Віншаванне работнікам і ветэранам Дэпартамента па ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС

    Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка павіншаваў работнікаў і ветэранаў Дэпартамента па ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС з 30-годдзем з дня яго стварэння.

    Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ад буйнейшай тэхнагеннай аварыі ў гісторыі чалавецтва Беларусь пацярпела больш за ўсіх. Але за гэтыя гады праведзена каласальная работа: тэрыторыі былі абеззаражаны, людзі пераселены з небяспечнай зоны, забяспечаны жыллём, працай і медыцынскім абслугоўваннем. "Для гэтых мэт сфарміравана заканадаўчая база, створаны навукова-даследчыя і лячэбныя ўстановы, наладжана міжнароднае супрацоўніцтва. Дзясяткі тысяч дзяцей змаглі атрымаць кваліфікаваную медыцынскую дапамогу ў створаных рэабілітацыйна-аздараўленчых цэнтрах", - гаворыцца ў віншаванні.

    Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, эфектыўная рэалізацыя дзяржаўных праграм па пераадоленні наступстваў чарнобыльскай аварыі дала магчымасць адрадзіць эканоміку пацярпелых рэгіёнаў.

    "Дасягнутыя вынікі - бясспрэчная заслуга ўсяго вашага калектыву - людзей, шчыра адданых сваёй справе. Каб поўнасцю аднавіць гэтыя землі, трэба яшчэ шмат зрабіць. Упэўнены, вы справіцеся і з гэтай задачай", - падкрэсліў Прэзідэнт.