Віншаванне Прэзідэнту Расіі Уладзіміру Пуціну з Новым годам і Раством Хрыстовым

    Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка павіншаваў Прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна з Новым годам і Раством Хрыстовым.

    "У надыходзячым годзе мы адзначаем знамянальную дату - дваццацігоддзе з дня падпісання Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы. Рэспубліка Беларусь і Расійская Федэрацыя прайшлі няпросты шлях, але сёння з упэўненасцю можна гаварыць аб тым, што саюз двух народаў адбыўся", - гаворыцца ў віншаванні.

    Кіраўнік дзяржавы выказаў перакананне, што далейшая карпатлівая работа па захаванні нацыянальных інтарэсаў дзвюх краін у рамках Саюзнай дзяржавы, заснаваная на глыбокім даверы і павазе, надасць сур'ёзны імпульс развіццю ўсяго спектра двухбаковых адносін.

    "Воля беларусаў і расіян да яднання, як і раней, будзе служыць трывалым фундаментам для інтэграцыйнага будаўніцтва, шматпланавага супрацоўніцтва і фарміравання агульнай навейшай гісторыі", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

    Уладзімір Пуцін у навагоднім віншаванні беларускаму лідару канстатаваў, што, абапіраючыся на добрыя традыцыі дружбы і добрасуседства, расійска-беларускае супрацоўніцтва плённа развіваецца ў палітычнай, эканамічнай, гуманітарнай і іншых галінах. "Упэўнены, што далейшае ўмацаванне адносін стратэгічнага партнёрства паміж Расіяй і Беларуссю ў поўнай меры адпавядае інтарэсам нашых брацкіх народаў", - гаворыцца ў віншаванні Прэзідэнта Расіі.