Віншаванне работнікам Нясвіжскага завода медпрэпаратаў

    Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка павіншаваў работнікаў ААТ "Нясвіжскі завод медыцынскіх прэпаратаў" з 60-годдзем з дня заснавання прадпрыемства.

    "Больш як за паўстагоддзя завод прайшоў вялікі і складаны шлях ад вырабу ўгнаенняў і ветэрынарных прэпаратаў да паўнацэннай вытворчасці сучасных лекавых сродкаў, якія адпавядаюць міжнародным стандартам. І сёння ваша фармацэўтычная кампанія ўваходзіць у лік вядучых у галіне, валодае высокакваліфікаванымі кадрамі, найноўшымі тэхналогіямі і дакладнейшымі метадамі кантролю якасці", - гаворыцца ў віншаванні.

    Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што шматгадовая гісторыя паспяховай работы Нясвіжскага завода медыцынскіх прэпаратаў з'яўляецца вынікам прафесіяналізму і самага сур'ёзнага стаўлення да справы ўсяго персаналу. "Ваша няпростая, але патрэбная людзям праца заслугоўвае самай шчырай падзякі, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Жадаю калектыву і ветэранам новых поспехаў, здароўя, шчасця".