Віншаванне Прэзідэнту Пакістана Арыфу Алві

    Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка павіншаваў Прэзідэнта Пакістана Арыфа Алві з Днём Незалежнасці Ісламскай Рэспублікі Пакістан.

    "За 73 гады свайго суверэнітэту Пакістан змог пабудаваць уласную самастойную дзяржаву", - падкрэсліў беларускі лідар. Ён з задавальненнем адзначыў, што двухбаковыя адносіны Мінска і Ісламабада, якія доўжацца ўжо больш за чвэрць стагоддзя, стварылі трывалую аснову для далейшага дынамічнага пашырэння ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва.

    "Значныя перспектывы існуюць у гандлёва-эканамічнай сферы, у тым ліку ў галінах машынабудавання, сельскай гаспадаркі, фармацэўтыкі і нафтахіміі, - гаворыцца ў віншаванні. - Упэўнены, што ўмацаванне практычнага складніка беларуска-пакістанскага ўзаемадзеяння зробіць важкі ўклад у развіццё эканомік абедзвюх краін".

    Аляксандр Лукашэнка пажадаў Арыфу Алві здароўя, плённай дзейнасці і поспехаў, а народу Пакістана - міру і дабрабыту.