Віншаванне работнікам культуры з прафесійным святам

    Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка накіраваў віншаванне работнікам культуры Беларусі з нагоды іх прафесійнага свята.

    Прэзідэнт падкрэсліў, што гэта свята адзначаецца з асаблівай урачыстасцю ў сувязі з тым, што 2016 год у Беларусі аб'яўлены Годам культуры.

    "Ваша дзейнасць садзейнічае захаванню духоўнасці, маральных і эстэтычных ідэалаў беларускага народа. Захоўваючы і прымнажаючы ўсё лепшае, што набыта на працягу стагоддзяў, вы садзейнічаеце папулярызацыі айчыннага мастацтва і далучэнню да яго маладога пакалення", - гаворыцца ў віншаванні.

    "Дзякуючы вашай руплівай штодзённай рабоце нацыянальная культура актыўна развіваецца. Адраджаюцца народныя традыцыі і рамёствы, з'яўляюцца новыя творы, набывае майстэрства таленавітая моладзь, а вашы лепшыя дасягненні прыносяць Беларусі сусветную вядомасць", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

    Кіраўнік дзяржавы пажадаў работнікам культуры невычэрпнага натхнення, творчых поспехаў, шчасця і дабрабыту.