Віншаванне ўдзельнікам і гасцям фестывалю-кірмашу "Дажынкі-2022" у Брэсцкай вобласці
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка павіншаваў Брэсцкую вобласць, удзельнікаў і гасцей абласнога фестывалю-кірмашу "Дажынкі-2022" у аграгарадку Целяханы з паспяховым завяршэннем уборачнай пары.
"Сёння вы першыя сустракаеце "Дажынкі" - самае важнае для хлебаробаў свята. Першыя ў краіне адкрываеце сезон урачыстага ўшаноўвання ўсіх, хто ўпэўнена прыняў выклікі капрызнай прыроды і не ўпусціў ніводнага пагоднага дня, каб сабраць ураджай у тэрмін", - гаворыцца ў віншаванні.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што важкі і сапраўды дастойны каравай - гэта вынік зладжанай працы ўсяго аграпрамысловага комплексу Брэсцкай вобласці. "Ён сімвалізуе лепшыя якасці працаўніка вёскі - любоў да роднай зямлі і адданасць сваёй справе, руплівасць і ўпартасць, веру ў сябе і ўменне працаваць у камандзе. Ад душы дзякую вам за адказнае стаўленне да вырашэння важнейшай дзяржаўнай задачы па забеспячэнні харчовай бяспекі рэспублікі", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт пажадаў удзельнікам і гасцям фестывалю-кірмашу моцнага здароўя, чыстага неба, смачнага хлеба і новых дасягненняў на карысць любімай Беларусі.