Віншаванне рэдакцыі часопіса "Полымя" з 95-годдзем выдання

    Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка павіншаваў рэдакцыю часопіса "Полымя" з 95-годдзем выдання.

    "За час свайго існавання гэта старэйшае літаратурна-мастацкае выданне краіны адлюстравала гістарычны шлях беларускага народа, прадэманстравала нязменную адданасць высокім маральным і ідэйна-эстэтычным каштоўнасцям", - гаворыцца ў віншаванні.

    Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што на старонках "Полымя" публікаваліся класікі Якуб Колас, Янка Купала, Іван Мележ, Максім Танк, Кандрат Крапіва, Пятрусь Броўка, Іван Шамякін, Уладзімір Караткевіч і іншыя вядомыя аўтары.

    "Сёння часопіс прадстаўляе багатую палітру твораў як вядучых майстроў роднага слова, так і прадстаўнікоў маладога пакалення. Дзякуючы "Полымю" па-беларуску загучалі лепшыя ўзоры сусветнай літаратуры", - канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.