Віншаванне з Днём Незалежнасці Рэспублікі Беларусь

    Дарагія суайчыннікі!

    Ад усёй душы віншую вас з Днём Незалежнасці.

    Галоўнае свята краіны ўвасабляе ў сабе шматвяковую гісторыю барацьбы беларусаў за свабоду, за права жыць на роднай зямлі.

    Глыбока сімвалічна, што гэта дата гістарычна звязана з днём вызвалення сталіцы нашай Радзімы ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У гады Вялікай Айчыннай вайны беларускі народ заплаціў мільёнамі жыццяў сваіх сыноў і дачок, абараняючы нашу будучыню. Гэты горкі вопыт навучыў нас берагчы мір, цаніць нацыянальную еднасць, змагацца за дзяржаўнасць.

    Беларусы заўсёды чэрпалі сілы ў духоўнай спадчыне продкаў, у іх працавітасці і самаадданасці. За намі стаяць шматлікія пакаленні патрыётаў, стваральнікаў, пераможцаў. Мы не маем права іх падвесці. Гэтак жа, як мы ў адказе і перад нашымі нашчадкамі.

    Перакананы, толькі беражліва захоўваючы памяць пра герояў і прымнажаючы дасягнутае, беларусы заўсёды будуць заставацца гаспадарамі на сваёй зямлі і самі вызначаць уласны лёс.

    Са святам, дарагія сябры!

    Жадаю вам моцнага здароўя, міру і новых дасягненняў на карысць роднай Беларусі!

    Аляксандр Лукашэнка