Віншаванне Прэзідэнта Беларусі з 85-годдзем з дня ўтварэння ДТСААФ
Ветэранам, супрацоўнікам, спартсменам і членам ДТСААФ
Дарагія сябры!
Віншую вас з 85-годдзем з дня ўтварэння ДТСААФ!
Створанае 28 лютага 1927 года абароннае Таварыства ўнесла вялікі ўклад у падрыхтоўку соцень тысяч спецыялістаў, якія змагаліся ў радах абаронцаў Радзімы ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
За сваю слаўную гісторыю ДТСААФ выхавала мільёны патрыётаў, здольных і гатовых з гонарам адстойваць інтарэсы краіны ў працы, воінскай службе і паўсядзённым жыцці.
Сёння беларускае абароннае Таварыства па праву з'яўляецца вядучым цэнтрам падрыхтоўкі дапрызыўнай моладзі да службы ва Узброеных Сілах, адыгрывае важную ролю ў развіцці і ўдасканаленні авіяцыйных, тэхнічных і ваенна-прыкладных відаў спорту, прапагандзе здаровага ладу жыцця. Сучасная дзейнасць ДТСААФ адпавядае нашым нацыянальным інтарэсам і заслужана карыстаецца прызнаннем і падтрымкай насельніцтва.
Упэўнены, што рэспубліканскае дзяржаўна-грамадскае аб'яднанне "Добраахвотнае таварыства садзейнічання арміі, авіяцыі і флоту Рэспублікі Беларусь" і ў далейшым будзе аддана служыць свайму народу, паспяхова выконваючы важную місію выхавання сапраўдных грамадзян і патрыётаў нашай Радзімы.
У гэты знамянальны дзень жадаю ўсім ветэранам і супрацоўнікам ДТСААФ здароўя і дабрабыту, міру і дабра, новых здзяйсненняў і поспехаў у службе і працы на карысць Айчыны!
Аляксандр Лукашэнка