Віншаванне пракурорскім работнікам і ветэранам органаў пракуратуры з прафесійным святам

    Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка павіншаваў пракурорскіх работнікаў і ветэранаў органаў пракуратуры Рэспублікі Беларусь з прафесійным святам.

    "Вы выконваеце важнейшую праваахоўную функцыю, з'яўляецеся гарантамі законных правоў і свабод грамадзян, стаіце на варце інтарэсаў дзяржавы і грамадства", - гаворыцца ў віншаванні.

    Сёння пракуратура ўносіць важкі ўклад у каардынацыю праваахоўнай дзейнасці, адзначыў Кіраўнік дзяржавы. "Прыярытэтнымі напрамкамі вашай работы былі і застаюцца непрымірымая барацьба са злачыннасцю і карупцыяй, забеспячэнне вяршэнства права, законнасці і правапарадку, умацаванне канстытуцыйных асноў дзяржавы", - падкрэсліў Прэзідэнт.

    "Пракурорская дзейнасць патрабуе высокага прафесіяналізму, адказнасці і прынцыповасці. Ад вашай кампетэнтнасці і адданасці абавязку ў многім залежыць фарміраванне ў людзей прававой культуры і законапаслухмянасці", - сказана ў віншаванні.

    Аляксандр Лукашэнка выказаў упэўненасць, што пракурорскія работнікі і ў далейшым з гонарам і высокай аддачай будуць выконваць свае службовыя абавязкі, павышаючы аўтарытэт і грамадскі давер да органаў пракуратуры.

    Кіраўнік дзяржавы таксама адрасаваў самыя цёплыя словы ўдзячнасці ветэранам органаў пракуратуры, чый жыццёвы шлях, вопыт і мудрасць з'яўляюцца прыкладам самаахвярнага служэння дзяржаве, яе грамадзянам і закону.