Віншаванне ўдзельнікам і гасцям ХVIII Сусветнага кангрэса рускай прэсы

    Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка накіраваў віншаванне ўдзельнікам і гасцям ХVIII Сусветнага кангрэса рускай прэсы ў сувязі з адкрыццём гэтага форуму.

    Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што за гады свайго існавання кангрэс стаў запатрабаванай пляцоўкай для абмеркавання значных праблем міжнароднага парадку дня, унёс прыкметны ўклад у фарміраванне рускамоўнай інфармацыйнай прасторы.

    "На беларускай зямлі ў дружбе і згодзе жывуць прадстаўнікі 140 нацыянальнасцей і народнасцей. Руская мова, якая разам з беларускай з'яўляецца дзяржаўнай, служыць важным фактарам грамадскай кансалідацыі, эфектыўнага міжнацыянальнага і міжкультурнага дыялогу", - гаворыцца ў віншавальным пасланні.

    Прэзідэнт падкрэсліў, што Беларусь актыўна ўдзельнічае ў інтэграцыйных працэсах на постсавецкай прасторы і асаблівае значэнне надае ўмацаванню стратэгічных саюзніцкіх адносін з брацкім народам Расіі.

    Аляксандр Лукашэнка выказаў упэўненасць у тым, што абмен вопытам і думкамі паміж удзельнікамі кангрэса будзе садзейнічаць далейшаму развіццю гуманітарнага супрацоўніцтва, наладжванню прафесійных і асабістых кантактаў.