Віншаванне з Днём беларускай навукі

    Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка павіншаваў дзеячаў навукі, работнікаў навукова-даследчых інстытутаў і ўстаноў вышэйшай адукацыі з Днём беларускай навукі.

    "Сёння вашы прафесійныя дасягненні - важны драйвер эканамічнага развіцця нашай незалежнай краіны, адна з крыніц росту дабрабыту народа. Сфарміраваны і паспяхова працуюць буйныя айчынныя навукова-даследчыя школы. Пры самым актыўным удзеле вучоных забяспечваецца нацыянальная бяспека дзяржавы", - гаворыцца ў віншаванні.

    Самымі каштоўнымі якасцямі сапраўдных служыцеляў навукі Кіраўнік дзяржавы назваў талент і інтэлект, падмацаваныя шчырым патрыятызмам. "Менавіта такія выдатныя людзі беражліва захоўваюць лепшыя традыцыі і перадаюць іх маладому пакаленню разам з назапашанымі ведамі і вопытам", - адзначыў беларускі лідар.

    Аляксандр Лукашэнка выказаў перакананне, што і ў далейшым дзейнасць вучоных, заснаваная на трывалым навуковым базісе і велізарнай любові да роднай зямлі, будзе накіравана на перспектыўнае развіццё Беларусі.

    Прэзідэнт пажадаў дзеячам навукі моцнага здароўя, шчасця, творчых поспехаў і новых цікавых адкрыццяў.