Віншаванне паралімпійцам з 20-годдзем стварэння Паралімпійскага камітэта Рэспублікі Беларусь

    Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь, Прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта Аляксандр Лукашэнка павіншаваў паралімпійцаў з 20-годдзем стварэння Паралімпійскага камітэта Рэспублікі Беларусь.

    "Ідэалы і каштоўнасці паралімпійскага спорту аб'ядноўваюць людзей мужных, мэтанакіраваных, якія паверылі ў сябе і змаглі пераадолець сваю немач. Асабістым прыкладам яны паказваюць, наколькі бязмежныя рэзервы чалавека і як упартасць і сіла волі робяць цуды", - гаворыцца ў віншаванні.

    Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў краіне па праву ганарацца высокімі дасягненнямі спартсменаў-паралімпійцаў на міжнародных арэнах, іх паспяховыя выступленні натхнілі многіх людзей з абмежаванымі магчымасцямі здароўя, і з кожным годам яны ўсё больш далучаюцца да заняткаў фізічнай культурай, спортам і да здаровага ладу жыцця.

    "Сёння сярод прыярытэтных задач Паралімпійскага камітэта Беларусі - фарміраванне спартыўнай інфраструктуры і безбар'ернага асяроддзя на спартыўных аб'ектах, а таксама падрыхтоўка нашых спартсменаў да летніх Паралімпійскіх гульняў у Рыа-дэ-Жанэйра", - падкрэсліў Прэзідэнт.

    Аляксандр Лукашэнка пажадаў спартыўнай дэлегацыі Беларусі паспяховага выступлення, а ўсім удзельнікам паралімпійскага руху - рэалізацыі сваіх бязмежных магчымасцей і выдатных перамог.