Віншаванне з Днём Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь

    Дарагія суайчыннікі!

    Сардэчна віншую вас з Днём Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

    Прыняты два дзесяцігоддзі таму Асноўны Закон замацаваў важнейшыя прынцыпы пабудовы ў нашай краіне дэмакратычнай дзяржавы, заклаў трывалы прававы фундамент незалежнасці, рэалізаваў імкненне беларускага народа быць паўнапраўным гаспадаром на роднай зямлі.

    Адзначаючы 20-гадовы юбілей Канстытуцыі і ацэньваючы маштабныя перамены, якія адбыліся ў жыцці беларусаў за такі кароткі па гістарычных мерках перыяд, мы з гонарам і поўнай упэўненасцю гаворым: Рэспубліка Беларусь адбылася як суверэнная дзяржава, найвышэйшай каштоўнасцю і безумоўным прыярытэтам якой з'яўляецца чалавек і яго законныя інтарэсы.

    Мы дынамічна рухаемся наперад, развіваем эканамічную і сацыяльную сферы, павышаем свой міжнародны аўтарытэт, рэалізуем абвешчаныя ў Асноўным Законе прынцыпы народаўладдзя, вяршэнства права, падзелу ўлады і сацыяльнай справядлівасці.

    Упэўнены, што, абапіраючыся на палажэнні Канстытуцыі, мы і ў далейшым зробім усё для ўмацавання міру і згоды ў роднай Беларусі, росту дабрабыту і працвітання беларускага народа.

    У гэты ўрачысты дзень прыміце шчырыя пажаданні моцнага здароўя, поспехаў у працы і дабрабыту.

    Аляксандр Лукашэнка.