Віншаванне з Днём яднання народаў Беларусі і Расіі

    Дарагія беларусы і расіяне!

    Дзень яднання - свята, якое сімвалізуе для Беларусі і Расіі агульны цывілізаваны выбар, сувязь гісторыі, сучаснасці і будучыні. Гісторыі - таму што нашы народы змацоўваюць векавыя вузы дружбы і ўзаемадапамогі. Сучаснасці - таму што менавіта ў навейшы час, на пераломе 90-х гадоў, нашы краіны прынялі рашэнне аб'яднаць намаганні для далейшага сумеснага развіцця. Будучыні - таму што саюзнае будаўніцтва нацэлена на дасягненне сацыяльнага і эканамічнага прагрэсу, забеспячэнне росту дабрабыту беларусаў і расіян.

    У гэтым годзе спаўняецца 15 гадоў з дня падпісання Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы. За мінулы перыяд сфарміравана дагаворна-прававая база супрацоўніцтва, якая дае магчымасць плённа працаваць практычна ва ўсіх галінах. Створаны ўмовы для рэалізацыі прынцыпу роўнасці сацыяльна-эканамічных правоў грамадзян дзвюх дзяржаў. Сістэмнае беларуска-расійскае ўзаемадзеянне ў галіне знешняй і абароннай палітыкі стала залогам стабільнасці як у рэгіянальным, так і ў сусветным маштабе.

    Саюзная дзяржава па праву з'яўляецца прыкладам і асновай аб'яднальных працэсаў на постсавецкай прасторы. Няпростыя рэаліі сённяшняга дня ставяць перад намі маштабныя задачы далейшай інтэграцыі. І наша мэта - зрабіць усё, каб Саюзная дзяржава, Мытны саюз, Адзіная эканамічная прастора, а ў перспектыве і Еўразійскі эканамічны саюз не дубліравалі, а дапаўнялі адзін аднаго, рэальна і бачна ўвасабляючы ў жыццё перавагі розных форм усебаковага супрацоўніцтва.

    У хуткім часе мы будзем адзначаць свяшчэнную для Беларусі дату - 70-годдзе вызвалення ад фашысцкіх захопнікаў. Наша краіна, якая страціла ў полымі Другой сусветнай вайны кожнага трэцяга, але не стала на калені, як ніхто іншы, цэніць і разумее важнасць мірнага развіцця для дабрабыту свайго народа і ўсяго чалавецтва. У той вайне беларусы і расіяне разам з іншымі брацкімі народамі, здзейсніўшы бяспрыкладны подзвіг на фронце і ў тыле, неймавернай цаной атрымалі вялікую Перамогу. І сёння, свята шануючы запавет пакалення пераможцаў, мы разам працуем і ствараем, забяспечваючы паступальнае развіццё нашых эканомік, дастойныя жыццёвыя стандарты для ўсіх грамадзян.

    Беларуска-расійскія адносіны прайшлі выпрабаванне часам, праверку на крутых паваротах гісторыі. Раўнапраўе, узаемапавага, дружба і ўлік інтарэсаў адзін аднаго - вось тыя асноватворныя прынцыпы, на якіх будуецца двухбаковае доўгатэрміновае супрацоўніцтва.

    Нашым адносінам - умацоўвацца і развівацца!

    Дарагія сябры!

    Здароўя, дабрабыту і ўпэўненасці ў заўтрашнім дні вам, вашым родным і блізкім.

    Міру і працвітання нашым краінам і народам!

    Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка