Віншаванне народу Славакіі з нацыянальным святам

    Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ад імя беларускага народа і сябе асабіста павіншаваў народ Славакіі з нацыянальным святам - Днём утварэння Рэспублікі.

    "Заснаваныя на даверы традыцыйна дружалюбныя кантакты паміж Беларуссю і Славакіяй доўгія гады паспяхова развіваліся. Такія партнёрскія адносіны садзейнічалі працвітанню нашых дзяржаў і павышэнню дабрабыту насельніцтва", - гаворыцца ў віншаванні.

    Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў гатоўнасць Мінска да аднаўлення паўнацэннага дыялогу на прынцыпах узаемнай павагі і падтрымкі, мірнай і стваральнай працы з Браціславай.

    "У нас вельмі шмат сфер узаемнага інтарэсу: сельская гаспадарка, прамысловая кааперацыя, гандаль, інвестыцыі, навука і адукацыя, культура і спорт. Разам мы можам дасягнуць значна больш", - заўважыў беларускі лідар.

    Аляксандр Лукашэнка пажадаў усім жыхарам Славакіі мірнага неба, стабільнасці і ўпэўненасці ў заўтрашнім дні.