ўзаемапавагі, якія склаліся паміж дзвюма дзяржавамі, будуць і ў далейшым служыць надзейнай асновай для пашырэння казахстанска-беларускага ўзаемадзеяння ў духу канструктыўнага партнёрства і паразумення на карысць народаў нашых краін", - гаворыцца ў віншаванні.

    Віншавальнае пасланне Прэзідэнту Беларусі таксама накіраваў Прэзідэнт Арменіі Армен Саркісян. Ён адзначыў, што абодва народы звязваюць вузы дружбы і супрацоўніцтва, якія складаюць аснову армяна-беларускіх міждзяржаўных адносін. Прэзідэнт Арменіі выказаў упэўненасць, што заснаванае на гэтых пачатках узаемадзеянне дасць магчымасць забяспечыць развіццё двухбаковага супрацоўніцтва на больш высокім узроўні, што, безумоўна, адпавядае карэнным інтарэсам двух народаў і краін.

    У віншавальным пасланні беларускаму лідару Прэзідэнт Азербайджана Ільхам Аліеў выказаў асаблівае задавальненне высокім узроўнем азербайджана-беларускіх адносін, які адлюстроўвае імкненне дзвюх краін да далейшага ўмацавання ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва і паглыблення стратэгічнага партнёрства.

    Прэзідэнт Таджыкістана Эмамалі Рахмон падкрэсліў, што міждзяржаўныя адносіны з Беларуссю займаюць прыярытэтнае месца ў знешнепалітычнай дзейнасці Таджыкістана: "Мы высока ацэньваем цяперашні ўзровень шматграннага ўзаемадзеяння паміж нашымі краінамі, які атрымаў за апошнія гады новую дынаміку развіцця і паглыблення. Упэўнены, што дасягнутыя намі дамоўленасці ў ходзе вашага нядаўняга афіцыйнага візіту ў Таджыкістан нададуць новы імпульс пашырэнню ўсяго комплексу таджыкістанска-беларускіх адносін у адпаведнасці з карэннымі інтарэсамі нашых народаў і краін".

    Прэзідэнт Туркменістана Гурбангулы Бердымухамедаў канстатаваў, што на працягу многіх гадоў дружалюбныя адносіны паміж краінамі грунтуюцца на трывалых вузах раўнапраўя, павагі і ўзаемнай падтрымкі. "Упэўнены, што існуючы высокі ўзровень даверу і ўзаемаразумення паміж Туркменістанам і Беларуссю будзе і далей служыць трывалай асновай для канструктыўнага развіцця ўзаемадзеяння ў розных сферах", - адзначыў ён.

    Ад імя шматнацыянальнага народа Узбекістана і ад сябе асабіста Аляксандра Лукашэнку і дружалюбны народ Беларусі павіншаваў Прэзідэнт Шаўкат Мірзіёеў. "За мінулыя гады Рэспубліка Беларусь дзякуючы праводзімай вамі ўсебакова выверанай і дальнабачнай палітыцы дасягнула ўражальных вынікаў у сферы дзяржаўнага будаўніцтва, абнаўлення і мадэрнізацыі эканомікі і грамадства, - адзначыў Шаўкат Мірзіёеў. - Мы ва Узбекістане добра ведаем і даражым вашай асабістай увагай да пытанняў далейшага пашырэння і ўмацавання традыцыйна дружалюбных узбекска-беларускіх адносін і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва".

    Прэзідэнт Кыргызстана Сааранбай Жээнбекаў таксама накіраваў віншаванне беларускаму лідару. Ён адзначыў, што за гады незалежнасці Беларусь дасягнула значных вынікаў ва ўсіх сферах дзяржаўнага будаўніцтва. "Глыбока перакананы, што наша канструктыўнае ўзаемадзеянне будзе і далей садзейнічаць пашырэнню ўсяго спектра кыргызска-беларускага супрацоўніцтва як у двухбаковых, так і шматбаковых фарматах", - гаворыцца ў тэлеграме.

