Віншаванне з Днём абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь

    Таварышы салдаты, сяржанты, прапаршчыкі і афіцэры!

    Паважаныя ветэраны!

    Дарагія суайчыннікі!

    Віншую вас з Днём абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь.

    Гэта свята з'яўляецца сімвалам вернасці воінскаму абавязку і стойкасці беларускага народа ў барацьбе за свабоду і незалежнасць нашай Радзімы.

    Мы схіляемся перад подзвігам землякоў, якія самааддана абаранялі сваю зямлю ад захопнікаў у ваенны час і надзейна забяспечылі бяспеку Радзімы ў мірныя гады, ганарымся мужнасцю воінаў-інтэрнацыяналістаў, якія дастойна процістаялі міжнароднаму тэрарызму.

    У цяперашняй абстаноўцы глабальнай нестабільнасці Беларусь паказвае прыклад паслядоўнай міралюбівай палітыкі пры няўхільнай рашучасці ў адстойванні сваіх нацыянальных інтарэсаў. Гарантам абароны краіны ад патэнцыяльнага агрэсара з'яўляюцца сучасныя Узброеныя Сілы, а таксама іншыя войскі і воінскія фарміраванні. Наяўнасць у Беларусі магутнай арміі не дазваляе нікому размаўляць з намі з пазіцыі сілы.

    Жадаю ўсім моцнага здароўя, міру, дабра і новых здзяйсненняў на карысць нашай Радзімы.


    Аляксандр Лукашэнка