Віншаванне жыхарам і гасцям Полацка з 1160-годдзем з дня ўтварэння горада

    Дарагія сябры! 

    Сардэчна віншую вас з 1160-годдзем з дня ўтварэння Полацка.

    Старажытную полацкую зямлю мы па праву называем калыскай беларускай дзяржаўнасці, духоўнасці і культуры. Горад свята захоўвае сваю багацейшую шматвяковую спадчыну, прывабліваючы бясконцы паток турыстаў і паломнікаў з Беларусі і замежжа.

    Сафійскі сабор і манастырскі комплекс, звязаны з імем асветніцы Ефрасінні Полацкай, сучасны музей кнігадрукавання, створаны ў гонар нашага першадрукара Францыска Скарыны, музей-бібліятэка Сімяона Полацкага, музей-кватэра Героя Савецкага Саюза Зінаіды Тусналобавай-Марчанка, гісторыка-культурны комплекс ратнай славы - гэта толькі частка знакавых мясцін, якія захоўваюць памяць аб выключных падзеях і вялікіх асобах, што праславілі родную зямлю.

    Цяперашнія палачане дастойны сваіх выдатных продкаў. Чыстыя вуліцы і квітнеючыя зялёныя двары, маляўнічыя фасады і багацце малых архітэктурных форм, паспяховая работа дзяржаўных і прыватных прадпрыемстваў красамоўна сведчаць аб вашым стаўленні да роднага горада.

    Упэўнены, што і ў далейшым вы будзеце рабіць усё дзеля далейшага працвітання любімага Полацка.

    Жадаю вам моцнага здароўя, шчасця, міру і дабрабыту.

    Аляксандр Лукашэнка