    У віншаванні Прэзідэнта Малдовы Ігара Дадона падкрэсліваецца, што ў Малдове высока ацэньваюць дасягненні Беларусі ў навуковай, вытворча-тэхнічнай і сацыяльна-эканамічнай сферах, якія далі магчымасць якасна палепшыць жыццё яе народа. "Усталяваныя паміж намі ў ходзе сустрэч даверныя асабістыя адносіны ўсяляюць упэўненасць, што нашы краіны, абапіраючыся на свой гістарычны і сучасны вопыт двухбаковага плённага партнёрства па розных напрамках, будуць і ў далейшым цесна і плённа супрацоўнічаць у рэалізацыі сумесных праектаў у імя і на карысць малдаўскага і беларускага народаў", - гаворыцца ў пасланні.

    Далейшага працвітання Беларусі і дабрабыту яе грамадзянам пажадаў Прэзідэнт Сербіі Аляксандр Вучыч. "Гэты дзень вельмі важны для ўсіх, хто лічыць Беларусь сябрам, для ўсіх тых, хто паважае адданасць беларускага народа свабодзе, патрыятычным ідэалам і невычэрпным каштоўнасцям міру і стабільнасці, - перакананы палітык. - Я надаю вялікае значэнне развіццю сербска-беларускіх адносін і зноў заяўляю аб сваёй гатоўнасці працаваць разам з вамі для іх далейшага ўмацавання".

    Прэзідэнт Італьянскай Рэспублікі Серджыа Матарэла ў віншаванні звярнуў увагу на значны прагрэс у дыялогу паміж Мінскам і Еўрапейскім саюзам, які будзе і далей стымуляваць узбагачэнне двухбаковага партнёрства.

    Віншаванне ў адрас Аляксандра Лукашэнкі накіраваў таксама Прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон. Ён пажадаў, каб адносіны паміж дзвюма краінамі ўзмацніліся ва ўсіх галінах, дзе існуе яшчэ нерастрачаны патэнцыял. Эмануэль Макрон адзначыў развіццё адносін Беларусі з Еўрапейскім саюзам. "Я жадаю, каб мы змаглі разам прадаўжаць і ўзмацняць гэту пазітыўную дынаміку, якая дасць магчымасць Беларусі ўмацаваць яе эканоміку, разнастаіць гандлёвыя сувязі і, у выніку, гарантаваць яе незалежнасць", - гаворыцца ў віншаванні.

    Прэзідэнт Швейцарыі Ален Берсе ў віншавальным пасланні запэўніў, што яго краіна прыхільная да развіцця ўзаемнага даверу і дружбы з Беларуссю. "Мы перакананы, што нашы адносіны будуць працвітаць і ў наступныя гады", - падкрэсліў ён.

    Шчырыя і сардэчныя віншаванні з нагоды дзяржаўнага свята Кіраўніку дзяржавы накіравалі Прэзідэнт Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў Халіфа бен Заід аль-Нахаян, Віцэ-прэзідэнт і Прэм'ер-міністр ААЭ, Правіцель Дубая шэйх Мухамед бен Рашыд аль-Мактум, Наследны прынц Абу-Дабі, намеснік Вярхоўнага галоўнакамандуючага Узброенымі Сіламі ААЭ шэйх Мухамед бен Заід аль-Нахаян.

    Задавальненне дасягнутым узроўнем адносін з Беларуссю, якія развіваюцца на аснове ўзаемнай павагі і агульных інтарэсаў, выказаў Прэзідэнт Турцыі Рэджэп Таіп Эрдаган. Ён упэўнены, што плённае супрацоўніцтва будзе развівацца і дыверсіфікавацца ў розных галінах.

    З нацыянальным святам Аляксандра Лукашэнку і жыхароў Беларусі павіншаваў Прэзідэнт Ірана Хасан Раўхані. "Выказваю надзею, што дружалюбныя адносіны паміж Ісламскай Рэспублікай Іран і Рэспублікай Беларусь будуць і далей развівацца ва ўсіх сферах на карысць узаемных інтарэсаў двух народаў", - адзначыў ён.

