Віншаванне з Днём дэсантнікаў і сіл спецыяльных аперацый Узброеных Сіл

    Ваеннаслужачым і ветэранам сіл спецыяльных аперацый Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь

    Паважаныя таварышы!

    Віншую вас з прафесійным святам - Днём дэсантнікаў і сіл спецыяльных аперацый Узброеных Сіл.

    У знак прызнання выдатных заслуг воінаў-дэсантнікаў усіх пакаленняў у высакароднай справе абароны Айчыны гэты дзень даўно ўжо стаў у нашай краіне сапраўды ўсенароднай урачыстасцю.

    Сёння непераможная крылатая пяхота беражліва захоўвае каштоўнасць дэсантнага братэрства, слаўныя ратныя традыцыі і пераемнасць пакаленняў. Хлопцы ў блакітных берэтах заўсёды і ўсюды дэманстравалі несакрушальны баявы дух і стойкасць, вырашаючы задачы, якія іншым проста не пад сілу. Так было ў гады Вялікай Айчыннай вайны, так было ў Афганістане, у іншых гарачых кропках і ў ходзе выканання міратворчых місій.

    У гэты няпросты час, калі на тэрыторыі нашага паўднёвага суседа палае пажар, які пагражае перарасці ў глабальны канфлікт, вы цвёрда стаіце на варце Радзімы, выконваючы баявыя задачы па забеспячэнні ваеннай бяспекі дзяржавы, робячы ўсё магчымае і немагчымае для захавання міру і спакою на роднай зямлі.

    Упэўнены, што сілы спецыяльных аперацый заўсёды былі і будуць элітай беларускай арміі, надзейным шчытом дзяржавы, сапраўднай школай мужнасці і патрыятызму для моладзі.

    Жадаю вам і вашым блізкім моцнага здароўя, шчасця, дабрабыту, чыстага неба і новых поспехаў у службе на карысць Беларусі!

    Аляксандр Лукашэнка