Віншаванне работнікам і ветэранам ААТ "Белшына"

    Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка павіншаваў работнікаў і ветэранаў ААТ "Белшына" з 50-годдзем з дня ўтварэння прадпрыемства.

    Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што за мінулыя паўстагоддзя завод стаў адным з флагманаў нафтахімічнай галіны краіны, а яго прадукцыя сёння добра вядома далёка за межамі Беларусі і заслужана карыстаецца вялікім попытам. Асновай поспеху прадпрыемства Прэзідэнт назваў высокі прафесіяналізм калектыву, паступальнае развіццё з апорай на сучасныя тэхналогіі, якасць і пастаяннае абнаўленне асартыменту з улікам запатрабаванняў спажыўцоў.

    "Упэўнены, што "Белшына" і ў далейшым будзе ўносіць важкі ўклад у айчынную эканоміку, а слаўныя традыцыі і набыты вопыт дадуць магчымасць калектыву і далей з упэўненасцю глядзець у будучыню", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

    Прэзідэнт пажадаў работнікам і ветэранам прадпрыемства моцнага здароўя, шчасця і дабрабыту.