    Шчырыя віншаванні Кіраўніку дзяржавы адрасаваў Прэзідэнт В'етнама Чан Дай Куанг. Ён пажадаў краіне працвітання і шчасця беларускаму народу. "В'етнам заўсёды сочыць за дасягненнямі беларускага народа. Прадаўжэнне эканамічнага росту і разгортванне шматбаковай знешняй палітыкі ўнеслі ўклад у павышэнне пазіцыі Беларусі ў свеце, развіццё і будаўніцтва краіны", - гаворыцца ў пасланні. В'етнамскі лідар заўважыў, што супрацоўніцтва паміж дзвюма дзяржавамі няўхільна ўмацоўваецца і развіваецца ў палітычнай, гандлёва-эканамічнай, навукова-тэхнічнай, культурнай галінах.

    "Мы рады магчымасці падзяліць радасць беларускага народа і аддаць даніну павагі храбрым абаронцам Беларусі, мужчынам і жанчынам, якія змаглі адстаяць сваю Айчыну, - гаворыцца ў віншаванні ад Прэзідэнта Венесуэлы Нікаласа Мадуры. - У гэты святочны дзень хацеў бы падкрэсліць тыя вузы братэрства і салідарнасці, якія звязваюць Венесуэлу і Рэспубліку Беларусь. Гэтыя вузы знайшлі адлюстраванне ў імклівым развіцці двухбаковых адносін, якія садзейнічаюць усебаковаму і ўзаемнаму развіццю кожнай з краін".

    Прэзідэнт Бангладэш Абдул Хамід выказаў упэўненасць, што адносіны паміж дзвюма краінамі, якія характарызуюцца дружбай і ўзаемным супрацоўніцтвам, прадоўжаць і ў далейшым развівацца і пашырацца для ўзаемнай выгады іх народаў. "Перадаю найлепшыя пажаданні дабрабыту і шчасця вам, а таксама захавання міру і працвітання дружалюбнаму народу Рэспублікі Беларусь", - гаворыцца ў яго пасланні.

    "Адносіны паміж Індыяй і Беларуссю традыцыйна насілі дружалюбны і цёплы характар. Ваш паспяховы візіт у Індыю ў верасні 2017 года надаў новы імпульс нашым узаемавыгадным сувязям. Упэўнены, што нашы двухбаковыя адносіны і далей будуць умацоўвацца і пашырацца", - гаворыцца ў віншаванні, якое паступіла ад імя Прэзідэнта Індыі Рама Натха Кавінда.

    Генеральны сакратар ААН Антоніу Гутэрыш перадаў беларусам самыя цёплыя віншаванні з нагоды Дня Незалежнасці. "Наша місія ўмацоўваецца, калі мы, народы, аб'ядноўваемся, каб адстойваць каштоўнасці, замацаваныя ў нашым статуце. У перыяд як глабальных выклікаў, так і вялікага патэнцыялу гэтыя ідэалы з'яўляюцца тым, што можа ўтрымліваць нас разам, - падкрэсліў Антоніу Гутэрыш. - Я хацеў бы запэўніць вас у маім актыўным удзеле ў стварэнні эфектыўнай Арганізацыі Аб'яднаных Нацый і падтрымцы міру, устойлівага развіцця і правоў чалавека".

    Сардэчныя віншаванні Аляксандру Лукашэнку і ўсім жыхарам Беларусі накіраваў Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл. "У народнай свядомасці гэта свята непарыўна звязана з подзвігам продкаў, якія праявілі бяспрыкладныя мужнасць, доблесць і гераізм пры вызваленні Мінска ад нямецкіх захопнікаў у далёкім 1944 годзе. Стаўшы сімвалам пераемнасці пакаленняў і захавання нацыянальнай гістарычнай памяці, гэта ўрачыстасць аб'ядноўвае мільёны грамадзян Беларусі, якія ўносяць свой уклад у стварэнне мірнага і паспяховага жыцця Айчыны", - гаворыцца ў віншаванні.

    Патрыярх Кірыл пажадаў Прэзідэнту Беларусі добрага здароўя і шчодрай дапамогі ад Госпада ў адказным дзяржаўным служэнні, а народу Беларусі - міру і Божага благаславення.

