Віншаванне праваслаўным хрысціянам Беларусі

    Дарагія суайчыннікі!

    Прыміце мае віншаванні з Уваскрасеннем Хрыстовым.

    Для многіх пакаленняў гэта вялікае свята з'яўляецца сімвалам радасці жыцця і перамогі дабра над злом. Сілай веры і брацкай любові яно аб'ядноўвае ў адну сям'ю ўвесь вялікі праваслаўны свет. Пад радасны царкоўны перазвон мільёны людзей зноў атрымліваюць надзею і сілу духу.

    Праваслаўе адыграла асаблівую ролю ў гісторыі Беларусі. З ім непарыўна звязана зараджэнне нашай дзяржаўнасці, развіццё асветы і культуры, фарміраванне нацыянальнага характару беларусаў як мірнага і працавітага народа, для якога самае важнае - магчымасць спакойна жыць і працаваць у сваім, падораным Богам кутку зямлі. І таму не выпадкова галоўнае праваслаўнае свята адзначаецца ў нас асабліва цёпла і ўрачыста.

    Няхай светлая велікодная радасць напоўніць сэрцы любоўю, каб шчодра дзяліцца ёю з тымі, хто знаходзіцца побач, адорваць іх увагай і клопатам.

    Шчыра жадаю вам шчасця, здароўя, узаемаразумення і поспехаў у працы на карысць роднай Айчыны.

    Аляксандр Лукашэнка