Віншаванне з Днём Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь

    Дарагія суайчыннікі!

    Сардэчна віншую вас з Днём Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь і Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь.

    Герб, сцяг і гімн увасабляюць ідэалы і прынцыпы нашай маладой суверэннай краіны - мір, працу, добрасуседства, сацыяльную справядлівасць, вернасць сваім духоўным каштоўнасцям і традыцыям.

    Гэтыя свяшчэнныя сімвалы дзяржаўнасці звязваюць разам усё самае для нас дарагое: гераічныя здзяйсненні продкаў, дасягненні цяперашняга пакалення і тыя вяршыні, якія дружнай сям'і мільёнаў беларусаў трэба пакарыць у будучыні.

    Гэта ўрачыстасць напоўнена асаблівай актуальнасцю і глыбокім сэнсам. Паколькі мы адзначаем яе напярэдадні важнай гістарычнай даты - 25-годдзя незалежнасці Беларусі.

    Упэўнены, што гэтыя знакавыя падзеі паслужаць яшчэ большай з'яднанасці грамадства, росту патрыятычнай свядомасці і дапамогуць нашаму народу ўпэўнена рухацца па шляху далейшага стварэння і прагрэсу.

    Ад усёй душы жадаю вам, дарагія суграмадзяне, моцнага здароўя, дабрабыту, аптымізму і плённай дзейнасці дзеля працвітання роднай зямлі.

    Аляксандр Лукашэнка