    Папа Рымскі Францыск пажадаў кіраўніцтву Беларусі і ўсяму народу краіны боскіх благаславенняў.

    Ад імя Урада ЗША віншаванні беларускаму народу перадаў Дзяржсакратар Майкл Пампеа. Ён пацвердзіў прыхільнасць Злучаных Штатаў да падтрымкі суверэнітэту і незалежнасці Беларусі.

    "Ад душы жадаю вашай дзяржаве і народу міру, бяспекі, стабільнасці, эканамічнага росту і дабрабыту. Я адчуваю шчырае задавальненне ад таго, што інтэнсіўны палітычны дыялог і цеснае, узаемавыгаднае супрацоўніцтва ў розных сферах характарызуюць добрасуседскія адносіны і актыўнае супрацоўніцтва паміж Латвіяй і Беларуссю. Спадзяюся, што ў далейшым гэта сувязь будзе станавіцца ўсё мацнейшай, як прымнажаючы дабрабыт абедзвюх краін і бяспеку ў рэгіёне, так і пашыраючы кантакты паміж жыхарамі нашых краін. Спадзяюся, што адносіны Еўрапейскага саюза і Беларусі будуць усё больш умацоўвацца", - гаворыцца ў віншаванні, якое накіраваў у адрас Кіраўніка беларускай дзяржавы Прэзідэнт Латвіі Раймандс Веёніс.

    Віншавальнае пасланне паступіла таксама ад Прэзідэнта Чэхіі Мілаша Земана. У ім гаворыцца, што Чэхія высока ацэньвае ўзровень двухбаковых адносін з Беларуссю, зацікаўлена ў іх далейшым развіцці і паглыбленні супрацоўніцтва.

    Шчырыя і сардэчныя віншаванні з нагоды дзяржаўнага свята накіраваў Прэзідэнт Грузіі Гіоргій Маргвелашвілі. "За гады незалежнасці, дзякуючы вашым намаганням, Рэспубліка Беларусь дасягнула ўражальных поспехаў ва ўсіх сферах развіцця дзяржаўнасці. Упэўнены, што вузы дружбы і ўзаемаразумення, якія звязваюць Грузію і Беларусь, будуць і ў далейшым мацнець, прыносячы адчувальную карысць народам нашых дзяржаў", - гаворыцца ў віншавальным пасланні ў адрас Аляксандра Лукашэнкі.

    Кіраўніка дзяржавы і народ Беларусі павіншаваў і Федэральны Прэзідэнт Германіі Франк-Вальтэр Штайнмаер. "Прыемна, што адносіны паміж нашымі краінамі за апошнія гады паглыбіліся. Спадзяюся, што гэты працэс будзе прадаўжацца. Дзякую вам за канструктыўны і адкрыты дыялог у час майго візіту ў Мінск, які адбыўся 29 чэрвеня 2018 года. Мемарыял на месцы лагера смерці "Трасцянец", другі комплекс якога мы мелі магчымасць разам адкрыць, з'яўляецца дастойным месцам памяці. Гэта сімвал памяці аб злачынствах, учыненых у вашай краіне ад імя Германіі і адначасова нагляднае сведчанне таго, што дзякуючы гатоўнасці беларускага народа да прымірэння мы ад балючага мінулага змаглі прыйсці да паспяховага супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі", - гаворыцца ў пасланні.

    Германія высока ацэньвае намаганні Беларусі па выкананні правоў чалавека і правядзенні неабходных рэформ. "Яна і ў далейшым будзе аказваць Рэспубліцы Беларусь падтрымку на гэтым шляху", - запэўніў Федэральны Прэзідэнт Германіі.

    У сваю чаргу Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда ў віншавальным пасланні падкрэсліў, што суверэнная і незалежная Беларусь з'яўляецца істотным элементам стабільнасці і міру ў Еўропе. "Спадзяюся на далейшае ўмацаванне добрасуседскіх адносін паміж нашымі народамі ў духу дружбы, супрацоўніцтва і ўзаемаразумення", - адзначыў ён.