Віншаванне з Днём беларускай навукі

    Дзеячам навукі, работнікам навукова-даследчых інстытутаў і вышэйшых навучальных устаноў

    Дарагія сябры!

    Ад усёй душы віншую вас з Днём беларускай навукі.

    У нашы дні веды, нястрымны творчы дух і прага спасціжэння новага ператварыліся ў галоўную рухальную сілу развіцця цывілізацыі. Адважныя адкрыцці, смелыя ідэі і прарыўныя вынаходствы змяняюць сучасны свет, з’яўляюцца асновай эканамічнага поспеху і сацыяльнага прагрэсу.

    Удасканаленне навуковай сферы, захаванне і ўзбагачэнне традыцый даследчых школ, умацаванне сувязей вучоных з вытворчасцю – прыярытэтныя напрамкі палітыкі нашай дзяржавы. Дзякуючы яе падтрымцы беларускія даследчыкі дабіліся значных поспехаў у асваенні касмічнай прасторы, развіцці інфармацыйных і іншых высокіх тэхналогій, стварэнні ўнікальных нанаматэрыялаў, распрацоўцы найноўшых метадаў лячэння захворванняў, вырашэнні многіх актуальных праблем.

    Упэўнены, што і ў далейшым вы будзеце працаваць гэтак жа эфектыўна і плённа. Уклад вучоных у выкананне задач інавацыйнага развіцця краіны і мадэрнізацыю вытворчасці павінен стаць яшчэ больш важкім.

    Жадаю вам, дарагія сябры, натхнення, новых здзяйсненняў, моцнага здароўя, шчасця і дабрабыту.

    Аляксандр Лукашэнка